Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.09.2018

У Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі прайшоў першы ў Беларусі Фестываль навукі

На шырокую праграму мерапрыемства, разлічаную на 10 тысяч чалавек, якое праходзіць у Дзень горада, у Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі сабраліся наведвальнікі розных інтарэсаў і узростаў. Былі арганізаваны некалькі лекцыйных пляцовак, на якіх можна было праслухаць навукова-папулярныя выступленні па тэмах нейранавукі, фізікі, біялогіі, псіхалогіі, лінгвістыкі і іншых навук. З тэматычнымі блокамі лекцый выступілі адукацыйныя праекты “15х4”, “TEDxYOUTH”, “Навука па-за сабой”, “Масаракш”.

Каля галоўнага ўваходу ў батанічны сад арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі разгарнулі выставу і расказалі наведвальнікам аб сваёй дзейнасці. Асобна была прадстаўлена касмічная зона, у якой таксама прайшлі тэматычныя лекцыі і майстар-класы ад Мінскага планетарыя, выстава фота і дэманстрацыя стартапа “Айкумена”. Таксама гэтую зону наведалі касманаўты, якія прыехалі ў Мінск на XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.

У рамках робазоны былі прадстаўлены “Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі” і школы робататэхнікі “Стэмлаб”, “Адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій” і “Школа лічбавых тэхналогій” з экспанатамі і майстар-класамі падчас якіх дзеці маглі вырабіць, запраграмаваць і кіраваць рознымі робатамі.

Вельмі шырокай стала забаўляльная зона, у якой праходзілі навуковыя шоу, майстар-класы, дэманстраваліся інтэрактыўныя экспанаты мінскіх музеяў навукі: “Эксперыментус”, “Элемента”, “Квантум”, адукацыйнага праекта “Разумны Мінск” і факультэта фізікі БДУ.

У зоне археалогіі кожны змог паспрабаваць сябе ў ролі археолага, для гэтага тут былі арганізаваны некалькі палігонаў для раскопак, а таксама выстава археалагічных артэфактаў.

Спецыяльным госцем стаў Усерасійскі Фестываль навукі NAUKA 0+, які прадставіў купальны кінатэатр з праграмай фільмаў аб навуцы і космасе, а таксама экспазіцыю Сунгір, прысвечаную адной з самых старажытных стаянак чалавека, з дэманстрацыяй фільмаў у віртуальнай рэальнасці і рэканструкцыяй старажытнага жылля. Таксама NAUKA 0+ прывезла з сабой робатаў праекта “Бал робатаў”.

Свае зоны з насычанай праграмай прадставілі Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі, Цэнтральная навуковая бібліятэка і Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка. Таксама на фестывалі юныя наведвальнікі мелі магчымасць павесяліцца ў дзіцячай зоне, якую арганізаваў праект “Маленькая тусоўка”.

Акрамя таго быў арганізаваны тэст-драйв электратранспарту ад завода “Оптрон” і многія іншыя актыўнасці.

Падрабязны рэпартаж з мерапрыемства глядзіце ў нашых сацыяльных сетках.

#scifest Фестиваль Науки - 2018 в Центральный ботанический сад НАН Беларуси

Опубликовано Национальная академия наук Беларуси Суббота, 8 сентября 2018 г.