Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.11.2018

У НАН Беларусі абмеркавалі чарговы этап беларуска-расійскіх даследаванняў па тэматыцы штучнага інтэлекту

Чарговыя мерапрыемствы па тэматыцы штучнага інтэлекту адбыліся 27 лістапада 2018 г. у НАН Беларусі. У рамках мерапрыемстваў у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прайшоў расійска-беларускі навукова-практычны семінар па праблемах рэалізацыі падыходаў фармалізаванай семантыкі ў сістэмах штучнага інтэлекту.

З расійскага боку ў семінары прынялі ўдзел: Г.С. Осіпаў, дырэктар Інстытута праблем штучнага інтэлекту Федэральнага даследчага цэнтра “Інфарматыка і кіраванне” РАН, Прэзідэнт Расійскай асацыяцыі штучнага інтэлекту; В.Ф. Задняпроўскі – в.а. намесніка дырэктара ІПІІ ФІЦ ВУ РАН; С.К. Слівінскі, генеральны дырэктар ФГУП ВЭО “Ліцэзінторг”; А.Ю. Мамроў, эксперт ФГУП ВЭО “Ліцэзінторг”. Беларускі бок быў прадстаўлены наступнымі вучонымі-спецыялістамі: С.П. Віцязь, намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; А.М. Гардзей, галоўны навуковы супрацоўнік ЦСАСІ; група спецыялістаў ЦСАСІ і АІПІ.

Па выніках гадавога этапу работ і праведзенага семінара былі сфармуляваны прапановы па развіцці супрацоўніцтва і працягу даследаванняў, уключаючы падрыхтоўку праекта ў рамках праграм Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Унесеныя прапановы прайшлі абмеркаванне на нарадзе ў Прэзідыуме НАН Беларусі, якое правёў кіраўнік апарату НАН Беларусі акадэмік П.А. Віцязь. На нарадзе таксама прысутнічалі: М.Л. Хейфец, намеснік акадэміка-сакратара аддзялення фізіка-тэхнічных навук; С.А. Залатой, дырэктар прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы” НАН Беларусі; С.А. Караняка, загадчык аддзела сумесных праграм касмічных і інфармацыйных тэхналогій АІПІ; С.Д. Пісарэўскі, начальнік аддзела інфармацыйных сістэм ГІС; А.С. Смугалёў, начальнік аддзела планавання палёту і забеспячэння кіравання БКА ГІС; А.А. Успенскі, загадчык аддзела “Рэспубліканскі цэнтр трансферу тэхналогій” ЦСАСІ; спецыялісты ГІС, ЦСАСІ, АІПІ. У ходзе нарады былі прынцыпова ўзгоднены канцэптуальныя палажэнні падрыхтаванага праекта ў складзе праграм Саюзнай дзяржавы, мэтай якога намечана інтэлектуальнае інфармацыйнае забеспячэнне навукова-тэхнічнай, інавацыйнай дзейнасці Саюзнай Дзяржавы.

Згаданыя мерапрыемствы праводзяцца ў рамках сумесных беларуска-расійскіх даследчых работ (з 2016 г.) у напрамку практычнай рэалізацыі канцэптуальных палажэнняў навуковай школы вядомага беларускага лінгвіста Віктара Уладзіміравіча Мартынава, стваральніка Універсальнага семантычнага кода (УСК, цыкл работ 1974-2009 гг.), аднаго з заснавальнікаў (1989 г.) і ўдзельнікаў Савецкай асацыяцыі штучнага інтэлекту. У ліку арганізатараў мерапрыемстваў – вучні В.У. Мартынава – А.М. Гардзей, І.М. Бойка, С.П. Віцязь, Ч.Г. Руткоўскі. У падрыхтоўцы мерапрыемстваў таксама прымалі ўдзел А.В. Тузікаў, сукіраўнік Міжведамаснага даследчага цэнтра штучнага інтэлекту, генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі (АІПІ), член-карэспандэнт НАН Беларусі і В.У. Ганчароў, дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі.

Паводле інфармацыі ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай
культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”