Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.11.2017

У НАН Беларусі адбыліся выбары новых правадзейных членаў (акадэмікаў) і членаў-карэспандэнтаў

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падвяла вынікі выбараў новых правадзейных членаў (акадэмікаў) і членаў-карэспандэнтаў. Выбары адбыліся ў час сесіі Агульнага сходу НАН Беларусі 16 лістапада 2017 года. На 13 вакансій акадэмікаў і 31 вакансію членаў-карэспандэнтаў прэтэндавалі 29 і 104 кандыдаты адпаведна.

Самы вялікі конкурс адзначаны сярод кандыдатаў на званне акадэміка па спецыяльнасці "Матэрыялазнаўства" (дзевяць чалавек на месца). Сярод кандыдатаў на званне члена-карэспандэнта найбольш прэтэндэнтаў было па спецыяльнасці "Машынабудаванне" (дзесяць чалавек на месца).

У выніку тайнага галасавання абрана 5 правадзейных членаў (акадэмікаў) і 22 члены-карэспандэнты.

Акадэмікамі сталі: Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Аляксандр Кільчэўскі, дырэктар РУП “Інстытут ільну” НАН Беларусі Іван Голуб, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі” Аляксандр Лукашанец, намеснік дырэктара па навуковай рабоце ДНУ “Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі” Уладзімір Кульчыцкі, дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі. Сярэдні ўзрост абраных акадэмікаў - 64 гады.

Сярод 22 абраных членаў-карэспандэнтаў - намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве” Эрома Урбан, Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк, цэлы шэраг вядомых вучоных- медыкаў, у тым ліку - акадэмік-сакратар Аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі Мікалай Сердзючэнка, дырэктар ГУ “ГНПЦ пульманалогіі і фтызіяторыі” Генадзій Гурэвіч, кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак Алег Румо.

Сярэдні ўзрост абраных членаў-карэспандэнтаў - 57 гадоў.

Выбары акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі праводзяцца адзін раз у 2,5-3 гады ў межах існуючых вакансій па спецыяльнасцях, якія зацвярджаюцца Прэзідыумам НАН Беларусі.

16 лістапада 2017 года ў НАН Беларусі адбылася сесія Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У яе рабоце прынялі ўдзел каля пяцісот прадстаўнікоў акадэмічнай, вузаўскай, галіновай навукі, члены Прэзідыума НАН Беларусі, вышэйшыя службовыя асобы, прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, вядучыя вучоныя краіны. На парадку дня сесіі - выбары правадзейных членаў (акадэмікаў), членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі і замежных членаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Спіс новых правадзейных членаў (акадэмікаў) і членаў-карэспандэнтаў