Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Архіў навін 2010 года

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Чэрвень 2010 года

30.06.2010

Сёння спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння акадэміка І.Ф. Харламава (1920-2003)

30 чэрвеня 2010 г. спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне педагогікі, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, у 1955-1969 гг. старшага выкладчыка, дацэнта, прарэктара, загадчыка кафедры Гомельскага педагагічнага інстытута, з 1969 г. загадчыка кафедры Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Фр.Скарыны, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Акадэміі педагагічных навук СССР, доктара педагагічных навук, прафесара Івана Фёдаравіча Харламава.


30.06.2010

Сёння спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння акадэміка П.І. Яшчарыцына (1915-2005)

30 чэрвеня 2010 г. спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне тэхналогіі машынабудавання, заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, з 1952 г. дырэктара 11-га Дзяржаўнага падшыпнікавага завода (Мінск), з 1962 г. рэктара і загадчыка кафедры Беларускага політэхнічнага інстытута, у 1977-1987 гг. акадэміка-сакратара Аддзялення фізіка-тэхнічных навук АН БССР, у 1987-2002 гг. саветніка Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 2002 г. галоўнага навуковага супрацоўніка Фізіка-тэхнічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара Пятра Іванавіча Яшчарыцына.


30.06.2010

У Нацыянальнай акадэміі навук распачата падрыхтоўка пераліку навуковых, навукова-тэхнічных і навукова-практычных мерапрыемстваў на 2011 год

КанферэнцыіЗ мэтай падрыхтоўкі пераліку навуковых, навукова-тэхнічных і навукова-практычных мерапрыемстваў, якія плануюць правесці арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2011 годзе, распараджэннем Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі ад 22 чэрвеня 2010 г. №26 аддзяленням і арганізацыям Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі даручана падрыхтаваць па форме дадатку на беларускай, рускай і англійскай мовах адпаведныя прапановы і прадставіць іх з прыкладаннем абгрунтаванняў неабходнасці правядзення да 1 кастрычніка 2010 г. ва Упраўленне навукова-арганізацыйнай і інфармацыйна-аналітычнай работы апарату НАН Беларусі.


29.06.2010

Сёння спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння акадэміка А.С. Дзмітрыева (1925-1989)

29 чэрвеня 2010 г. спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння фізіёлага, заслужанага дзеяча навукі БССР, з 1960 г. намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута фізіялогіі АН БССР, адначасова з 1970 г. загадчыка лабараторыі, з 1973 г. галоўнага вучонага сакратара Прэзідыума АН БССР, у 1978-1987 гг. віцэ-прэзідэнта АН БССР, з 1987 г. члена Прэзідыума АН БССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара біялагічных навук, прафесара Андрэя Сяргеевіча Дзмітрыева.


29.06.2010

Сёння спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння акадэміка Ю.М. Астроўскага (1925-1991)

29 чэрвеня 2010 г. спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння біяхіміка, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 1959 г. загадчыка кафедры Гродзенскага медыцынскага інстытута, з 1970 г. загадчыка Аддзелам рэгуляцыі абмену рэчываў АН БССР, з 1985 г. дырэктара Інстытута біяхіміі АН БССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара медыцынскіх навук, прафесара Юрыя Міхайлавіча Астроўскага.


28.06.2010

Беларусь будзе працягваць навукова-даследчую работу ў Антарктыдзе

У гэтым годзе наша краіна плануе аднавіць навуковыя даследаванні на паўднёвым мацерыку. Арганізоўваць экспедыцыю і каардынаваць яе працу ў Антарктыдзе будзе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Ці мэтазгодна нашай краіне аднаўляць даследаванні ў Антарктыдзе? Ці з'явіцца ў Беларусі ўласная антарктычная станцыя? Якія задачы стаяць перад удзельнікамі маючай адбыцца беларускай навуковай экспедыцыі? Ці рыхтуюцца новыя праекты для выканання ў Антарктыдзе? На гэтыя і іншыя пытанні ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА адказаў навуковы кіраўнік дзяржаўнай мэтавай праграмы па маніторынгу палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнню дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік У.Ф. Логінаў. З поўным тэкстам інтэрв'ю можна азнаёміцца тут.


27.06.2010

29 чэрвеня адбудзецца чарговае пасяджэнне семінара Беларускага фізічнага таварыства

У аўторак, 29 чэрвеня 2010 г., у 16.00 у зале пасяджэнняў Вучонага савета Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (пр-т. Незалежнасці, 68, 1-шы паверх) адбудзецца чарговае пасяджэнне семінара Грамадскага аб'яднання "Беларускае фізічнае таварыства". Тэма семінара: "На шляху да тэрмаядзерных даследаванняў у Беларусі". Дакладчык - дырэктар Навукова-даследчай установы "Інстытут ядзерных праблем" Беларускага дзяржаўнага універсітэта, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Барышэўскі У.Р. Запрашаюцца ўсе зацікаўленыя.


