Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Архіў навін 2010 года

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Ліпень 2010 года

31.07.2010

Сёння ў свеце больш чым калі-небудзь адчуваецца патрэба ў сацыяльных навуках

Сусветны даклад па сацыяльных навуках за 2010 годГэта канстатавалі аўтары Сусветнага дакладу па сацыяльных навуках за 2010 год пад назвай "Разрывы ў ведах", падрыхтаванага Міжнародным саветам па сацыяльных навуках (ISSC) па просьбе ЮНЕСКА. Сусветны даклад, афіцыйная прэзентацыя якога адбылася ў мінулым месяцы, уяўляе сабой ўсёабдымны агляд стану сацыяльных навук у свеце за апошнія 10 гадоў, а таксама ўзроўню іх развіцця ў розных краінах. Даклад канстатуе, што сацыяльныя навукі сталі сапраўды глабальнымі, таму што вывучаюцца практычна ва ўсім свеце, а вынікі іх даследаванняў атрымліваюць самае шырокае распаўсюджанне дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям. Колькасць доктарскіх ступеняў па сацыяльных навуках расце больш хуткімі тэмпамі, чым у іншых галінах навукі. Вялікая колькасць спецыялістаў у галіне сацыяльных навук працуе не толькі як выкладчыкі і даследчыкі ва ўніверсітэтах, але таксама ў органах дзяржаўнага кіравання, на прыватных прадпрыемствах або ў якасці незалежных экcпертаў. Сёння ў свеце больш чым калі-небудзь адчуваецца патрэба ў сацыяльных навуках, неабходных для пошуку рашэння сучасных праблем чалавецтва - галечы, эпідэмій, змянення клімату. Менавіта з-за адрозненняў у здольнасці дзяржаў наладзіць навуковую працу сацыяльныя навукі не ў стане знайсці належны адказ на гэтыя праблемы, прычым гэтыя навукі найменш развітыя менавіта там, дзе ў іх ёсць самая вострая патрэба. Даклад адзначае таксама наяўнасць процілеглых па характары тэндэнцый у развіцці сацыяльных навук у розных рэгіёнах свету. У прыватнасці, хоць на Паўночную Амерыку і Еўропу па-ранейшаму прыпадае 75% апублікаваных ва ўсім свеце часопісаў, 85% з якіх поўнасцю або часткова выдаюцца на англійскай мове, сацыяльныя навукі ўмацоўваюць свае пазіцыі ў Лацінскай Амерыцы і Азіі. Так, у Бразіліі за апошнія 10 гадоў колькасць вучоных у галіне сацыяльных навук амаль патроілася, а ў Кітаі бюджэтныя асігнаванні на сацыяльныя і гуманітарныя навукі пачынаючы з 2003 года штогод павялічваюцца на 15-20%. Самы хуткі рост колькасці апублікаваных артыкулаў назіраецца ў Лацінскай Амерыцы і Еўропе, а ў цэлым па свеце найбольшая колькасць публікацый прыпадае на эканоміку і псіхалогію.


30.07.2010

Джын з прабіркі

СБ-Беларусь СегодняПад такім загалоўкам у сённяшнім нумары газеты "Савецкая Беларусія" апублікавана інтэрв'ю з загадчыкам лабараторыі мадэлявання генетычных працэсаў Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кіраўніком Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтра біябяспекі, доктарам біялагічных навук С.Я. Драмашкам. Газета папрасіла акадэмічнага вучонага ўзяць на сябе ролю трацейскага суддзі і пракаменціраваць некаторыя пытанні аб выкарыстанні генна-мадыфікаваных прадуктаў і ДНК-тэхналогій, якія непакояць яе чытачоў. Падрабязнасці тут.


29.07.2010

Зацверджаны план работы Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на II паўгоддзе 2010 года

Прэзідыум НАНБПастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 22 ліпеня 2010 г. №54 зацверджаны план работы Прэзідыума НАН Беларусі на II паўгоддзе 2010 года. На пасяджэннях Прэзідыума будуць разгледжаны чаканыя вынікі работы за 2006-2010 гг. і задачы па рэалізацыі асноўных напрамкаў навуковай і інавацыйнай дзейнасці НАН Беларусі на 2011-2015 гг.; папярэднія вынікі выканання дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм на 2006-2010 гг., дзяржаўным заказчыкам якіх з'яўляецца НАН Беларусі, і вынікі ацэнкі выкарыстання пры іх выкананні вынікаў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў; стратэгія развіцця айчыннага машынабудавання на перыяд да 2020 года. Запланаваны таксама сумеснае пасяджэнне Прэзідыумаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі навук; разгляд пытання аб стане, умацаванні і эфектыўным выкарыстанні матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый НАН Беларусі, ацэнцы ўзроўню вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак, атрыманых з выкарыстаннем навуковага абсталявання, набытага арганізацыямі і цэнтрамі калектыўнага карыстання ў 2006-2010 гг.; стварэнне пры НАН Беларусі сеткі навуковых саветаў і камісій па найважнейшых навуковых, навукова-тэхнічных і сацыяльна-эканамічных праблемах; зацвярджэнне дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў на 2011-2015 гады і планаў работ па праграмах на 2011 год.


28.07.2010

Падпісаны Закон Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўных сакрэтах"

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі БеларусьПрэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны Закон Рэспублікі Беларусь ад 19 ліпеня 2010 г. №170-З "Аб дзяржаўных сакрэтах", прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 23 чэрвеня 2010 г. і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 30 чэрвеня 2010 г. Закон, які ўступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, вызначае прававыя і арганізацыйныя асновы аднясення звестак да дзяржаўных сакрэтаў, абароны дзяржаўных сакрэтаў, ажыццяўлення іншай дзейнасці ў сферы дзяржаўных сакрэтаў у мэтах забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, згодна з артыкулам 14 да дзяржаўных сакрэтаў могуць быць аднесены звесткі ў галіне навукі і тэхнікі: пра змест дзяржаўных і іншых праграм, канцэпцый па напрамках, што вызначаюць нацыянальную бяспеку Рэспублікі Беларусь; аб правядзенні навукова-даследчых, доследна-тэхналагічных і доследна-канструктарскіх работ у інтарэсах нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Адначасова прызнаны страціўшым сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 1994 г. "Аб дзяржаўных сакрэтах".


