Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.09.2019

Каля 80 найноўшых распрацовак прадстаўляе НАН Беларусі на міжнароднай выставе “ТэхІнаПрам”

На 22-ай Міжнароднай выставе тэхналогій і інавацый у прамысловасці “ТэхІнаПрам” (17-20 верасня 2019 года, г. Мінск), якая праходзіць у рамках Беларускага прамыслова-інвестыцыйнага форуму, навуковыя арганізацыі НАН Беларусі прадстаўляюць каля васьмідзесяці інавацыйных распрацовак і тэхналогій для прамысловасці.

Дзяржаўнае навукова-вытворчае аб’яднанне парашковай металургіі НАН Беларусі дэманструе адытыўныя тэхналогіі вырабу дэталяў складанай формы па трохмернай камп’ютарнай мадэлі шляхам паслядоўнага нанясення матэрыялу. На думку распрацоўшчыкаў, дадзеныя тэхналогіі могуць з поспехам прымяняцца ў аэракасмічнай прамысловасці, у вытворчасці дэталяў авіяцыйнага рухавіка або іх кампанентаў, у вырабе медыцынскіх імплантатаў і інструментаў, а таксама ў сістэмах астуджэння мікраэлектронікі. Спецыялісты аб’яднання прадстаўляюць і новы спосаб зваркі без плаўлення матэрыялу – гэта зварка трэннем з перамешваннем. Зварка трэннем з перамешваннем (СТП) з’яўляецца новым спосабам зваркі трэннем, які ажыццяўляецца без плаўлення матэрыялаў вярчальным інструментам. Перавагамі новага метаду ў параўнанні з традыцыйнай зваркай з’яўляецца адсутнасць гарачых, халодных трэшчын, магчымасць зваркі цяжказварваемых матэрыялаў, у тым ліку ў розных спалучэннях. Зварка трэннем з перамешваннем дазволіць знізіць энергаспажыванне, працягласць вытворчага цыклу, кошт 1 пагоннага метра шва, а таксама рэшткавыя дэфармацыі і напружанні.

Вучоныя Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распрацавалі макет модульнай устаноўкі ачысткі вады, якая прызначана для ачысткі пітной і тэхналагічнай вады ад іонаў таксічных металаў, радыенуклідаў, злучэнняў Fe2 + і Mn2 +, калоідных і механічных прымесей. Яе асноўныя перавагі: высокая хуткасць фільтрацыі вады - да 20 м/г у параўнанні з традыцыйнымі матэрыяламі (10-15 м/г), магчымасць рэгулявання pH ачышчанай вады і інш.

Сярод распрацовак ИІнстытута прыкладной фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – партатыўны радар, які можа ўжывацца ў будаўніцтве. Прыбор прызначаны для візуалізацыі структуры будаўнічых канструкцый: выяўлення пустот, арматуры ў бетоне, трэшчын, ацэнкі глыбіні іх залягання і прыблізных геаметрычных памераў, ацэнкі таўшчыні сцен пры аднабаковым доступе.

У Інстытуце тэхнічнай акустыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распрацаваны ультрагукавы апарат для зваркі палімерных матэрыялаў. Ён прызначаны для ультрагукавой зваркі дэталяў з палімераў, у тым ліку зваркі буйнагабарытных дэталяў, а таксама дэталяў, размешчаных у цяжкадаступных месцах і інш.

Беларускі прамыслова-інвестыцыйны форум праходзіць у Мінску 17-20 верасня 2019 года. Гэта адзін з найбуйнейшых выставачных праектаў у СНД, які аб’ядноўвае некалькі міжнародных спецыялізаваных выстаў у галіне навукова-тэхнічнага развіцця і сучасных тэхналогій – “ТэхІнаПрам”, “Прафзварка”, “Хімія. Нафта і газ”, “Пластэх”. Падчас мерапрыемства таксама пройдуць беларуска-японскі і беларуска-славацкі эканамічныя форумы, індыйска-беларускі дзелавы і тэхналагічны форум. Для азнаямлення з экспартным патэнцыялам Беларусі і пашырэння супрацоўніцтва ўдзел у форуме запланавалі дэлегацыі Германіі, Венгрыі, Індыі, Кыргызстана, Малдовы, Польшчы, Партугаліі, Славакіі, Украіны, Расіі.

Фота М. Гулякевіч, газета “Навука”


Тэгi
#выставы