Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Архіў навін 2010 года

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Травень 2010 года

31.05.2010

Зацверджана палажэнне аб навуковых саветах і камісіях пры НАН Беларусі па важнейшых навуковых, навукова-тэхнічных і сацыяльна-эканамічных праблемах

Прэзідыум НАН БеларусіЗ мэтай рэалізацыі новай рэдакцыі часткі пятай артыкула 9 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 21 траўня 2010 г. №36 зацверджана Палажэнне аб навуковых саветах (камісіях) пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па важнейшых навуковых, навукова-тэхнічных і сацыяльна-эканамічных праблемах. Такія саветы і камісіі будуць створаны для ажыццяўлення каардынацыі навуковых даследаванняў, што маюць фундаментальнае значэнне для рэалізацыі прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, прыярытэтных напрамкаў навукова-тэхнічнай дзейнасці, павелічэння навукова-тэхнічнага, інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь. Яны стануць пастаянна дзеючымі кансультатыўна-дарадчыми органамі, прызначанымі для падрыхтоўкі прапаноў і рэкамендацый органам кіравання НАН Беларусі, рэспубліканскім і мясцовым органам дзяржаўнага кіравання, іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і Ураду Рэспублікі Беларусь, навуковым арганізацыям, вышэйшым навучальным установам і прадпрыемствам па пытаннях развіцця каардынуемых фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, выкарыстання іх вынікаў для распрацоўкі новай тэхнікі і тэхналогій, навукаёмістай і канкурэнтаздольнай прадукцыі, навуковага забеспячэння інавацыйнага развіцця галін нацыянальнай эканомікі. Аддзяленням НАН Беларусі сумесна з Упраўленнем навукова-арганізацыйнай і інфармацыйна-аналітычнай работы апарату НАН Беларусі даручана распрацаваць і ў IV квартале бягучага года ўнесці на зацвярджэнне прапановы па стварэнні пры НАН Беларусі сеткі названых навуковых саветаў і камісій.


29.05.2010

Заахвочаны пераможцы спаборніцтва 2009 года, занесеныя на Рэспубліканскую дошку Гонару

Рэспубліканская дошка ГонаруСавет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову ад 25 траўня 2010 г. №786 "Аб заахвочванні пераможцаў спаборніцтва 2009 года, занесеных на Рэспубліканскую дошку Гонару", у адпаведнасці з якім для заахвочвання пераможцаў спаборніцтва за дасягненне ў 2009 годзе найлепшых вынікаў у выкананні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і па эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, занесеных на Рэспубліканскую дошку Гонару, са сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на іншыя агульнадзяржаўныя выдаткі, выдаткавана 200 млн рублёў. У прыватнасці, на заахвочванне дзяржаўных навуковых устаноў "Інстытут тэхналогіі металаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" і "Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя У.А.Белага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", якія занялі першае месца сярод арганізацый навукі і навуковага абслугоўвання, выдаткавана па 8000 тыс. рублёў. Урадам таксама рэкамендавана кіраўнікам арганізацый, занесеных на Рэспубліканскую дошку Гонару, прэміраваць за кошт прыбытку, што застаўся пасля падаткаабкладання, работнікаў у залежнасці ад іх асабістага ўкладу ў дасягненне высокіх вынікаў працы, якія спрыялі перамозе ў спаборніцтве за дасягненне ў 2009 годзе найлепшых вынікаў у выкананні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і па эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў.


28.05.2010

Публікацыя беларускіх фізікаў у працах Міжнароднага таварыства па аптычнай тэхніцы стала адной з самых чытаемых

SPIE Digital LibraryПра гэта паведаміў у міжнародную навуковую лабараторыю аптычнай дыягностыкі Фраўнгофера-Сцяпанава Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар Рональд Дж. Дрыгерс - новы рэдактар часопіса Optical Engineering, што выдаецца Міжнародным таварыствам па аптычнай тэхніцы (SPIE), якое 1 ліпеня 2010 г. адзначыць сваё 55-годдзе. Ён грунтаваўся на даных наведвання лічбавай бібліятэкі SPIE Digital Library, якая ўключае больш за 295 тысяч дакументаў пачынаючы з 1990 года і з'яўляецца найбуйнейшай у свеце калекцыяй навукова-даследчых работ у галіне оптыкі і фатонікі. Паводле яго інфармацыі, паведамленне доктара фізіка-матэматычных навук Белага У.М. з сааўтарамі на адной з нядаўніх канферэнцый, якое выйшла ў свет у працах SPIE і прысвечана генерацыі і распаўсюджванню віхравых беселевых светлавых пучкоў высокага парадку ў лінейных і нелінейных крышталях, увайшло ў штомесяц абнаўляемы Топ 10 найбольш часта загружаемых дакументаў лічбавай бібліятэкі, хоць запампоўка гэтай 8-старонкавай публікацыі абыходзіцца кожнаму яе чытачу каля 20 долараў. Лічачы адной з мэтаў рэдактара навуковага часопіса публікацыю ў ім матэрыялаў, якія выклікаюць павышаны інтарэс у навуковай супольнасці, доктар Дрыгерс павіншаваў беларускіх аўтараў з гэтым дасягненнем і прапанаваў даслаць пашыраны варыянт іх артыкула для публікацыі ў рэдагуемым ім часопісе.