28.07.2010

Выйшлі з друку метадычныя рэкамендацыі па стварэнні сістэм менеджменту арганізацыі

Канцэпцыі стварэння сістэм менеджменту арганізацыіПад грыфам Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выйшла ў свет кніга "Канцэпцыі стварэння сістэм менеджменту арганізацыі. Метадычныя рэкамендацыі" (Мінск: БелДІСС, 2010). У 120-старонкавым выданні прыводзяцца асноўныя палажэнні і кароткі змест стандартаў, што ўстанаўліваюць патрабаванні да сістэм менеджменту розных напрамкаў дзейнасці, і стандартаў, што ўстанаўліваюць патрабаванні да менеджменту якасці ў розных галінах эканомікі. Разгледжаны розныя канцэпцыі, тэхналогіі, падыходы, якія знайшлі эфектыўнае прымяненне ў розных галінах эканомікі па ўсім свеце. Прапануюцца мадэлі інтэграваных і адзінай сістэм менеджменту і працэсы іх адаптацыі ў залежнасці ад узроўню сталасці арганізацыі. Разглядаюцца агульныя падыходы да правядзення самаацэнкі арганізацыі. Прыводзяцца тэрміны, азначэнні і скарачэнні, што выкарыстоўваюцца ў галіне менеджменту якасці і сістэмнага менеджменту. Указаны сучасныя кнігі па сістэмнаму менеджменту і менеджменту якасці, якія могуць быць выкарыстаны ў якасці базы ведаў для кіраўнікоў і менеджэраў арганізацый. Метадычныя рэкамендацыі прызначаны для арганізацый любых галін эканомікі, што распрацоўваюць або ўдасканальваюць сістэмы менеджменту арганізацый, аказваюць кансультацыйна-метадычную дапамогу па стварэнні сістэм менеджменту, а таксама навуковых, інжынерна-тэхнічных работнікаў, выкладчыкаў, аспірантаў, студэнтаў адпаведных спецыяльнасцяў. Інфармацыя па пытаннях набыцця дадзенага і іншых выданняў БелДІСС размешчана тут.


27.07.2010

Прыняты Закон Рэспублікі Беларусь аб аб'ектах, што знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі БеларусьПрэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2010 г. №169-З "Аб аб'ектах, што знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы, і відах дзейнасці, на ажыццяўленне якіх распаўсюджваецца выключнае права дзяржавы", прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 10 чэрвеня 2010 г. і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 30 чэрвеня 2010 г. Закон накіраваны на абарону агульнадзяржаўных інтарэсаў у мэтах забеспячэння тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, нацыянальнай, эканамічнай і энергетычнай бяспекі, сацыяльнай абароненасці насельніцтва, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, захавання гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны. Да аб'ектаў, што знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы, у прыватнасці, аднесены аб'екты выкарыстання атамнай энергіі (ядзерныя ўстаноўкі, ядзерныя матэрыялы, адпрацаваўшыя ядзерныя матэрыялы, эксплуатацыйныя радыеактыўныя адходы, пункты іх захоўвання); некаторыя тыпы спецыяльных сродкаў, што знаходзяцца ў гаспадарчым вядзенні або аператыўным кіраванні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама падпарадкаваных ёй дзяржаўных арганізацый; капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), іншыя аб'екты нерухомасці, замацаваныя на праве гаспадарчага вядзення або аператыўнага кіравання за Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, навуковымі арганізацыямі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ажыццяўляюць фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні і распрацоўкі; навуковыя аб'екты, уключаныя ў Дзяржаўны рэестр навуковых аб'ектаў, якія складаюць нацыянальны здабытак. Да відаў дзейнасці, на ажыццяўленне якіх распаўсюджваецца выключнае права дзяржавы, у прыватнасці, аднесены распрацоўка і вытворчасць бланкаў строгай справаздачнасці, рашэнні аб выпуску якіх прыняты Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.


26.07.2010

Працягваецца конкурс "Пяцьдзесят лепшых інавацыйных ідэй для Рэспублікі Татарстан"

Пяцьдзесят лепшых інавацыйных ідэй для Рэспублікі ТатарстанІнвестыцыйна-венчурны фонд Рэспублікі Татарстан і Акадэмія навук Рэспублікі Татарстан абвясцілі прыём заявак на VI рэспубліканскі конкурс "Пяцьдзесят лепшых інавацыйных ідэй для Рэспублікі Татарстан". Конкурс праводзіцца ў намінацыях: "Перспектыва", "Інавацыі ў адукацыі", "Старт інавацый", "Нанаімпульс", "Супрацоўніцтва", "Лепшае вынаходніцтва года", "Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Татарстан", на яго прымаюцца праекты, арыентаваныя на рашэнне праблем навукова-тэхнічнага, эканамічнага, сацыяльнага і гуманітарнага развіцця Рэспублікі Татарстан. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца фізічныя асобы з Рэспублікі Татарстан, рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і замежных краін. У рамках конкурсу праводзіцца адбор праектаў для наступнага парытэтнага фінансавання ў рамках Праграмы інавацыйных праектаў "Ідэя-1000". На гадавы этап рэалізацыі аднаго праекта выдзяляецца фінансаванне на грантовой аснове ў аб'ёме ад 400 тыс. рублёў да 4 млн рублёў у залежнасці ад намінацыі. Конкурс праходзіць у 3 этапы. На распачатым першым этапе, які працягнецца да 15 кастрычніка 2010 г., ажыццяўляецца прыём, рэгістрацыя і папярэдняя экспертыза праектаў на адпаведнасць патрабаванням палажэння аб конкурсе. Больш падрабязна з умовамі конкурсу можна азнаёміцца на сайтах Інвестыцыйна-венчурнага фонду Рэспублікі Татарстан і Рэспубліканскага цэнтра трансферу тэхналогій.