26.06.2010

Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прадастаўлена права ажыццяўляць ведамасны кантроль

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі БеларусьЗ мэтай удасканалення парадку ажыццяўлення ведамаснага кантролю ў Рэспубліцы Беларусь Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2010 г. №325 зацверджаны пералік дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў, іх структурных падраздзяленняў (падначаленых арганізацый), якія ажыццяўляюць ведамасны кантроль. Указам зацверджаны вычарпальны пералік ведамасных кантралюючых органаў, на якія, у прыватнасці, ускладзены функцыі арганізацыі і правядзення планавых і пазапланавых праверак падведамасных арганізацый, мерапрыемстваў па назіранні, аналізу, ацэнцы, устанаўленню прычынна-следчых сувязяў і прагназавання фактараў, што ўплываюць на вынікі дзейнасці падведамасных арганізацый, аказання ім метадалагічнай дапамогі ў мэтах павышэння эфектыўнасці дзейнасці, забеспячэння кантролю за ўстараненнем выяўленых падчас правядзення праверак парушэнняў, правядзення аналізу прымянення падведамаснымі арганізацыямі актаў заканадаўства і выпрацоўка на яго аснове прапаноў аб удасканаленні такіх актаў. У пералік дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў, іх структурных падраздзяленняў (падначаленых арганізацый), якія ажыццяўляюць ведамасны кантроль, уключана таксама Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Кантроль за выкананнем Указа ўскладзены на Міністэрства фінансаў, якому дадзена права растлумачваць пытанні яго прымянення.


25.06.2010

Сёння спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння акадэміка П.У. Броўкі (1905-1980)

П.У.Броўка25 чэрвеня 2010 г. спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння паэта і грамадскага дзеяча, Народнага паэта БССР, Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Ленінскай прэміі, дзвюх Дзяржаўных прэмій СССР, дзвюх Дзяржаўных прэмій БССР, у 1948-1967 гг. старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, у 1967-1980 гг. галоўнага рэдактара "Беларускай Савецкай Энцыклапедыі", акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пятра Усцінавіча Броўкі.


25.06.2010

Падоўжаны тэрмін правядзення конкурсу на суісканне прэмій акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы

Акадэмія навук Малдовы, арганізатар конкурсу на суісканне прэмій акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы 2009 года, інфармацыя аб правядзенні якога была апублікавана на гэтым сайце 30.03.2009, аб'явіла аб падаўжэнні тэрміну правядзення конкурсу да 1 верасня 2010 г. Дакументы і матэрыялы, аформленыя ў адпаведнасці з палажэннем аб прэміі, прымаюцца ў Акадэміі навук Малдовы да 1 верасня 2010 г. па адрасе: Бульвар Штефан чел Маре 1, Кишинэу, МD 2001, Рэспубліка Малдова, Акадэмія навук Малдовы, сакратару Камісіі па прысуджэнню прэмій акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы. Даведкі па тэл.: (373 22) 27-45-00, (373 22) 1927/04/15. Факсы: (373 22) 27-45-00, (373 22) 54-29-50. E-mail: consiliu@asm.md. Інфармацыю пра конкурс можна атрымаць таксама ў Мінску па тэл.: (017) 284-24-56, (017) 284-11-63.


24.06.2010

Вострая вадароднай недастатковасць

Газета РэспублікаПад такім загалоўкам у сённяшнім нумары газеты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліка" апублікавана інтэрв'ю аглядальніка аддзела навукі, адукацыі і экалогіі Дзмітрыя Патыкі з загадчыкам аддзялення вадароднай энергетыкі Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В. Лыкава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргеем Філатавым. Якія перспектывы выкарыстання вадароду ў якасці крыніцы энергіі, якія маюцца распрацоўкі і што ўжо сёння можа прапанаваць айчынная навука ў гэтай галіне, ці выведзе будаўніцтва АЭС атамна-вадародныя тэхналогіі ў лік прыярытэтаў беларускай навукі, ці выклічуць адпаведныя айчынныя распрацоўкі цікавасць за мяжой? Адказы на гэтыя пытанні можна атрымаць, азнаёміўшыся з поўным тэкстам інтэрв'ю тут.


24.06.2010

Сёння на базе Нацыянальнай акадэміі навук пройдзе семінар для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі БеларусьСёння на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і шэрагу яе арганізацый пройдзе семінар для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на тэму "Аб практыцы прымянення і асноўных напрамках удасканалення заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці".


23.06.2010

Тэхналагічны запыт на перапрацоўку шкарлупіны арэхаў ва ўпаковачныя матэрыялы

NineSigma NineSigma, the leading provider of open innovation solutions, invites proposals for processing and transforming nutshells into a material suitable to use either directly as a packaging material or as a component to be combined with other packaging materials. More information is available here and in the request for proposal document online. The final submission date for proposal briefs is July 9, 2010. Please also click here to view all open requests by technical area, industry, or status.


23.06.2010

Генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра па механізацыі сельскай гаспадаркі Самасюк У.Г. узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі БеларусьЗа заслугі ў рэалізацыі сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і шматгадовую плённую вытворчую і навуковую дзейнасць у галіне сельскай гаспадаркі генеральны дырэктар рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства "Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі" Самасюк Уладзімір Георгіевіч узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Прэзiдыума Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь ад 17 чэрвеня 2010 г. №392-ПСР4.


