Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.10.2018

Навуковыя выданні, прысвечаныя Першай сусветнай вайне прэзентавалі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі

Новыя навуковыя выданні прэзентавалі 25 кастрычніка 2018 г. на міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларусь у полымі Першай сусветнай вайны (да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны)” у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Сярод прэзентуемых кніг – шасцітомнік “Першая сусветная вайна 1914-1918 гадоў”. Выданне падрыхтавана расійскімі калегамі пры ўдзеле беларускіх навукоўцаў і ўяўляе сабой шматтомную працу аб Першай сусветнай вайне, у якой сістэматызаваны ўсе навуковыя веды на дадзеную тэму.

Таксама была прэзентавана кніга вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Міхаіла Смальянінава “Беларусь у Першай сусветнай вайне 1914-1918”. У дадзенай працы падрабязна асветлены баявыя дзеянні, мабілізацыя, акупацыйны рэжым, становішча насельніцтва ў гады вайны.

Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларусь у полымі Першай сусветнай вайны (да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны)” праходзіць у Беларусі 25-26 кастрычніка. У першы дзень канферэнцыі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі запланавана пленарнае пасяджэнне канферэнцыі, якое наведаюць прадстаўнікі беларускага парламента, пасольстваў ЗША і ФРГ, Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы. З навуковымі дакладамі па праблемах гісторыі Першай сусветнай вайны выступяць вучоныя з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Францыі. Арганізаваны выставы “Першая сусветная вайна. Агульная гісторыя. Агульная памяць саюзнікаў па зброі” і “Першая сусветная вайна ў амерыканскім плакаце”. 26 кастрычніка навуковая канферэнцыя працягне сваю працу ў Смаргоні.