Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

14.08.2019

Вучоныя-гісторыкі прынялі ўдзел у прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню археолага

14 жніўня 2019 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя на тэму “Сучасная беларуская археалогія: чаму яна важная для айчыннай навукі і чым можа быць цікавая звычайнаму чалавеку?”.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі ДНУ “Інстытут гісторыі НАН Беларусі”: Вадзім Лакіза, намеснік дырэктара па навуковай рабоце, Вольга Ляўко, загадчык цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі, Станіслаў Юрэцкі, загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства.

Вучоныя-гісторыкі расказалі прадстаўнікам СМІ пра спецыфіку працы археолагаў, новых знаходках, зрабілі акцэнт на важнасці аналізу знаходак археолагаў у якасці матэрыялу для пабудовы навуковых канцэпцый. У прыватнасці, у першым паўгоддзі 2019 года выйшла другое выданне двухтомніка “Славяне на тэрыторыі Беларусі ў дадзяржаўны перыяд”. У ім прадстаўлены новыя археалагічныя помнікі ранніх славян (з IV стагоддзя), якія выяўлены ў паўднёвай частцы Беларусі, расказваецца пра славянскія паселішчы канца IV–V стагоддзя і VI–пачатку VII стагоддзя. Асаблівая ўвага ў кнізе ўдзяляецца важнаму археалагічнаму помніку таго часу каля вёскі Кардон Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці, які даследуецца з 2016 года.

Фота С. Дубовік, газета Навука