23.06.2010

Сёння пачынае сваю работу Міжнародная навуковая канферэнцыя "Малекулярныя, мембранныя і клетачныя асновы функцыянавання біясістэм"

КанферэнцыіЗ 23 па 25 чэрвеня 2010 г. у Мінску будуць праходзіць Міжнародная навуковая канферэнцыя "Малекулярныя, мембранныя і клетачныя асновы функцыянавання біясістэм" і IX з'езд Беларускага грамадскага аб'яднання фотабіёлагаў і біяфізікаў. Арганізатарамі міжнароднай канферэнцыі выступаюць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны універсітэт, Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў. Праграмай канферэнцыі, у рабоце якой возьмуць удзел больш за 200 навукоўцаў з Беларусі, Германіі, Італіі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Польшчы і іншых краін, прадугледжана пленарнае пасяджэнне, якое пачнецца сёння ў 10.30, і праца наступных секцый: фотасінтэз і фотабіялогія; мембраны і клетачная біяфізіка; медыцынская біяфізіка; біяфізіка расліннай клеткі; малекулярная біяфізіка; метады і апаратура для навуковых даследаванняў; біяфізіка і мікраэлементы; біяфізічная адукацыя. У рамках мерапрыемства адбудуцца таксама стэндавая сесія "Метады і апаратура для навуковых даследаванняў" і "круглы стол" на тэму "Тэндэнцыі развіцця сучаснай біяфізікі". З падрабязнай праграмай канферэнцыі і іншай неабходнай інфармацыяй можна азнаёміцца тут.


22.06.2010

Апублікаваны каардынацыйныя планы кантрольнай (нагляднай) дзейнасці на другое паўгоддзе 2010 года

На афіцыйным інтэрнет-сайце Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь размешчаны каардынацыйныя планы кантрольнай (нагляднай) дзейнасці на II паўгоддзе 2010 года, у якія ўключаны ўсе планавыя праверкі кантралюючых і наглядных органаў у горадзе Мінску і ў абласцях рэспублікі. Архіўныя файлы з каардынацыйнымі планамі даступныя для запампоўкі і прагляду з дапамогай MS Office Excel. Падрабязнасці тут.


21.06.2010

Зацверджаны пералік навукова-тэхнічных праблем для рэалізацыі ў рамках узаемадзеяння Нацыянальнай акадэміі навук з галіновымі прадпрыемствамі і арганізацыямі

З мэтай узмацнення ўзаемадзеяння Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з прадпрыемствамі і арганізацыямі краіны, арыентацыі навукова-даследчых работ на задавальненне канкрэтных патрэбнасцяў галін нацыянальнай эканомікі і ў выкананне даручэння Першага намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Акадэміяй навук сумесна з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі вызначаны пералік праблемных пытанняў, якія патрабуюць рашэння з удзелам акадэмічнай навукі. Пералік навукова-тэхнічных праблем для рэалізацыі ў рамках узаемадзеяння Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з галіновымі прадпрыемствамі і арганізацыямі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады, зацверджаны пастановай Бюро Прэзідыума НАН Беларусі ад 3 чэрвеня 2010 г. №258, змяшчае больш за 180 канкрэтных праблем, вызначае арганізацыі-выканаўцы і магчымыя механізмы рэалізацыі адпаведных работ. Аддзяленням Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі даручана дадаткова разгледзець галіновыя праблемы, што не ўвайшлі ў пералік, а таксама сумесна з арганізацыямі, замацаванымі за аддзяленнямі, да 25 чэрвеня 2010 г. сфарміраваць ініцыятыўныя прапановы Нацыянальнай акадэміі навук па рашэнні галіновых праблем для іх накіравання зацікаўленым.


20.06.2010

У Беларусі з 1 чэрвеня тарыфная стаўка першага разраду ўстаноўлена ў памеры 90 тысяч рублёў

Дом УрадаЗ мэтай далейшага павышэння заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, пастановай Савета Міністраў ад 16 чэрвеня 2010 г. №925 для для аплаты працы работнікаў гэтых катэгорый з 1 чэрвеня 2010 г. устаноўлена тарыфная стаўка першага разраду ў памеры 90000 рублёў. Карэкціруючыя каэфіцыенты да разлічаных па Адзінай тарыфнай сетцы работнікаў Рэспублікі Беларусь тарыфных ставак (акладаў) работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, што тарыфікуюцца 1-27 разрадамі, устаноўлена у памерах 2,616-0,978. З 1 студзеня 2010 г. у Беларусі дзейнічала тарыфная стаўка ў памеры 81000 рублёў.


19.06.2010

Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта Б.І. Купчынава (1935-2009)

19 чэрвеня 2010 г. спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне матэрыялазнаўства, трэння і зносу ў машынах, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужанага вынаходніка БССР, з 1971 г. загадчыка лабараторыі, з 1989 г. загадчыка аддзела, з 2007 г. галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя У.А. Белага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара Барыса Іванавіча Купчынава.


18.06.2010

Магістранты акадэмічнага Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў увайшлі ў лік пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў ВНУ

У перыяд з кастрычніка 2009 г. па люты 2010 г. Міністэрствам адукацыі праводзіўся чарговы Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Мэтамі конкурсу, які праходзіў у 24 базавых ВНУ рэспублікі, з'яўляюцца павышэнне якасці навукова-інавацыйнай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і актывізацыя навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў. На цяперашні конкурс было прадстаўлена каля 3970 работ студэнтаў, магістрантаў і выпускнікоў мінулага года з 56 вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі, разгляд якіх быў арганізаваны ў 30 навуковых секцыях.