26.07.2010

Апублікаваны чарговы нарыс праекта "Патрыярхі беларускай навукі"

Беларуская думкаВыйшаў з друку ліпеньскі нумар грамадска-палітычнага навукова-папулярнага часопіса "Беларуская думка", у якім апублікаваны новы нарыс спецыяльнага праекта "Патрыярхі беларускай навукі", які ажыццяўляецца рэдакцыяй часопіса пры падтрымцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Чарговы артыкул праекта пад загалоўкам "Даследчык падводнага свету" прысвечаны буйному вучонаму ў галіне экалогіі, заалогіі і гідрабіялогіі акадэміку Л.М. Сушчэні, імя якога цесна звязана з развіццём біялагічнай навукі ў Беларусі. Яму ўдалося аб'яднаць таленавітых вучоных і стварыць у акадэмічнай прасторы новы навукова-даследчы цэнтр - Інстытут заалогіі НАН Беларусі, стаць адным з арганізатараў мінскай гідрабіялагічнай школы, якая дзякуючы сваім наватарскім даследаванням атрымала сусветнае прызнанне.

Творчы праект "Патрыярхі беларускай навукі", прысвечаны выдатным вучоным, якія сімвалізуюць цэлую эпоху ў айчыннай навуцы, стартаваў у красавіцкім нумары часопіса "Беларуская думка" са уступнага артыкула "Гісторыя ў асобах" Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі М.У. Мясніковіча. Па яго словах, цыкл дасць цудоўную магчымасць прадставіць шырокай грамадскасці выдатных вучоных, якія шмат зрабілі і, несумненна, зробяць яшчэ больш для працвітання нашай Радзімы. Першы артыкул цыкла быў прасякнуты тэмай 65-годдзя Перамогі беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Галоўнымі героямі нарыса "Абпаленыя лёсы" сталі акадэмікі І.П. Антонаў, У.С. Камароў і Г.І. Сідарэнка - удзельнікі гераічных бітваў, якія зведалі на сабе ўвесь цяжар ваеннага ліхалецця, а ў мірны час зрабілі унікальныя навуковыя адкрыцці, што прынеслі ім сусветную вядомасць. У майскім нумары часопіса апублікаваны артыкул "Scripta manent - напісанае застаецца", героем якога стаў акадэмік В.У. Гніламёдаў - вучоны і пісьменнік, вядомы сваімі даследаваннямі ў галіне гісторыі, тэорыі і метадалогіі беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі. Залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю навукі дасягненні ганаровага прэзідэнта НАН Беларусі, вынаходлівага фізіка, празорлівага арганізатара, смелага рэфарматара акадэміка М.А. Барысевіча, нарыс пра якога "Шчасце быць карысным" выйшаў у свет у чэрвеньскім нумары часопіса.


25.07.2010

Унесены змяненні і дапаўненні ў некаторыя законы па пытаннях прававой аховы вынаходстваў, карысных мадэляў, прамысловых узораў

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі БеларусьПрэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2010 г. №167-З "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прававой аховы вынаходстваў, карысных мадэляў, прамысловых узораў", прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 10 чэрвеня 2010 г. і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 30 чэрвеня 2010 г. Змяненні і дапаўненні ўнесены ў артыкул 1002 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 1998 г., Закон Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 2002 г. "Аб патэнтах на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры" і накіраваны на ўдасканаленне прававога рэгулявання пытанняў аб тэрмінах дзеяння патэнтаў на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры, аб умовах прадастаўлення прававой аховы гэтым тэхнічным рашэнням, аб атрыманні патэнтаў, спыненні і аднаўленні іх дзеяння, аб выкарыстанні вынаходстваў, карысных мадэляў, прамысловых узораў.


24.07.2010

Зацверджаны комплекс мерапрыемстваў па ўдасканаленні работы лясной гаспадаркі

Дом УрадаЗ мэтай павышэння эфектыўнасці вядзення лясной гаспадаркі і паляпшэння выкарыстання рэсурснага патэнцыялу лясоў і ў адпаведнасці з артыкулам 11 Ляснога кодэксу Рэспублікі Беларусь пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2010 г. №1090 зацверджаны комплекс мерапрыемстваў па ўдасканаленні работы лясной гаспадаркі, разлічаны на 2010-2015 гады. Комплексам мерапрыемстваў, у прыватнасці, прадугледжаны выпрацоўка Міністэрствам лясной гаспадаркі, аблвыканкамамі, Дзяржкаммаёмасці і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі ў 2010-2011 гадах прапаноў аб фарміраванні лесасыравінных баз шляхам стварэння плантацыйных культур са скарочаным абаротам высечкі (не менш за 300 гектараў у год) з мэтай атрымання балансавай драўніны для забеспячэння сыравінай найбольш буйных арганізацый цэлюлозна-папяровай прамысловасці, а таксама прапрацоўка да канца гэтага года пытання аб мэтазгоднасці перадачы ў распараджэнне Міністэрства лясной гаспадаркі ляснога фонду, які знаходзіцца ў падпарадкаванні Мінабароны, Мінадукацыі, МНС, НАН Беларусі, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.


