Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.07.2019

Беларускі касмічны апарат - сем гадоў на арбіце

22 ліпеня 2012 года ў 9 гадзін 41 хвіліну па мінскім часе з касмадрома Байканур ракетай “Саюз-ФГ” быў выведзены на арбіту першы беларускі касмічны апарат (БКА) – спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

БКА быў выведзены на арбіту адной ракетай-носьбітам разам з расійскім касмічным апаратам “Канопус-В” № 1, што дазволіла ўпершыню стварыць арбітальную групоўку касмічных апаратаў, якая забяспечвае атрыманне даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (ДЗЗ) высокага прасторавага распазнавання (2,1 метра) для вырашэння комплексу мэтавых задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі.

БКА і створаная на яго аснове Беларуская касмічная сістэма дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі ў цяперашні час працуюць устойліва. Па сваім функцыянальным прызначэнні дадзеная сістэма забяспечвае касмічнай інфармацыяй больш за 20 арганізацый 11 органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі, а таксама выконваецца шэраг замежных кантрактаў на пастаўку касмічных здымкаў і тэхналогій іх апрацоўкі.

Касмічная інфармацыя з БКА выкарыстоўваецца для вырашэння задач нацыянальнай бяспекі, маніторынгу, папярэджання і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый, праектавання, рэканструкцыі і будаўніцтва дарог, абнаўлення зямельна-інфармацыйнай сістэмы, вядзення дзяржаўнага зямельнага кадастру, дэлімітацыі і дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы, у праваахоўнай, прыродаахоўнай і іншых сацыяльна-эканамічных сферах Беларусі.

У выніку высокапрафесійнай работы спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і прадпрыемства-вытворцы спадарожнікаў расійскага прадпрыемства АТ “Карпарацыя “УНДІЭМ” па эксплуатацыі і падтрыманні тэхнічнага стану БКА, тэрмін яго эксплуатацыі на арбіце ўказам Кіраўніка дзяржавы падоўжаны да 2021 года ўключна. З улікам таго, што гарантаваны тэрмін эксплуатацыі спадарожнікаў ДЗЗ, падобных БКА, складае, як правіла, 5 гадоў, функцыянаванне БКА на арбіце да канца 2021 года (працягласць эксплуатацыі складзе 9,5 года) эквівалентна стварэнню і эксплуатацыі яшчэ аднаго аналагічнага спадарожніка.

Выручка ад рэалізацыі вынікаў працы спадарожніка перавышае суму сродкаў, укладзеных у яго стварэнне, што сведчыць аб эканамічнай эфектыўнасці праекта. Беларускі спадарожнік за 7 гадоў “зарабіў” больш за 18 мільёнаў долараў, адзняўшы больш за 300 мільёнаў квадратных кіламетраў тэрыторый. Спадарожнік забяспечыў шматразовае пакрыццё тэрыторыі нашай краіны і прыгранічных абласцей з прасторавым распазнаваннем 2,1 метра па заяўках карыстальнікаў розных сфер. Сёння БКА працуе ў складзе арбітальнай групоўкі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі разам з аднатыпнымі расійскімі апаратамі.