Лаўрэаты Рэспубліканскага конкурсу

У трэці раз прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе студэнты магістратуры Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На конкурс у 8 навуковых секцый было вылучана 12 навуковых прац акадэмічных магістрантаў, з іх 11 адзначаны ўзнагародамі. У адпаведнасці з загадам Міністэрства адукацыі ад 07.05.2010 №296, студэнт магістратуры Казбанаў Уладзімір стаў лаўрэатам конкурсу, праца студэнта магістратуры Міхалычава Аляксандра атрымала першую катэгорыю. Астатнія работы атрымалі другую і трэцюю катэгорыю. Ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў Рэспубліканскага конкурсу навуковых прац студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь за 2009 год прыняў удзел Першы намеснік Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусь акадэмік Віцязь П.А. Дадатковую інфармацыю аб конкурсе можна атрымаць тут.


17.06.2010

Зацверджана Праграма будаўніцтва энергакрыніц, што працуюць на біягазе, на 2010-2012 гады

Дом УрадаУ выкананне Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 г. №3 "Эканомія і беражлівасць - галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы" і пастановы Урада Рэспублікі Беларусь ад 22 лютага 2010 г. №248 "Аб мерах па павышэнню эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў на перыяд да 2012 года" распрацавана і пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 чэрвеня 2010 г. №885 зацверджана Праграма будаўніцтва энергакрыніц, што працуюць на біягазе, на 2010-2012 гады. Асноўнымі мэтамі і задачамі Праграмы, адным з заказчыкаў якой вызначана Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, з'яўляюцца: зніжэнне экалагічнай нагрузкі на навакольнае асяроддзе, атрыманне біягазу і выкарыстанне яго для выпрацоўкі электрычнай і цеплавой энергіі ў мэтах замяшчэння імпартуемых паліўна-энергетычных рэсурсаў, атрыманне высакаякасных арганічных угнаенняў, памяншэнне засмечвання пасяўных плошчаў ад унясення на іх неперапрацаваный арганікі. Праграмай вызначаны пералік аб'ектаў, на якіх прадугледжваецца будаўніцтва энергетычных установак, што працуюць на біягазе, у лік якіх уключана рэспубліканскае сельскагаспадарчае даччынае унітарнае прадпрыемства "Эксперыментальная база "Зазер'е" Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі. У выніку рэалізацыі Праграмы ў краіне будуць уведзены ў эксплуатацыю 39 біягазавых установак сумарнай электрычнай магутнасцю 40,4 МВт, што дазволіць штогод выпрацоўваць каля 340 млн кВт·г электрычнай энергіі і замяшчаць імпартаваны прыродны газ у аб'ёме больш за 145 тыс. тон умоўнага паліва.


16.06.2010

У канцы чэрвеня ў Мінску адкрыецца Міжнародны сімпозіум па селекцыі і генетыцы азімага жыта

EUCARPIA-2010 29 чэрвеня - 2 ліпеня 2010 г. ў Мінску пад эгідай Еўрапейскай асацыяцыі генетыкаў і селекцыянераў раслін (EUCARPIA) і Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробству будзе праходзіць Міжнародны сімпозіум па селекцыі і генетыцы азімага жыта. Яго ўдзельнікамі стануць вядомыя селекцыянеры, генетыкі і біятэхналогі з краін Заходняй і Усходняй Еўропы, ЗША і Мексікі, Украіны і Расіі, а таксама кіраўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Больш падрабязна аб сімпозіуме і Еўрапейскай асацыяцыі генетыкаў і селекцыянераў раслін можна даведацца з прэс-рэліза. З папярэдняй праграмай Міжнароднага сімпозіума па селекцыі і генетыцы азімага жыта можна азнаёміцца тут.


16.06.2010

Сёння спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння акадэміка П.П. Рагавога (1895-1985)

16 чэрвеня 2010 г. спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння глебазнаўца, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, з 1930 г. загадчыка кафедры Беларускага лесатэхнічнага інстытута, у 1957-1964 гг. дырэктара НДІ глебазнаўства, у 1964-1973 гг. загадчыка кафедры глебазнаўства Беларускага тэхналагічнага інстытута, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара Паўла Пракопавіча Рагавога.


15.06.2010

Аб'яўлены новыя конкурсы Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў

Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў (БРФФД) аб'явіў наступныя конкурсы:

