Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.11.2019

У НАН Беларусі пройдзе конкурсны адбор маладых вучоных для ўдзелу ў фінальным этапе праекта “100 ідэй для Беларусі”

29 лістапада 2019 г. (пятніца) у 14:00 у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (пр. Незалежнасці, 66, 1 паверх) адбудзецца конкурсны адбор маладых вучоных НАН Беларусі для ўдзелу ў фінальным этапе праекта “100 ідэй для Беларусі”. Конкурсны адбор будзе праводзіцца ў выглядзе выставы і абароны маладзёжных інавацыйных праектаў з вусным выступленнем і прэзентацыяй.

На выставе будзе прадстаўлена каля 30 лепшых інавацыйных праектаў маладых вучоных у розных сферах. Гэта – інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі; аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць; бія- і нанаіндустрыі; медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка; рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў; грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера; прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць і г.д.

Сярод маладзёжных праектаў НАН Беларусі, якія будуць прадстаўлены на выставе – 3D друк біялагічна сумяшчальнымі гідрагелямі, тэхналогія банкіравання алагенных дэндрытных клетак для прымянення ў лячэнні анкалагічных захворванняў; электронны вызначальнік рыб Беларусі, камп’ютарнае мадэляванне новых лекавых прэпаратаў, дыстанцыйнае аўтаматычнае картаграфаванне палягання збожжавых культур і інш.

Ва ўдзельнікаў конкурснага адбору будзе толькі тры хвіліны, каб абараніць свае праекты перад членамі экспертнага Савета, у які ўвойдуць вядучыя вучоныя НАН Беларусі і прадстаўнікі ЦК ГА “БРСМ”.

Згодна з палажэннем аб правядзенні рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі”, зацверджаным пастановай Бюро ЦК ГА БРСМ ад 25 верасня 2019 г. №12, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць свой конкурсны адбор і арганізоўвае навучанне ўдзельнікаў праекта для чацвёртага (фінальнага) этапу.

“100 ідэй для Беларусі” – рэспубліканскі маладзёжны праект “БРСМ”, асноўная задача якога заключаецца ў актывізацыі інавацыйнай дзейнасці і прафесійнай мабільнасці моладзі, стварэнні і прасоўванні канкрэтных інавацыйных праектаў і перспектыўных навукова-тэхнічных распрацовак.