Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

31.10.2018

У НАН Беларусі дадзены старт 11-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі

31 кастрычніка 2018 года на пашыраным пасяджэнні Бюро Прэзідыума НАН Беларусі з удзелам кіраўнікоў арганізацый дадзены ўрачысты старт адзінаццатай Беларускай антарктычнай экспедыцыі. У гэтым годзе на лядовы кантынент адправяцца восем удзельнікаў. Членаў экспедыцыі чакае нялёгкая праца па нарошчванні будаўніцтва ўласнага дома на берагах Антарктыкі – Беларускай антарктычнай станцыі “Гара Вячэрняя”.

У экспедыцыю ад’язджаюць спецыялісты, якія ўжо пабывалі ў Антарктыдзе і пачаткоўцы. 6 членаў экспедыцыі – навуковыя супрацоўнікі арганізацый НАН Беларусі: Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, Інстытута фізікі, ДНВА “НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах”, а таксама Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы БДУ. Склад экспедыцыі: Аляксей Гайдашоў – начальнік экспедыцыі, Дзмітрый Лукашанец – вядучы спецыяліст, намеснік начальніка экспедыцыі, Сяргей Байкоў – інжынер-метэаролаг, Уладзіслаў Базылевіч – інжынер-радыёметрыст, Артур Івашка – інжынер-механік па эксплуатацыі машын і механізмаў, Сяргей Сухараў – урач-хірург, Аляксей Хаткевіч – інжынер-механік дызель-электрастанцыі і Аляксандр Лянкевіч – электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання.

У ходзе 11-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі сезона 2018-2019 г.г. трэба будзе даставіць больш за 100 тон грузу: будаўнічых канструкцый, модуляў, матэрыялаў, паліва і іншых неабходных рэчаў для забеспячэння жыццядзейнасці станцыі. Беларускім палярнікам трэба будзе не толькі прыняць груз, правесці ўстаноўку модуляў, забяспечыць іх увод у рабочы стан, але і выканаць вялікі комплекс навуковых даследаванняў у адпаведнасці з праграмай. Менавіта для гэтага ў Антарктыду і накіроўваецца 8 чалавек. Першыя ўдзельнікі экспедыцыі адправяцца ўжо 4 і 8 лістапада 2018 года (5 чалавек). Ім трэба будзе падрыхтаваць станцыю да прыёму расійскага навуковага судна з абсталяваннем і пачаць будаўнічыя і навуковыя даследаванні ў рамках заданняў дзяржаўнай праграмы па асваенні Антарктыды.

Як адзначыў, выступаючы на пасяджэнні, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў: “Мы паслядоўна рухаемся ў напрамку асваення Антарктыкі – ад далучэння да Дамовы аб Антарктыцы ў 2006 годзе, заключэння Пагаднення аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі ў 2013 годзе да членства ў Савеце кіраўнікоў нацыянальных антарктычных праграм (КОМНАП) у 2015 годзе. У 2018 годзе Рэспублiка Беларусь стала асацыіраваным членам Навуковага камітэта па вывучэнні Антарктыкі (СКАР). Рыхтуюцца дакументы для ўзгаднення Рэспубліцы Беларусь статусу Кансультатыўнага Боку Дамовы аб Антарктыцы”.

Кіраўнік НАН Беларусі выказаў упэўненасць, што дзеянні і паслядоўныя крокі беларускага боку будуць у поўнай меры адзначаны сусветнай антарктычнай супольнасцю, і на рубяжы дваццатых гадоў цяперашняга стагоддзя Рэспубліка Беларусь стане паўнапраўным удзельнікам міжнароднага антарктычнага калектыву па даследаванні і выкарыстанні палярных раёнаў Зямлі – атрымае статус Кансультатыўнага боку Дамовы аб Антарктыцы.