  • рэспубліканскі конкурс "Навука-2011". Тэрмін падачы заявак - па 7 верасня 2010 г.;
  • конкурс для маладых вучоных "Навука М-2011". Тэрмін падачы заявак - па 5 кастрычніка 2010 г.;
  • сумесны конкурс з Нацыянальным цэнтрам навуковых даследаванняў Францыі "БРФФД-НЦНД-2011". Тэрмін падачы заявак - па 5 кастрычніка 2010 г.;
  • сумесны конкурс з Расійскім гуманітарных навуковым фондам "БРФФД-РГНФ-2011". Тэрмін падачы заявак - па 5 кастрычніка 2010 г.;
  • сумесны міжрэгіянальны конкурс з Расійскім гуманітарных навуковым фондам у прыгранічных абласцях "БРФФД-РГНФ(ПР)-2011". Тэрмін падачы заявак - па 5 кастрычніка 2010 г.;
  • сумесны конкурс з Дзяржаўным фондам фундаментальных даследаванняў Украіны "БРФФД-ДФФДУ-2011". Тэрмін падачы заявак - па 3 лістапада 2010 г.;
  • сумесны трохбаковы міжрэгіянальны конкурс у прыгранічных абласцях "БРФФД-РФФД-ДФФДУ-2011". Тэрмін падачы заявак - па 3 лістапада 2010 г.;
  • конкурс на суісканне грантаў развіцця "Вучоны-2011". Тэрмін падачы заявак - па 3 лістапада 2010 г.;
  • конкурс праектаў, што выконваюцца ў кантакце з замежнымі вучонымі "Навука МС-2011". Тэрмін падачы заявак - па 3 лістапада 2010 г.;
  • сумесны конкурс з Аб'яднаным інстытутам ядзерных даследаванняў у г. Дубна "БРФФД-АІЯД-2011". Тэрмін падачы заявак - па 1 снежня 2010 г.;
  • сумесны конкурс з Навукова-тэхналагічным фондам Манголіі "БРФФД-НТФМ-2011". Тэрмін падачы заявак - па 1 снежня 2010 г.;
  • конкурс выдавецкіх праектаў;
  • конкурс падтрымкі навуковых мерапрыемстваў;
  • конкурс падтрымкі ўдзелу ў замежных навуковых мерапрыемствах.

    Умовы конкурсаў і формы заявачны матэрыялаў могуць быць скапіраваны на электронны носьбіт у БРФФД (Мінск, пр. Незалежнасці, 66, п.101, 103, 106, 112, 116) або з вэб-сайта БРФФД у раздзеле" Аб'яўленыя конкурсы". Тэлефоны для даведак: 294-92-16 (фізіка, матэматыка і інфарматыка), 284-27-22 (тэхнічныя навукі), 294-93-36 (хімія і навукі аб Зямлі), 294-92-17 (біялагічныя, медыцынскія і аграрныя навукі, міжнародныя праекты), 284-06-38 (гуманітарныя навукі). Факс: 284-08-97.


    15.06.2010

    "Навука навук" глядзіць не толькі ў сябе

    Газета Рэспубліка Пад такім загалоўкам у сённяшнім нумары газеты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліка" апублікавана інтэрв'ю аглядальніка аддзела навукі, адукацыі і экалогіі Дз. Патыкі з навукоўцамі Інстытута матэматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія працуюць сумесна са сваімі калегамі з іншых арганізацый над шэрагам тым прыкладной накіраванасці - комплексам камп'ютэрных праграм для стаматалогіі, разлікам цеплавых працэсаў у блоках касмічных апаратаў новага пакалення, методыкамі і эксперыментальным праграмным забеспячэннем, якія павінны дапамагчы праектыроўшчыкам будынкаў забяспечыць максімум бяспекі для людзей пры пажары. Больш падрабязна аб гэтых распрацоўках акадэмічных матэматыкаў можна прачытаць тут.


    14.06.2010

    Сёння спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння акадэміка В.А. Сербенты (1895-1980)

    14 чэрвеня 2010 г. спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння філосафа, у 1929-1932 гг. дырэктара Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, у 1931-1936 гг. члена Прэзідыума Беларускай акадэміі навук, загадчыка сектара Інстытута гісторыі Беларускай акадэміі навук, у 1957-1967 гг. загадчыка сектара Інстытута філасофіі і права АН БССР, з 1967 г. старшага навуковага супрацоўніка гэтага інстытута, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара гістарычных навук, прафесара Віталя Андрэевіча Сербенты.


    14.06.2010

    Зацверджаны пералік дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў на 2011-2015 гады

    Дом УрадаПастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 чэрвеня 2010 г. №886 зацверджаны пералік дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў на 2011-2015 гады. Пералік распрацаваны ў адпаведнасці з прыярытэтнымі напрамкамі фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 красавіка 2010 г. №585, і ўключае найменні 16 дзяржаўных праграм, іх асноўныя мэты, пералікі дзяржаўных заказчыкаў і галаўных арганізацый-выканаўцаў, а таксама прагнозныя аб'ёмы фінансавання праграм, у тым ліку па гадах. Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі даручана давесці пералік дзяржаўных праграм да іх дзяржаўных заказчыкаў і сумесна з імі пры фарміраванні і зацвярджэнні 15 дзяржаўных праграм забяспечыць прыцягненне арганізацыямі-выканаўцамі на фінансаванне выканання гэтых праграм не менш за 15% пазабюджэтных сродкаў ад кошту работ па іх рэалізацыі (за выключэннем арганізацый-выканаўцаў, падпарадкаваных Міністэрству аховы здароўя). Пастанова Урада ўступае ў сілу з 13 жніўня 2010 г.


    12.06.2010

    У Беларусі каля 80% мадэляў выпускаемай сельгастэхнікі распрацавана вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук

    НПЦ па механізацыі сельскай гаспадаркіПра гэта расказаў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі кандыдат эканамічных навук У.Г. Самасюк. Па тэхнічным ўзроўні выканання многія з гэтых машын і механізмаў адпавядаюць заходнім узорах, а па асобных пазіцыях нават пераўзыходзяць іх. Калі раней новая тэхніка распрацоўвалася на працягу двух гадоў, затым прыкладна столькі ж ішло на яе палявыя выпрабаванні, пастаноўку на серыйны выпуск, то зараз на гэта трэба да паўтара года. На скарачэнне часу ад канструктарскай распрацоўкі да яе ўкаранення накіраваны новыя распрацоўкі Навукова-практычнага цэнтра па механізацыі сельскай гаспадаркі. Больш падрабязна з грунтоўным інтэрв'ю кіраўніка гэтай акадэмічнай навуковай арганізацыі можна азнаёміцца тут.