27.05.2010

Унесены змяненні і дапаўненні ў некаторыя пастановы Урада Рэспублікі Беларусь па пытаннях працоўных адносін

Дом УрадаУ выкананне пункта 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 сакавіка 2010 г. №164 "Аб унясенні змянення і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 2000 г. №180" пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 траўня 2010 г. №771 унесены змяненні і дапаўненні ў шэраг пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь па пытаннях працоўных адносін. У прыватнасці, выкладзены ў новай рэдакцыі падпункт 8.6 пункта 8 Палажэння аб парадку і ўмовах заключэння кантрактаў з навуковымі работнікамі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 1997 г. №718. Новая яго рэдакцыя прадугледжвае ўказанне ў кантракце ў якасці абавязковых умоў: абавязак навуковага работніка не пазней чым за адзін месяц да заканчэння тэрміну дзеяння кантракту пісьмова папярэдзіць наймальніка аб рашэнні працягнуць або спыніць працоўныя адносіны; абавязак наймальніка не пазней чым за адзін месяц да заканчэння тэрміну дзеяння кантракта пісьмова папярэдзіць навуковага работніка аб рашэнні працягнуць або спыніць працоўныя адносіны на ўмовах кантракту альбо працоўнага дагавора на нявызначаны тэрмін (пры захаванні патрабаванняў, устаноўленых заканадаўствам); поўную матэрыяльную адказнасць навуковага работніка за шкоду, прычыненую па яго віне наймальніку няправільным улікам і захоўваннем матэрыяльных ці грашовых каштоўнасцяў , іх крадзяжом, знішчэннем, і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам. Са зместам іншых змяненняў і дапаўненняў можна азнаёміцца тут.


26.05.2010

Зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі пастановы Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі аб узмацненні ролі навукі як фактару інавацыйнага развіцця

Пастановай Бюро Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ад 21 траўня 2010 г. №240 зацверджаны і даведзены да адказных выканаўцаў план мерапрыемстваў па рэалізацыі пастановы Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ад 23 красавіка 2010 г. №3 "Аб узмацненні ролі навукі як фактару інавацыйнага развіцця" і даручэнняў, дадзеных у дакладзе Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Планам прадугледжана выкананне на працягу бягучага года 27 мерапрыемстваў па развіцці, удасканаленні арганізацыі і павышэнні эфектыўнасці навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, удасканаленні кадравай палітыкі, актывізацыі міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і павышэнні яго эфектыўнасці.


25.05.2010

Акадэмік А.М. Рубінаў выбраны Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі БеларусьЯк паведамляе сайт Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, учора адбылося пасяджэнне чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання, падчас якога разгледжаны кадравыя пытанні. Савет Рэспублікі вызваліў Б.В. Батуру ад пасады Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у сувязі з пераходам на іншую працу. У адпаведнасці з Указам Кіраўніка дзяржавы ад 20 тращня 2010 г. №257 ён прызначаны старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Па выніках тайнага галасавання новым Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь выбраны вядомы навуковец і палітык, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анатоль Мікалаевіч Рубінаў.


24.05.2010

Створана рабочая група для падрыхтоўкі праекта дзяржаўнай праграмы распрацоўкі і вытворчасці ў рэспубліцы медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння

Дом УрадаРаспараджэннем Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь ад 18 траўня 2010 г. №68р створана міжведамасная рабочая група для забеспячэння падрыхтоўкі праекта дзяржаўнай праграмы распрацоўкі і вытворчасці ў рэспубліцы медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння на 2011-2015 гады, сустаршынямі якой зацверджаны намеснік Міністра аховы здароўя Шаўчук В.Я., намеснік Міністра прамысловасці Свідэрскі Г.Б. і намеснік Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Рахманаў С.К. Міжведамаснай рабочай групе, у склад якой уключаны таксама кіраўнікі шэрагу навуковых арганізацый і Аддзялення медыцынскіх навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, даручана да 15 чэрвеня 2010 г. забяспечыць распрацоўку і прадстаўленне Міністэрствам аховы здароўя ва ўстаноўленым парадку ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь праекта гэтай дзяржаўнай праграмы.


