Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.02.2019

11 лютага Міжнародны Дзень жанчын і дзяўчынак у навуцы

11 лютага штогод, пачынаючы з 2016 года, па рашэнні ААН адзначаецца Міжнародны дзень жанчын і дзяўчынак у навуцы (International Day of Women and Girls in Science).

Паводле даных Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, у нашай краіне доля жанчын-даследчыкаў складае 39,7% (у тым ліку, сярод кандыдатаў навук – 40,6%, дактароў навук – 18%). Жанчыны-даследчыкі НАН Беларусі складаюць 47,6% ад агульнай колькасці навуковых супрацоўнікаў, што адпавядае парытэтнай прадстаўленасці згодна з планам гендарнай роўнасці Рэспублікі Беларусь. Доля жанчын сярод кандыдатаў навук – 42,8%. Высокая доля жанчын сярод магістрантаў (46,7%) і аспірантаў (55%). Сярод дактарантаў і дактароў жанчыны складаюць 29,6% і 18% ад агульнай колькасці. Прадстаўлены жанчыны і сярод кіруючага складу Акадэміі: яны займаюць пасады кіраўнікоў навуковай арганізацыі (4,3%), сярод намеснікаў кіраўніка па навуковай рабоце – 23,2% жанчын, сярод намеснікаў кіраўніка па навуковай і інавацыйнай рабоце – 19,4%. Больш за ўсё жанчыны прадстаўлены на адміністрацыйнай пасадзе вучонага сакратара – 63,2%.

На думку жанчын, якія займаюць кіруючыя пасады (дырэктара, намесніка дырэктара, вучонага сакратара) у структурных падраздзяленнях НАН Беларусі, якія былі апытаны ў ходзе 40 сацыялагічных інтэрв’ю, паказчыкам паспяховасці з’яўляецца, перш за ўсё, прафесіяналізм. У якасці яго складнікаў былі названы: сфарміраваная навуковая школа, уласны навуковы напрамак, вучні і паслядоўнікі, аспіранты, падрыхтаваныя спецыялісты і кандыдаты навук.

За апошнія 15 гадоў сусветная супольнасць дасягнула значных поспехаў у справе ўключэння жанчын і дзяўчынак у навуку. Згодна са стратэгіяй Еўракамісіі па гендарнай роўнасці, адной з мэт у навуковай дзейнасці з’яўляецца дасягненне мінімум 40% прадстаўленасці кожнага полу ў сферы навукі. Доля жанчын-даследчыкаў у свеце вагаецца ад 15,3% у Японіі да 54,8% у Азербайджане.