    12.06.2010

    Сёння спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта Ф.І. Вісманта

    12 чэрвеня 2010 г. спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне фізіялогіі і паталогіі, з 1996 г. загадчыка кафедры паталагічнай фізіялогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара медыцынскіх навук, прафесара Францішака Іванавіча Вісманта.


    11.06.2010

    Абноўлена інфармацыя аб міжнародных мерапрыемствах 2010 года

    КанферэнцыіНа старонцы Міжнародныя мерапрыемствы абноўлена інфармацыя аб шэрагу міжнародных канферэнцый, сімпозіумаў і семінараў, запланаванных для правядзення ці арганізуемых пры падтрымцы арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў бягучым годзе. Удакладнены тэрміны іх правядзення і кантактная інфармацыя, дабаўлены спасылкі на інфармацыйныя лісты арганізацыйных камітэтаў гэтых мерапрыемстваў. У пералік мерапрыемстваў уключана міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Беларускія лекі", якая адбудзецца ў Мінску 5-6 кастрычніка 2010 года.


    11.06.2010

    Прыярытэты вызначае эканоміка

    Газета РэспублікаПад такім загалоўкам у сённяшнім нумары газеты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліка" апублікавана інфармацыя аб прапановах па разгортванні новых сумесных навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы, якія прагучалі і былі падтрыманы на адбыўшымся ў Мінску пасяджэнні Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па эканамічнай палітыцы. Першы намеснік Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Віцязь П.А., які прадставіў праграмы, падкрэсліў, што ўзаемадзеянне беларускіх і расійскіх вучоных з кожным годам прыносіць усё больш важкі плён. У 2011 годзе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі як дзяржаўны заказчык плануе рэалізаваць з расійскімі партнёрамі сем праграм, а ў планах на 2012-2013 гады значыцца рэалізацыя яшчэ сямі сумесных праграм. Больш падрабязна з характарыстыкай новых беларуска-расійскіх праграм можна азнаёміцца тут.


    10.06.2010

    Вызначаны новы парадак арганізацыі, правядзення, падвядзення вынікаў і матэрыяльнага забеспячэння практыкі студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў

    Дом УрадаПастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 чэрвеня 2010 г. №860 зацверджана Палажэнне аб парадку арганізацыі, правядзення, падвядзення вынікаў і матэрыяльнага забеспячэння практыкі студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Пастановай, якая ўступае ў сілу з 1 верасня 2010 г., вызначаны парадак арганізацыі, правядзення, падвядзення вынікаў і матэрыяльнага забеспячэння практыкі студэнтаў беларускіх ВНУ незалежна ад іх формы ўласнасці і падпарадкаванасці. У прыватнасці, згодна з новым Палажэннем, практыка падраздзяляецца на вучэбную і вытворчую, прычым апошняя ўключае практыку па профілю спецыяльнасці і пераддыпломную практыку. Задачамі вучэбнай практыкі вызначаны фарміраванне ў студэнтаў практычных уменняў і навыкаў па вывучаемых навучальных дысцыплінах, замацаванне тэарэтычных ведаў, асваенне першасных навыкаў па абранай спецыяльнасці. Да задач практыкі па профілю спецыяльнасці (арганізацыйна-кіраўніцкай, вытворча-тэхналагічнай, канструктарскай, творчай, педагагічнай і іншым) аднесена набыццё студэнтамі прафесійных навыкаў па спецыяльнасці, замацаванне, пашырэнне і сістэматызацыя ведаў, атрыманых пры вывучэнні спецыяльных дысцыплін па профілю спецыяльнасці. Задачамі пераддыпломнай практыкі, якую студэнты праходзяць на выпускным курсе, з'яўляюцца засваенне і замацаванне ведаў і ўменняў, атрыманых у ВНУ па ўсім курсе навучання, праверка магчымасцей самастойнай работы будучага спецыяліста ва ўмовах канкрэтнай вытворчасці, падрыхтоўка матэрыялаў да дыпломнай працы (праекта). З іншымі нормамі Палажэння можна падрабязней азнаёміцца тут.


    09.06.2010

    Створана камісія па каардынацыі работы па стварэнні і ўкараненні сучасных інтэграваных інфармацыйных сістэм і тэхналогій

    Дом УрадаЗ мэтай стварэння спрыяльных умоў для распрацоўкі і рэалізацыі высокатэхналагічнай, рэсурса- і энергазберагаючай, экалагічна бяспечнай экспартаарыентаванай прадукцыі Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову ад 25 траўня 2010 г. №790 "Аб некаторых мерах па стварэнні і ўкараненні сучасных інтэграваных інфармацыйных сістэм і тэхналогій". Гэтай пастановай зацверджаны Палажэнне аб міжведамаснай камісіі па каардынацыі работы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, па пытаннях стварэння і ўкаранення сучасных інтэграваных інфармацыйных сістэм і тэхналогій і яе персанальны склад. Міжведамасную камісію ўзначаліў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сямашка У.І., адным з намеснікаў старшыні зацверджаны першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Віцязь П.А. Ад Акадэміі навук у склад камісіі ўключаны таксама генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Тузікаў А.В. і галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Чыжык С.А.


