Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.03.2018

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа прэзентавалі серыю “Нарысы гісторыі культуры Беларусі”

22 сакавіка 2018 года Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы арганізавалі ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі прэзентацыю серыі “Нарысы гісторыі культуры Беларусі” ў 4 тамах (пад навуковай рэдакцыяй акадэміка НАН Беларусі Аляксандра Іванавіча Лакоткі). Серыя выйшла ў выдавецтве “Беларуская навука”. Таксама была прэзентавана кніга кандыдата гістарычных навук Валянціны Мікалаеўны Бялявіной і доктара гістарычных навук Любові Васільеўны Ракавай “Беларускі касцюм”, надрукаванай выдавецтвам “Беларусь”.

У чатырохтомным фундаментальным выданні “Нарысы гісторыі культуры Беларусі” адлюстравана гісторыя культуры Беларусі ад эпохі сярэднявечча да нашых дзён. Гэта выданне стала вынікам шматгадовай працы вучоных Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. Першы том серыі прысвечаны пытанням паходжання, фарміравання і развіцця дваранскай культуры XIV – пачатку ХХ ст. У другім томе разглядаюцца асаблівасці эвалюцыі культуры беларускага горада ў Х – пачатку XX ст. Трэці том складаецца з дзвюх кніг, у якіх асвятляюцца асаблівасці эвалюцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускай вёскі ХIV – пачатку ХХ ст. Завяршае серыю чацвёрты том, дзе аналізуюцца этапы эвалюцыі, тэндэнцыі і вопыт айчыннай архітэктуры, прафесійнага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, традыцыйных мастацкіх рамёстваў, экранных мастацтваў, музычнага і тэатральнага мастацтва ХХ – пачатку ХХІ ст. Такое даследаванне не мае аналагаў і з’яўляецца фундаментальнай асновай для навуковага суправаджэння дзяржаўнай палітыкі развіцця нацыянальнай культуры.

Абагульняючая праца этнолагаў В.М. Бялявіной і Л.В. Ракавай “Беларускі касцюм” упершыню раскрывае гістарычнае развіццё касцюма ўсіх асноўных сацыяльна-саслоўных груп гарадскога і сельскага насельніцтва Беларусі з ранняга сярэднявечча да сучаснасці. Да нядаўняга часу пад касцюмам беларусаў разумеўся толькі традыцыйны касцюм сялян, у той час як велізарны пласт культуры магнатаў, шляхты і гараджан заставаўся за рамкамі інтарэсаў даследчыкаў. У сувязі з гэтым даследаванне В.М. Бялявіной і Л.В. Ракавай з’яўляецца вельмі цікавым і запатрабаваным. Аўтарамі сабраны і прааналізаваны з новых метадалагічных пазіцый велізарны факталагічны матэрыял, значная частка якога ўпершыню ўведзена ў навуковае абарачэнне. Кніга багата праілюстравана творамі мастацтва ХVI – ХIХ стст. і фотаздымкамі ХIХ-ХХ стст.

Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава, прысвечаная гісторыі беларускага касцюма, развіццю ткацтва, вышыўкі і іншых прыкладаў мастацкага аздаблення адзення. На выставе была прадстаўлена магчымасць таксама пазнаёміцца з апошнімі і найбольш цікавымі выданнямі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, прысвечанымі пытанням беларускай традыцыйнай культуры, сялянскай і гарадской, духоўнай культуры беларусаў.

На мерапрыемства былі запрошаны кіраўніцтва Прэзідыума НАН Беларусі, Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, Выдавецкага дома “Беларуская навука”, выдавецтва “Беларусь”, прадстаўнікі ВНУ і сродкаў масавай інфармацыі.