23.07.2010

Зацверджаны прыярытэтныя напрамкі навукова-тэхнічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2015 гады

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі БеларусьВыдадзены Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 2010 г. №378 "Аб зацвярджэнні прыярытэтных напрамкаў навукова-тэхнічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2015 гады". У мэтах канцэнтрацыі дзяржаўных рэсурсаў на рашэнні найбольш значных задач навукова-тэхнічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, Указам Кіраўніка дзяржавы зацверджаны наступныя прыярытэтныя напрамкі навукова-тэхнічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2015 гады: энергетыка і энергазберажэнне; аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасці; прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасці; медыцына, медыцынская тэхніка і тэхналогіі, фармацыя; хімічныя тэхналогіі, нанатэхналогіі і біятэхналогіі; інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі; новыя матэрыялы; рацыянальнае прыродакарыстанне, рэсурсазберажэнне і абарона ад надзвычайных сітуацый; абараназдольнасць і нацыянальная бяспека, а таксама структура гэтых прыярытэтных напрамкаў, якая ўключае 45 макратэхналогій і пералікі крытычных тэхналогій, што іх рэалізуюць. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі даручана прыняць меры па рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў навукова-тэхнічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2015 гады.


22.07.2010

Дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь адзначаны шэраг прадстаўнікоў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі БеларусьЗгодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 ліпеня 2010 г. №370 "Аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь", за высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад развіццё дарожнага будаўніцтва, прамысловасці, адукацыі, аховы здароўя, навукі і культуры шэраг грамадзян нашай краіны ўзнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, медалём "За працоўныя заслугі" узнагароджаны акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Капуцкі Фёдар Мікалаевіч - загадчык аддзела фізікахіміі поліцукрыдаў установы Беларускага дзяржаўнага універсітэта "Навукова-даследчы інстытут фізіка-хімічных праблем". Ганаровае званне "Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь" прысвоена акадэміку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Клубовічу Уладзіміру Уладзіміравічу - галоўнаму навуковаму супрацоўніку дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут тэхнічнай акустыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі". Ганаровае званне "Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь" прысвоена Бярозкінай Наталлі Юр'еўне - дырэктару дзяржаўнай установы "Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі".

Шчыра віншуем з высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі!


21.07.2010

Абноўлены пералік адмiнiстрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца НАН Беларусі і яе арганізацыямі па заявах грамадзян

Пералікі адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца НАН Беларусі і яе арганізацыяміАбноўлены размешчаны на вэб-сайце Пералік адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і арганізацыямі, што знаходзяцца ў яе падпарадкаванні, па заявах грамадзян. Новая рэдакцыя пераліку даступная тут.


21.07.2010

Нам чужога не трэба

Газета РэспублікаПад такім загалоўкам у сённяшнім нумары газеты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліка" апублікавана інтэрв'ю з намеснікам Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмікам У.Р. Гусаковым пра тое, якая сітуацыя склалася ў свеце на рынку харчавання, што можа прапанаваць Беларусь на экспарт і з якімі праблемамі рызыкуе сутыкнуцца. Што трэба ўлічваць нашай краіне пры выхадзе на сусветны рынак? Ці трэба для гэтага неяк мяняць структуру раслінаводства і сельскай гаспадаркі ў цэлым? Якія магчымасці ў нашай краіны ў плане экспарту збожжа? Ці складана прадаць у Еўропу беларускае збожжа? З адказамі акадэміка Гусакова на гэтыя і іншыя пытанні можна азнаёміцца тут.


19.07.2010

Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта Э.І. Тачыцкага (1935-2007)

19 ліпеня 2010 г. спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне матэрыялазнаўства ў машынабудаванні і ў мікраэлектроніцы, фізіцы і тэхналогіі тонкіх плёнак і пакрыццяў, у 1976-1990 гг. загадчыка лабараторыі Інстытута электронікі, з 1990 г. дырэктара Інжынернага цэнтра "Плазматэг" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара Эдуарда Іванавіча Тачыцкага.


19.07.2010

Аб'яўлены рэспубліканскі конкурс кандыдатур для ўстанаўлення персанальных надбавак на 2011 год за выдатны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэспублікі

Мінск, БеларусьУ адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2004 г. №571 "Аб удасканаленні стымулявання працы ў сферы аховы здароўя, навукі, культуры і адукацыі, унясенні змяненняў і прызнанні страціўшымі сілу некаторых указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іх асобных палажэнняў", Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі аб'яўлены конкурс кандыдатур для ўстанаўлення персанальных надбавак за выдатны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэспублікі спецыялістам і кіраўнікам арганізацый навукі, што фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі. Матэрыялы для ўдзелу ў конкурсе афармляюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі Інструкцыі аб парадку і ўмовах правядзення конкурсу на вылучэнне кандыдатур для ўстанаўлення персанальных надбавак за выдатны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэспублікі спецыялістам і кіраўнікам арганізацый навукі, што фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2005 г., №23, 7/487). Вылучэнне кандыдатур у арганізацыях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і прадстаўленне матэрыялаў у аддзяленні неабходна завяршыць да 1 верасня 2010 г. Кандыдатуры, рэкамендаваныя арганізацыямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі для ўстанаўлення персанальных надбавак, разглядаюцца ў аддзяленнях і ва ўстаноўленым парадку прадстаўляюцца ў аддзел прэмій, стыпендый і ўзнагарод упраўлення кадраў і кадравай палітыкі апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі да 15 верасня 2010 г. З інструкцыяй аб парадку і ўмовах правядзення конкурсу можна азнаёміцца тут (файл у фармаце pdf) і тут (файл у фармаце rtf).


16.07.2010

Як замянялася сталь

Газета РэспублікаПад такім загалоўкам у сённяшнім нумары газеты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліка" апублікаваны артыкул, які распавядае аб прыкладзе трывалай сувязі навукі і вытворчасці, характэрнай для дзейнасці Інстытута тэхналогіі металаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Не выпадкова па выніках працы за мінулы год інстытут, які аказвае магутны ўплыў на развіццё эканомікі краіны, прызнаны лепшым сярод навуковых арганізацый і занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару. Створаны ў Магілёве ў 1970 годзе для развіцця фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне тэхналогіі матэрыялаў, акадэмічны інстытут з цягам часу ператварыўся ў своеасаблівую "сіліконавую даліну", на распрацоўках якой ствараюцца новыя навуковыя школы і інавацыйныя вытворчасці. Яскравым прыкладам гэтага з'яўляецца унітарнае прыватнае навукова-вытворчае прадпрыемства "Тэхналіт" ў Магілёве, у аснову работы якога пакладзены унікальны метад ліцця чыгуну, які не мае сусветных аналагаў. Больш падрабязна аб дзейнасці Інстытута тэхналогіі металаў і прадпрыемства "Тэхналіт" можна прачытаць тут.