    08.06.2010

    Сёння спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння замежнага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Г.І. Марчука

    Г.І.Марчук8 чэрвеня 2010 г. спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння выдатнага спецыяліста ў галіне вылічальнай матэматыкі, фізікі атмасферы і геафізікі, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Ленінскай прэміі, Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі, прэмій імя А.А.Фрыдмана і імя М.У.Келдыша, Міжнароднай прэміі імя Карпінскага і Дзямідаўскай прэміі, у 1975-1980 гг. віцэ-прэзідэнта АН СССР і старшыні Сібірскага аддзялення АН СССР, у 1980-1986 гг. намесніка Старшыні Савета Міністраў СССР і старшыні Дзяржаўнага Камітэта СССР па навуцы і тэхніцы, у 1986-1991 гг. прэзідэнта АН СССР, з 1991 г. ганаровага члена Прэзідыума Расійскай акадэміі навук, адначасова ў 1980-2000 гг. дырэктара Інстытута вылічальнай матэматыкі АН СССР, з 2000 г. ганаровага дырэктара інстытута і саветніка Расійскай акадэміі навук, акадэміка Расійскай акадэміі навук, замежнага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і шэрагу іншых акадэмій навук, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Гурыя Іванавіча Марчука.


    07.06.2010

    Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прыме актыўны ўдзел у 20-й міжнароднай спецыялізаванай выставе "Белагра-2010"

    Белагра-2010З 8 па 13 чэрвеня 2010 г. у Мінску (праспект Пераможцаў, 14) і на базе сельскагаспадарчага прадпрыемства ААТ "Гастэлаўскае" Мінскага раёна будзе праходзіць 20-я міжнародная спецыялізаваная выстава "Белагра-2010". У гэтым традыцыйным і адным з самых прадстаўнічых у Рэспубліцы Беларусь штогадовым форуме работнікаў сельскай гаспадаркі актыўны ўдзел прымуць навукова-практычныя цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробству, харчаванні, жывёлагадоўлі, бульбаводству і плодаагародніцтву, механізацыі сельскай гаспадаркі. Экспазіцыі ўсіх акадэмічных арганізацый аграрнага профілю будуць прадстаўлены ў мабільным павільёне ў палявых умовах ААТ "Гастэлаўскае" Мінскага раёна. Больш падрабязна аб удзеле Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў міжнароднай спецыялізаванай выставе "Белагра-2010" можна даведацца з прэс-рэліза.


    05.06.2010

    Аб'яўлены конкурс сумесных навукова-тэхнічных праектаў па прыярытэтных напрамках беларуска-літоўскага супрацоўніцтва

    ГКНТУ адпаведнасці з Пагадненнем паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Літоўскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій ад 24 студзеня 2008 г. і ў рамках Праграмы супрацоўніцтва паміж Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі і навукі Літоўскай Рэспублікі ў галіне навукі і тэхналогій ад 16 верасня 2009 г. аб'яўлены конкурс сумесных навукова-тэхнічных праектаў на перыяд 2011-2012 гадоў. Заяўкі на ўдзел прымаюцца па наступных прыярытэтных напрамках двухбаковага беларуска-літоўскага супрацоўніцтва: новыя матэрыялы і новыя крыніцы энергіі; медыцына, фармацыя і прамысловыя біятэхналогіі; інфармацыйныя і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі; тэхналогіі вытворчасці, перапрацоўкі і захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі; рэсурса- і энергазберагальныя тэхналогіі вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі; экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне; гуманітарныя і сацыяльныя даследаванні. Дакументы на конкурс прымаюцца па 6 верасня 2010 г. З патрабаваннямі да афармлення камплекта заяўляльных формаў, парадкам падачы і разгляду дакументаў і неабходнай кантактнай інфармацыяй можна азнаёміцца на сайце БелІСА.


    04.06.2010

    У Кіеве прайшла XIII Міжнародная канферэнцыя па квантавай оптыцы і квантавай інфармацыі

    КанферэнцыіУ перыяд з 28 траўня па 1 чэрвеня 2010 г. у сталіцы Украіны Кіеве прайшла XIII Міжнародная канферэнцыя па квантавай оптыцы і квантавай інфармацыі (ICQOQI'2010), арганізаваная Нацыянальнай акадэміяй навук Украіны і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Канферэнцыя сабрала 163 вучоных з 26 краін свету: Расіі, Украіны, Германіі, Беларусі, Італіі, ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Чэхіі, Польшчы, Японіі, Швейцарыі, Канады, Даніі, Фінляндыі, Нідэрландаў, Іспаніі, Аўстраліі, Аўстрыі, Швецыі, Грэцыі, Румыніі, Індыі, Мексікі, Саудаўскай Аравіі і Сінгапура. Больш за палову яе ўдзельнікаў склалі вядучыя спецыялісты ў галіне квантавай оптыкі і квантавай інфарматыкі. У рабоце канферэнцыі таксама прынялі ўдзел маладыя навукоўцы, аспіранты і студэнты, якія атрымалі магчымасць прадставіць свае першыя навуковыя вынікі. Больш падрабязна аб гэтай падзеі можна даведацца з прэс-рэліза.


