Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.06.2019

У НАН Беларусі пройдзе канферэнцыя, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

27-28 чэрвеня 2019 года Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь праводзяць Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Аперацыя “Багратыён” (да 75-годдзя вызвалення Беларусі)”, прысвечаную 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Урачыстае адкрыццё адбудзецца 27 чэрвеня ў 11:00 у вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі (Галоўны корпус НАН Беларусі, пр. Незалежнасці, 66, 2-гі паверх).

У рабоце канферэнцыі прымуць удзел каля пяцісот вядучых вучоных, гісторыкаў, архівістаў з Беларусі, Расіі, Арменіі, Азербайджана, Германіі, Літвы, прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, студэнтаў і курсантаў вышэйшых грамадзянскіх і ваенных навучальных устаноў, грамадскіх дзеячаў, студэнтаў. У рамках канферэнцыі будуць разгледжаны наступныя праблемы: сучасныя падыходы да асвятлення гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: праблемы гістарыяграфіі і крыніцазнаўства; нацысцкая акупацыйная палітыка ў Беларусі; партызанскі рух і падпольная барацьба на акупіраванай тэрыторыі Беларусі; савецкае ваеннае мастацтва ў перыяд вызвалення Беларусі (1943 - 1944 гг.); пачатак аднаўлення народнай гаспадаркі БССР; Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці народа.

27 чэрвеня 2019 года адбудзецца перадача Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі падборкі газеты “Чырвоная Армія”. Перадаваць яе будзе дырэктар нямецкага выдавецтва ENOS Клаўс-Дытэр Цэнтграф.

У рамках форуму будуць дэманстравацца выставы ўнікальных архіўных матэрыялаў, ваеннай літаратуры і тэхнікі. Ва ўнутраным дворыку Акадэміі навук будзе працаваць палявая кухня, дзе можна будзе пакаштаваць салдацкую кашу.

Праграма форуму:

27 чэрвеня 2019 г.
10:00 - праца выстаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, музея Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Падыход да прэсы – 10:40

11:00 – адкрыццё канферэнцыі, пленарнае пасяджэнне (г. Мінск, пр.Незалежнасці, 66. Вялікая канферэнц-зала).
12:20 – выступленне сп-ра Клаўса-Дытэра Цэнтграфа, дырэктара нямецкага выдавецтва ENOS з дакладам на тэму: “Доўгі шлях газеты “Чырвоная Армія”. Урачыстая перадача архіва газеты “Чырвоная Армія” Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
13:00 – палявая кухня з салдацкай кашай (унутраны дворык НАН Беларусі)
27 чэрвеня з 15:00 і 28 чэрвеня 2019 г. з 10:00 – работа секцый