16.07.2010

Пачалося намініраванне на прэмію Eni Award 2011 года за даследаванні і распрацоўкі ў галіне энергетыкі і навакольнага асяроддзя, уключаючы паспяховы дэбют у навуцы

Eni logo The Eni Award Scientific Secretariat is pleased to announce the call for nomination for the 2011 Edition of Eni Award. Eni is one of the most important vertically integrated energy companies in the world. It operates in the oil, natural gas, electricity production, engineering and construction and petrochemical product sectors and it is engaged in developing research into and the production, transport, conversion and trading of hydrocarbons. Eni is also involved in several scientific research projects on renewable energy technologies, particularly in the two major areas of biofuels and solar energy. The 2011 Eni Award will be granted for research and development in the fields of energy and the environment in next categories: The Prize "New Frontiers of Hydrocarbons" - 300.000 euros; The Prize "Renewable and Non Conventional Energy" - 200.000 euros; The Prize "Protection of the Environment" - 200.000 euros and Two Prizes "Debut in Research" - 25.000 euros each. Deadline for the candidature proposals: October 29th 2010. For more specific information about each Award and how to apply, please visit the Eni Award 2011 website.


15.07.2010

Паступіла інфармацыя аб міжнародных мерапрыемствах, якія праводзяцца навуковымі ўстановамі акадэмій навук - членаў Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук

МААНУ Нацыянальную акадэмію навук Беларусі паступіў 52-гі нумар бюлетэня Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН), у які ўключана інфармацыя аб міжнародных канферэнцыях, семінарах і сімпозіумах, якія запланаваны з чэрвеня 2010 года навуковымі ўстановамі васьмі акадэмій навук, што ўваходзяць у МААН. Для кожнага мерапрыемствы ў бюлетэні пазначаны месца правядзення, адказная за правядзенне арганізацыя, яе адрас і тэлефоны, адрас электроннай пошты, час правядзення. З бюлетэнем можна азнаёміцца ва Упраўленні навукова-арганізацыйнай і інфармацыйна-аналітычнай работы апарата Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


14.07.2010

Шэраг прадпрыемстваў Нацыянальнай акадэміі навук вызвалены ў бягучым годзе ад выплаты ў бюджэт сумы перавышэння падаткаў

Дом УрадаУ адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 красавіка 2010 г. №187 "Аб стымуляванні ў 2010 годзе развіцця прамысловай вытворчасці" пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 2010 г. №1034 зацверджаны пералік 44 арганізацый, якія вызваляюцца з 1 студзеня па 31 снежня 2010 г. ад выплаты ў бюджэт сумы перавышэння падатку на дабаўленую вартасць (акрамя падатку на дабаўленую вартасць, якая спаганяецца пры ўвозе тавараў на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь) і падатку на прыбытак у параўнанні з сумай гэтых падаткаў, якія падлягалі выплаце ў адпаведны перыяд 2009 года. У пералік уключаны навукова-вытворчае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства "НВА "ЦЭНТР" і рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства "Прыборабудаўнічы завод "Аптрон" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


14.07.2010

У чатырнаццаты раз аб'яўлены конкурс на лепшае рашэнне навукова-тэхнічных задач

Для актывізацыі вынаходніцкай дзейнасці, павышэння творчага патэнцыялу наватараў і рацыяналізатараў, рашэння канкрэтных праблем, што стаяць перад беларускімі прадпрыемствамі, якія распрацоўваюць новую тэхніку, і асваення імі канкурэнтаздольнай прадукцыі Савет па развіцці прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь і Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Фонд вынаходніцкай дзейнасці" абвясцілі чатырнаццаты (2010 года) этап конкурсу "На лепшае рашэнне навукова-тэхнічных задач". На разгляд конкурснай камісіі ўдзельнікі прадастаўляюць: мінімальныя распрацоўкі і кароткія разлікі асобна па кожнай з 8 пастаўленых задач; канструктарскую прапрацоўку ў аб'ёме эскізных праектаў з дастаткова поўнай тлумачальнай запіскай (пры неабходнасці); іншыя матэрыялы, што ілюструюць тэхнічную сутнасць і эфектыўнасць прапанаванага рашэння; звесткі пра аўтара (аўтараў). Кожная конкурсная задача - ўвасабленне рэальнай праблемы, што ўзнікла ў працэсе праектавання новай тэхнікі. Прапанаванае яе рашэнне ацэньваецца экспертнай камісіяй, пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. З конкурснымі задачамі, кантактнай і іншай неабходнай інфармацыяй можна азнаёміцца тут.


13.07.2010

Прывілі слупу энергаэфектыўнасць

Газета РэспублікаПад такім загалоўкам у сённяшнім нумары газеты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліка" апублікаваны артыкул аглядальніка аддзела навукі, адукацыі і экалогіі Дз. Патыкі аб устаноўцы першага ў Мінску і краіне вулічнага святлодыёднага свяцільніка айчыннай вытворчасці. Пачатак рэвалюцыі ў гарадскім асвятленні паклалі спецыялісты Цэнтральнага канструктарскага бюро НАН Беларусі, каля прахадной якога і загарэўся "новы свет", і Цэнтра святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі. Новы свяцільнік павінен служыць 45 тысяч гадзін, і калі ён будзе ўключацца на 5 гадзін у дзень, то запатрабуе замены толькі праз 10 гадоў. Больш падрабязна аб гэтай падзеі можна прачытаць тут.