    04.06.2010

    Зацверджана новая рэдакцыя Парадку распрацоўкі і рэалізацыі праграм Саюзнай дзяржавы

    Саюзная дзяржаваПастановай Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ад 23 красавіка 2010 г. №8 зацверджана новая рэдакцыя Парадку распрацоўкі і рэалізацыі праграм Саюзнай дзяржавы. Парадак, зацверджаны пастановай Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ад 11 кастрычніка 2000 г. №7, рэгулюе пытанні падрыхтоўкі і прыняцця рашэння аб распрацоўцы праграмы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, распрацоўкі яе праекта, падрыхтоўкі і прыняцця рашэння аб зацвярджэнні праграмы, рэалізацыі, фінансавання і кантролю за ходам рэалізацыі праграмы, падвядзення вынікаў рэалізацыі і ўнясення ў праграму зменаў, прадаўжэння тэрмінаў яе рэалізацыі і датэрміновага спынення. Дакументам таксама вызначаны форма пашпарта праграмы і асноўныя патрабаванні да зместу яе раздзелаў. З новай рэдакцыяй Парадку распрацоўкі і рэалізацыі праграм Саюзнай дзяржавы можна азнаёміцца тут.


    03.06.2010

    Аб'яўлены прыём у магістратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі на 2010 год

    Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" аб'явіла прыём у магістратуру на 2010 год па дзевяці спецыяльнасцях: мастацтвазнаўства, сацыялогія, эканоміка і кіраванне народнай гаспадаркай, біялогія, матэматыка, фізіка, прыкладная матэматыка і інфарматыка, хімія, машынабудаванне і машыназнаўства. Прыём у магістратуру ажыццяўляецца на бюджэтнай і платнай аснове. Заявы прымаюцца з 28 чэрвеня па 5 ліпеня 2010 г., уступныя экзамены будуць праводзіцца з 6 па 12 ліпеня 2010 г. Іншыя падрабязнасці тут.


    03.06.2010

    Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння ганаровага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі В.В. Зуёнка

    3 чэрвеня 2010 г. спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, перакладчыка і літэратурнага крытыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР імя Янкі Купалы і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1978-1982 гг. галоўнага рэдактара часопіса "Маладосць", у 1972-1978 гг. галоўнага рэдактара часопіса "Бярозка", у 1982-1989 гг. сакратара, у 1990-1998 гг. старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, кандыдата філалагічных навук, ганаровага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Васіля Васільевіча Зуёнка.


    02.06.2010

    Аб'яўлены прыём у дактарантуру і аспірантуру Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на 2010 год

    Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб'явіла прыём у дактарантуру і аспірантуру на 2010 год па шырокім спектры навуковых спецыяльнасцей. Падрабязнасці і кантактная інфармацыя тут.


    01.06.2010

    Колькі збожжа Беларусі патрэбна ў перспектыве

    Беларуская ніваПад такім загалоўкам у рубрыцы "Дыскусійная трыбуна" сённяшняга нумара грамадска-палітычнай урадавай газеты "Беларуская ніва" апублікаваны артыкул намесніка Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка У.Р.Гусакова аб праблемах развіцця збожжавай гаспадаркі нашай краіны - гэтай знакавай, вызначальнай галіны раслінаводства, якая задае тон усім іншым галінам сельскай гаспадаркі. Прадстаўленыя ў артыкуле аргументы пераканаўча сведчаць аб тым, што Беларусь мае адзіны і безальтэрнатыўны шлях развіцця - шлях інтэнсіфікацыі ўсіх галін сельскай гаспадаркі, у аснове чаго ляжыць збожжавая вытворчасць. І гэты шанец, як лічыць аўтар, варта як мага хутчэй рэалізаваць. Больш падрабязна са зместам артыкула можна азнаёміцца тут.


    01.06.2010

    Зацверджана міждзяржаўная мэтавая праграма Еўразійскай эканамічнай супольнасці "Інавацыйныя біятэхналогіі"

    Сайт ЕўрАзЭСПа выніках 26-га пасяджэння Міждзяржаўнага савета Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭс) на ўзроўні кіраўнікоў урадаў, якое адбылося 21 траўня 2010 г. у Санкт-Пецярбургу (Расія), зацверджана міждзяржаўная мэтавая праграма Еўразійскай эканамічнай супольнасці "Інавацыйныя біятэхналогіі". Праект канцэпцыі гэтай міждзяржаўнай праграмы, неабходнасць прыняцця якой ініцыяваная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам у звароце да кіраўнікоў дзяржаў-членаў ЕўрАзЭС ад 23 студзеня 2006 г., быў падрыхтаваны Інстытутам мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адобраны рашэннем Міждзяржаўнага Савета ЕўрАзЭС у студзені 2008 г. і зацверджаны рашэннем Інтэграцыйнага Камітэта ЕўрАзЭС у канцы ліпеня 2008 г.

    Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Чэрвень 2010 года / Да пачатку старонкі
    Пры поўным ці частковым выкарыстанні інфармацыі спасылка на крыніцу з'яўляецца абавязковай


  •