Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.02.2018

У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылося пасяджэнне круглага стала “Беларуская мова і бізнес”

У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа ў рамках Тыдня роднай мовы адбылося пасяджэнне круглага стала “Беларуская мова і бізнес”. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі бізнесу, рэкламных агенцтваў, Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання і інш. У ходзе круглага стала прысутныя абмеркавалі перспектывы прымянення нацыянальнай мовы як важнага фактару рэкламнай дзейнасці кампаніі, тэрміналагічную базу рэкламы, пытанні бізнесу і моўнай палітыкі, бізнесу і нацыянальнага кнігавыдання і шэраг іншых пытанняў.

Асабліва абмяркоўвалася тэма пісьменнасці пры складанні рэкламных матэрыялаў. У сувязі з гэтым цяпер актуалізуецца ініцыятыва стварэння экспертнай камісіі, якая будзе аналізаваць рэкламу, праводзячы лінгвістычную экспертызу. “Задача лінгвістычнай экспертызы – на базе аб’ектыўных крытэрыяў, заснаваных на існуючых у дзяржаўных мовах лексічных, граматычных, арфаграфічных, пунктуацыйных, стылістычных нормах, ацаніць правільнасць напісання рэкламнага тэксту на стадыі яго падрыхтоўкі, праверыць яго жанрава-стылістычную адпаведнасць і адпаведнасць літаратурным нормам мовы”, - сказаў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў. Гэтую ініцыятыву неабходна рэалізоўваць на ўзроўні ўнясення змяненняў у заканадаўства аб рэкламе. У цяперашні час ствараецца адпаведная рабочая група. Прыняцце такога дакумента на заканадаўчым узроўні дазволіла б больш строга патрабаваць выканання адпаведных норм.

Загадчык сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Уладзімір Кошчанка пазначыў праблему падрыхтоўкі законапраекта аб геаграфічных назвах на беларускай мове, бо ў дадзены час назіраюцца праблемы з аднастайнасцю афармлення шыльдаў з назвамі вуліц. Асабліва востра гэта праблема стаіць у сталіцы, адзначыў навуковец.