13.07.2010

Вызначаны парадак і тэрміны распрацоўкі праектаў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў на 2011-2015 гады

У выкананне пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 чэрвеня 2010 г. №886, якой зацверджаны пералік дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў на 2011-2015 гады, і з мэтай арганізацыі і правядзення конкурсу навукова-даследчых работ для ўключэння іх у адпаведныя праграмы ў якасці заданняў выдадзена і накіравана шырокаму колу зацікаўленых распараджэнне Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі ад 08.07.2010 №28 "Аб парадку і тэрмінах распрацоўкі праектаў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў на 2011-2015 гады". Распараджэннем, у прыватнасці, устаноўлены патрабаванні, пералік і формы прадстаўлення матэрыялаў па прапанаваных навукова-даследчых работах у міжведамасныя экспертныя саветы па прыярытэтных напрамках фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, створаныя пры аддзяленнях НАН Беларусі, для праходжання дзяржаўнай навуковай экспертызы і конкурснага адбору. Узгодненыя дзяржаўнымі заказчыкамі праекты праграм, сфарміраваныя на базе заданняў, што прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную навуковую экспертызу і конкурсны адбор, павінны быць прадстаўлены ў НАН Беларусі да 1 кастрычніка 2010 г. для разгляду і зацвярджэння Прэзідыумам НАН Беларусі. Больш падрабязна са зместам распараджэння, пералікам і формамі заявачных матэрыялаў можна азнаёміцца тут.


11.07.2010

Сёння спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта А.А. Богуша (1925-2009)

11 ліпеня 2010 г. спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння фізіка-тэарэтыка, у 1978-2004 гг. загадчыка лабараторыі, з 2004 г. галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адначасова ў 1976-1997 гг. прафесара Беларускага дзяржаўнага універсітэта, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Андрэя Аляксандравіча Богуша.


09.07.2010

Акадэмік Казак М.С. узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі БеларусьЗа заслугі ў развіцці заканадаўства, ва ўмацаванні міжпарламенцкіх сувязей і вялікі ўклад у фарміраванне і рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу акадэмік Казак Мікалай Станіслававіч узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Прэзiдыума Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь ад 1 ліпеня 2010 г. №400-ПСР4.


09.07.2010

Рашэнні аб мэтазгоднасці падрыхтоўкі радовішчаў карысных выкапняў да прамысловага асваення будуць прымацца з удзелам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Дом УрадаУ мэтах прыняцця на Дзяржаўным савеце па пытаннях комплекснага выкарыстання мінеральна-сыравінных рэсурсаў рашэнняў аб мэтазгоднасці падрыхтоўкі радовішчаў карысных выкапняў да прамысловага асваення Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову ад 5 ліпеня 2010 г. №1007 "Аб парадку прыняцця рашэнняў аб мэтазгоднасці падрыхтоўкі радовішчаў карысных выкапняў да прамысловага асваення". Устаноўленым парадкам, у прыватнасці, прадугледжана, што па завяршэнні папярэдняй разведкі радовішча карысных выкапняў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя рыхтуе тэхніка-эканамічны даклад аб мэтазгоднасці правядзення яго дэталёвай разведкі. Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях даручана на падставе такіх дакладаў у месячны тэрмін рыхтаваць заключэнні аб прамысловай каштоўнасці радовішча карысных выкапняў з вызначэннем аптымальнай тэхналогіі комплекснай перапрацоўкі мінеральнай сыравіны, магчымасцях распрацоўкі новых тэхналогій для канкрэтнага радовішча з улікам эканамічных умоў і дынамікі развіцця ўнутранага і знешняга рынкаў, а таксама з прапановамі іншых зацікаўленых у падрыхтоўцы да прамысловага асваення разглядаемых радовішчаў карысных выкапняў. На падставе гэтых тэхніка-эканамічных дакладаў і заключэнняў названых органаў будзе рыхтавацца абагульненая геолага-эканамічная інфармацыя аб радовішчах карысных выкапняў, неабходная для разгляду і прыняцця рашэнняў аб мэтазгоднасці іх падрыхтоўкі да прамысловага асваення.


08.07.2010

Выйшла ў свет на англійскай мове кніга М.У. Мясніковіча "Рэспубліка Беларусь: Макраэканоміка, інавацыі, эканамічная бяспека"

У рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве "Выдавецтва "Беларуская навука" выйшла з друку на англійскай мове кніга Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі М.У. Мясніковіча "Рэспубліка Беларусь: Макраэканоміка, інавацыі, эканамічная бяспека". У кнізе сабраны работы, якія змяшчаюць вынікі даследаванняў аўтара па пытаннях макраэканамічнай дынамікі, інавацыйнага развіцця і эканамічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Яна дае поўнае ўяўленне пра генезіс беларускай эканамічнай мадэлі ў кантэксце трансфармацыі планавай эканомікі ў рыначную, стварэнні інавацыйных інстытутаў і забеспячэнні эканамічнай бяспекі дзяржавы. У кнізе разгледжаны актуальныя тэарэтычныя і практычныя пытанні сучаснага стану і развіцця айчыннай і сусветнай эканомікі, паказана месца і роля ў іх Рэспублікі Беларусь. Эмпірычны матэрыял выкарыстоўваецца для дэманстрацыі пераваг неакейнсіянскіх інструментаў макраэканамічнага рэгулявання на этапе пераходу ад планавай эканомікі да рыначнай.


