Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.10.2018

У Інстытуце фізікі пачала работу Першая Міжнародная канферэнцыя “Опта-, мікра- і ЗВЧ-электроніка – 2018”

23 кастрычніка 2018 года ў Вялікай канферэнц-зале Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава адбылося адкрыццё Першай Міжнароднай навукова-тэхнічнай канферэнцыі “Опта-, мікра- і ЗВЧ-электроніка – 2018”. Форум прысвечаны 90-годдзю НАН Беларусі.

У рабоце канферэнцыі бяруць удзел супрацоўнікі навукова-даследчых арганізацый, вышэйшых навучальных устаноў і прамысловых прадпрыемстваў Беларусі, Расіі, Малдовы.

У складзе прадстаўнічай дэлегацыі Расіі: навуковыя арганізацыі Расійскай акадэміі навук (Інстытут фізікі паўправаднікоў імя А.В. Ржанова, Інстытут радыётэхнікі і электронікі імя В.А. Кацельнікава, Казанскі фізіка-тэхнічны інстытут, Навукова-даследчы інстытут сістэмных даследаванняў, НТЦ мікраэлектронікі РАН); вышэйшыя навучальныя ўстановы (Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. В.Ламаносава, Нацыянальны даследчы ядзерны ўніверсітэт “МІФІ”, Калужскі дзяржаўны ўніверсітэт імя К.Э. Цыялкоўскага, НТЦ “Інтэгральная радыёфатоніка” МІРЭ РТУ) і прадпрыемствы (АТ “НВП “Выток” імя Шокіна”, ЗАТ “НТО”, ТАА “ІТР”).

У рабоце канферэнцыі будуць абмяркоўвацца такія актуальныя напрамкі як: мікраэлектронныя, оптаэлектронныя і валаконна-аптычныя датчыкі і сістэмы, фотапрымальнікі і сістэмы тэхнічнага гледжання, святлодыёдныя прылады, ЗВЧ прылады і сістэмы, радыяцыйна-ўстойлівыя мікраэлектронныя прылады і сістэмы, электронныя матэрыялы і тэхналогіі, мадэляванне тэхналагічных працэсаў і прыбораў, прыборы на квантавых эфектах, абсталяванне для вытворчасці, тэхналагічнага кантролю і выпрабаванняў вырабаў.