08.07.2010

Міжнародная канферэнцыя "Інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі" (ICT 2010) пройдзе ў канцы верасня ў Брусэлі

ICT 201027-29 верасня 2010 г. Генеральны Дырэктарат Еўрапейскай Камісіі па Інфармацыйным грамадстве і масавых камунікацыях у чарговы раз праводзіць у Брусэлі (Бельгія) буйнейшую ў Еўропе міжнародную канферэнцыю "Інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі" (ICT 2010). На канферэнцыі больш за 4000 палітыкаў, бізнесменаў, інвестараў і навукоўцаў з розных краін свету абмяркуюць пытанні еўрапейскай стратэгіі ў галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій (ІКТ), апошнія трэнды ў навуковых даследаваннях у сферы ІКТ, прыярытэты ЕС у рамках новай праграмы па ІКТ на 2011-2012 гг. з аб'ёмам фінансавання ў 2,8 мільярда еўра. Праз удзел у шматлікіх сеткавых тэматычных сесіях і выставе апошніх еўрапейскіх дасягненняў у сферы навуковых ІКТ-даследаванняў будуць вызначаны патэнцыйныя навуковыя і бізнес-партнёры. Канферэнцыя адкрыта для ўдзелу прадстаўнікоў з краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, якія, перамогшы ў спецыялізаваным конкурсе, арганізаваным ІКТ-кластэрам EU EECA, могуць атрымаць арганізацыйную і фінансавую падтрымку для ўдзелу ў ICT 2010. Падрабязнасці аб конкурсе размешчаны тут, а таксама на сайтах EU-EECA ICT і РЦТТ.


07.07.2010

На сайце размешчаны зводныя даныя аб міжнародных мерапрыемствах у галіне адукацыі, навукі і інавацый 2010-2012 гг. у Расіі і краінах СНД

КанферэнцыіВа Упраўленні навукова-арганізацыйнай і інфармацыйна-аналітычнай работы апарату НАН Беларусі можна азнаёміцца з паступіўшым з Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі 5-м выпускам зводных даных міжнародных мерапрыемстваў у галіне адукацыі, навукі і інавацый. У выданне ўключана інфармацыя аб 1777 міжнародных навукова-тэхнічных мерапрыемствах, якія плануюцца да правядзення ў 2010-2012 гг. у Расіі і краінах СНД. Электронны архіў выдання даступны для спампоўвання тут.


07.07.2010

Зацверджаны план работы Бюро Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на II паўгоддзе 2010 года

Прэзідыум НАНББюро Прэзідыума НАН Беларусі пастановай ад 25 чэрвеня 2010 г. №296 зацвердзіла план сваёй работы ў другім паўгоддзі бягучага года, які ўключае 35 пытанняў. У прыватнасці, на пасяджэннях Бюро будуць разгледжаны ход выканання планавых паказчыкаў па тэмпе росту аб'ёмаў экспарту прадукцыі (тавараў, работ, паслуг), паказчыкаў па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў і мерапрыемстваў па энергазберажэнні, пытанні інфармацыйнага забеспячэння навуковых арганізацый, павышэння эфектыўнасці эксплуатацыі іх асноўных фондаў, стварэння сумесных міжнародных цэнтраў і лабараторый, а таксама праект праграмы сацыяльна-эканамічнага і навукова-інавацыйнага развіцця НАН Беларусі на 2011-2015 гады. Бюро прааналізуе ход рэалізацыі дзяржаўных праграм інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь, падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі Рэспублікі Беларусь, асваення і вытворчасці новых і высокіх тэхналогій, падпраграм Дзяржаўнай праграмы "Інавацыйныя біятэхналогіі", а таксама выкананне шэрагам навуковых арганізацый даручэнняў і рэкамендацый і ліквідацыі заўваг, выказаных падчас іх атэстацыі. Будуць заслуханы навуковыя аналітычныя даклады "Перспектывы развіцця прамысловага вырошчвання буякоў у Рэспубліцы Беларусь", "Мікробныя ўгнаенні і перспектывы іх выкарыстання ў Беларусі", "Малекулярная дыягностыка. Інавацыйныя біятэхналогіі", разгледжаны 10-гадовы план супрацоўніцтва ў галіне фатонікі НАН Беларусі і Цэнтра навукі і тэхналогій імя Караля Абдулазіза Саудаўскай Аравіі. На сумесным пасяджэнні з прадстаўнікамі канцэрна "Белбіяфарм", Мінадукацыі і іншымі зацікаўленымі плануецца абмеркаваць пытанні вытворчасці фармацэўтычнай прадукцыі ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы "Імпартазамяшчаючая фармпрадукцыя" і падрыхтоўкі прафесійных кадраў для хіміка-фармацэўтычнай галіны.


06.07.2010

Заўтра адбудзецца ўрачыстае ўручэнне дзяржаўных дыпломаў выпускнікам магістратуры Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў 2010 года

7 ліпеня 2010 г. у 11.00 у Вялікай канферэнц-зале Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (пр-т Незалежнасці, 66) адбудзецца цырымонія ўрачыстага ўручэння дзяржаўных дыпломаў магістра выпускнікам магістратуры Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2010 года. 68 выпускнікам магістратуры дыпломы ўручыць Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі М.У. Мясніковіч. На цырымонію ўручэння дыпломаў запрашаюцца выкладчыкі, рэцэнзенты, кіраўнікі выпускнікоў магістратуры, а таксама кіраўнікі, вядучыя вучоныя і спецыялісты навуковых арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дадатковая інфармацыя тут.


06.07.2010

Сёння спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння акадэміка І.С. Лупіновіча (1900-1968)

6 ліпеня 2010 г. спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння глебазнаўца і аграхіміка, заслужанага дзеяча навукі БССР, у 1947-1956 гг. віцэ-прэзідэнта АН БССР, у 1951 г. выконваючага абавязкі прэзідэнта АН БССР, у 1957-1961 гг. прэзідэнта Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР, адначасова з 1948 г. загадчыка кафедры Беларускага дзяржаўнага універсітэта, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара Івана Сцяпанавіча Лупіновіча.


06.07.2010

Сёння спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан, замежнага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Н.А. Назарбаева

Н.А. Назарбаеў6 ліпеня 2010 г. спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, у 1984-1989 гг. Старшыні Савета Міністраў Казахскай ССР, у 1989-1991 гг. першага сакратара ЦК Кампартыі Казахстана, з 1990 г. Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Казахстан, Міжнароднай інжынернай акадэміі, Акадэміі сацыяльных навук Расійскай Федэрацыі, замежнага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара эканамічных навук Нурсултана Абішэвіча Назарбаева.


06.07.2010

Сёння спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння акадэміка П.Ф. Глебкі (1905-1969)

6 ліпеня 2010 г. спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння паэта, з 1957 г. дырэктара Інстытута мовазнаўства, у 1958-1967 гг. дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, у 1967-1969 гг. акадэміка-сакратара Аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук БССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пятра Фёдаравіча Глебкі.


04.07.2010

Усерасійская навукова-практычная канферэнцыя "Высокія тэхналогіі, фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ў фізіялогіі і медыцыне" адбудзецца 23-26 лістапада

PhysioMedi ConferenceЯк паведамляе Арганізацыйны камітэт, 23-26 лістапада 2010 года ў г. Санкт-Пецярбургу адбудзецца Усерасійская навукова-практычная канферэнцыя "Высокія тэхналогіі, фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ў фізіялогіі і медыцыне", прысвечаная 85-гадоваму юбілею Інстытута фізіялогіі імя І.П. Паўлава Расійскай акадэміі навук. Праграма канферэнцыі прадугледжвае пленарныя і секцыйныя паседжанні, на якіх будуць прадстаўлены прыклады прымянення высокіх тэхналогій у фізіялагічных і медыцынскіх даследаваннях і ў практычнай медыцыне, інтэрактыўныя дыскусіі і дэбаты, круглыя сталы з прадстаўнікамі ўлады і бізнесу. Будзе таксама арганізавана выстава апошніх дасягненняў навукі, тэхнікі і бізнесу, што дазволіць гарантаваць максімальны агляд і плённае абмеркаванне па тэматыцы канферэнцыі. Больш падрабязна пра канферэнцыі можна даведацца тут, а таксама на яе афіцыйным сайце.


03.07.2010

Віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Мінск, БеларусьДарагія суайчыннікі!

Сардэчна віншую вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь - галоўным дзяржаўным святам, якое адлюстроўвае адзінства і духоўную стойкасць нацыі.

Глыбока сімвалічна, што яго дату вызначылі вы самі на рэспубліканскім рэферэндуме, звязаўшы яе разам з днём вызвалення Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Краіна талентаў і патрыётаў - вось што такое Беларусь.

У ёй няма і не будзе месца забыццю народнага подзвігу. У год 65-годдзя Вялікай Перамогі мы яшчэ раз аддаём даніну павагі бяспрыкладнаму гераізму людзей, якія выратавалі планету ад фашызму.

За час міру і стварэння мы разам ператварылі зраненую беларускую зямлю ў квітнеючыя палі і сады, сучасныя прамысловыя цэнтры і аграгарадкі. Такое па сілах толькі працавітаму, высокаінтэлектуальнаму народу.

Незалежнасць і суверэнітэт краіны, мудрасць і бясцэнны вопыт ветэранаў сёння ў руках маладога пакалення. З такой моладдзю Беларусь чакае дастойная будучыня. Ніякія крызісы не спалохаюць дзяцей і ўнукаў Пераможцаў.

Шчыра жадаю вам, дарагія сябры, моцнага здароўя, міру, дабрабыту, спакою і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Са святам! З Днём Рэспублікі!

Аляксандр Лукашэнка

Крыніца: Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь


02.07.2010

Адкрыты афіцыйны інтэрнэт-сайт Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі

Сайт ІЭБ НАН БеларусіУ сетцы Інтэрнэт па адрасе http://botany-institute.bas-net.by адкрыты афіцыйны сайт Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці Інстытута, створанага ў 1931 годзе, з'яўляюцца распрацоўка адаптыўных метадаў вядзення земляробства, ахова і эфектыўнае выкарыстанне біялагічных рэсурсаў, тэхналогіі рацыянальнага прыродакарыстання, што забяспечваюць узнаўленне раслінных рэсурсаў, тэхналогіі маніторынгу і прагназавання стану навакольнага асяроддзя, даследаванне фізіялагічных і біяхімічных механізмаў фарміравання прадуктыўнасці і ўстойлівасці раслін, навуковыя асновы ўзнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы расліннага свету, метады маніторынгу навакольнага асяроддзя, прагназавання і папярэджання надзвычайных сітуацый тэхнагеннага і прыроднага характару. На сайце прадстаўлена грунтоўная інфармацыя пра гісторыю і структуру, напрамкі дзейнасці, прадукцыю, паслугі і выданні інстытута, яго кіраўніцтва, навуковыя падраздзяленні і грамадскія аб'яднанні, артыкулы аб персаналіях беларускай батанікі і іншая карысная інфармацыя.


02.07.2010

Другая штогадовая канферэнцыя SciTech Europe: Invest, Innovate, Integrate будзе праходзіць у Брусэлі 23 лістапада 2010 г.

SciTechEuropeThe second annual conference SciTech Europe: Invest, Innovate, Integrate will take place in The Square, Brussels, Belgium on 23 November 2010. The conference will help promote breakthrough research, successful innovation networks and potential investment opportunities. The goal is to bring together some of the leading figures in science, engineering and technology across Europe for a high level meeting on how we can turn science into commerce. Amongst the speakers at the event will be President of the European Research Council, Deputy Secretary General of the European University Association, Secretary-General of the League of European Research Universities, Director-General of UNESCO, Chief Executive of the European Science Foundation, Chair of the European Research Area Board and others. For more information click here or visit the SciTechEurope event website.


01.07.2010

Унесена змяненне ў склад Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі БеларусьУказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 чэрвеня 2010 г. №332 у склад Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 жніўня 2002 г. №456, уключаны член-карэспандэнт Усанаў Сяргей Аляксандравіч, загадчык аддзела имунахімічных і малекулярна-біялагічных сродкаў дыягностыкі дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі". Са складу Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выключаны акадэмік М.П. Круцько.

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Ліпень 2010 года / Да пачатку старонкі
Пры поўным ці частковым выкарыстанні інфармацыі спасылка на крыніцу з'яўляецца абавязковай