20.05.2010

Прыняты дадатковыя меры для стварэння спрыяльных умоў для дзейнасці суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры ў Рэспубліцы Беларусь

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі БеларусьЗ мэтай стварэння спрыяльных умоў для дзейнасці суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры ў Рэспубліцы Беларусь падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 траўня 2010 г. №252, якім унесены дапаўненні і змяненні ў некаторыя ўказы Кіраўніка дзяржавы, што рэгулююць пытанні стварэння суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры, дзейнасці Беларускага інавацыйнага фонду, стымулявання інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь. У прыватнасці, устаноўлена, што сродкі, прадугледжаныя ў рэспубліканскім бюджэце для фінансавання навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, могуць выкарыстоўвацца на арганізацыю дзейнасці і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры, уключаючы капітальныя выдаткі, у рамках мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь. На Беларускі інавацыйны фонд ускладзены дадатковыя функцыі ў частцы фінансавання венчурных праектаў, а таксама выкананне функцыі венчурнай арганізацыі ў частцы фінансавання венчурных праектаў. У склад пазарэалізацыйных даходаў венчурных арганізацый і Беларускага інавацыйнага фонду, што ўлічваюцца пры падаткаабкладанні, не будуць уключацца і не падлягаюць абкладанню падаткам на прыбытак сумы атрыманых ад інавацыйных арганізацый даходаў у выглядзе працэнтаў за прадастаўленне ў карыстанне грашовых сродкаў на фінансаванне венчурных праектаў. Пры выкананні пэўных умоў, для навукова-тэхналагічных паркаў, цэнтраў трансферу тэхналогій і рэзідэнтаў навукова-тэхналагічных паркаў устаноўлены падатак на прыбытак па стаўцы 10%. Таксама ўстаноўлена, што не падлягае абавязковаму продажу замежная валюта, атрыманая суб'ектамі інавацыйнай інфраструктуры і рэзідэнтамі навукова-тэхналагічных паркаў ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці.


19.05.2010

Расшыраны паўнамоцтвы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі БеларусьПрэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам падпісаны Закон Рэспублікі Беларусь ад 6 траўня 2010 г. №127-З "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ахове навакольнага асяроддзя", прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2 красавіка 2010 г. і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 19 красавіка 2010 г. Дапаўненнямі ў дзеючы Закон, якія ўступаюць у сілу праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання, у прыватнасці, прадугледжана, што Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праект схемы нацыянальнай экалагічнай сеткі будзе распрацоўвацца сумесна, а прапановы аб аб'яўленні і спыненні функцыянавання біясферных рэзерватаў будуць падрыхтоўвацца па ўзгадненні з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і дзяржаўнымі арганізацыямі.


18.05.2010

Сёння спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта М.М. Замяціна (1900-1965)

18 траўня 2010 г. спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння вучонага-жывёлагадоўца, у 1935-1946 гг. загадчыка кафедрамі Іркуцкага, Белацаркоўскага, Смаленскага, Чувашскага, загадчыка кафедры і намесніка дырэктара Новасібірскага сельскагаспадарчых інстытутаў, з 1946 г. загадчыка аддзела Інстытута сацыялістычнай сельскай гаспадаркі АН БССР, з 1949 г. загадчыка кафедры Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, з 1959 г. - Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара Мікалая Мітрафанавіча Замяціна.


17.05.2010

Аб'яўлены конкурс на суісканне міждзяржаўнай прэміі "Зоркі Садружнасці" 2010 года

Міждзяржаўная прэмія Зоркі СадружнасціУ адпаведнасці з Палажэннем аб міждзяржаўнай прэміі "Зоркі Садружнасці", зацверджаным Саветам па гуманітарнаму супрацоўніцтву дзяржаў-удзельніц СНД і Праўленнем міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД у траўні 2009 года, абвешчаны чарговы штогадовы конкурс на атрыманне міждзяржаўнай прэміі "Зоркі Садружнасці" 2010 года. На першым этапе конкурсу вылучэнне кандыдатур ажыццяўляецца арганізацыямі па асноўным месцы працы вучонага, на сходзе навуковых работнікаў або навукова-тэхнічным (вучоным) савеце на падставе рэкамендацыі калектыву работнікаў структурнага падраздзялення, дзе ён працуе. Вылучэнне кандыдатур у арганізацыях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і прадстаўленне матэрыялаў у аддзяленні неабходна завяршыць да 10 чэрвеня 2010 г. Кандыдатуры, рэкамендаваныя арганізацыямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі для ўдзелу ў конкурсе на суісканне прэміі "Зоркі Садружнасці", разглядаюцца у аддзяленнях і ва ўстаноўленым парадку прадстаўляюцца ў аддзел прэмій, стыпендый і ўзнагарод Упраўлення кадраў і кадравай палітыкі апарата Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі да 15 ліпеня 2010 г. Падрабязней з інфармацыяй аб конкурсе можна азнаёміцца тут.


17.05.2010

Сёння спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта Ф.А. Дронава (1925-1994)

16 траўня 2010 г. спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння вучонага-эканаміста, заслужанага эканаміста БССР, у 1968-1978 гг. намесніка дырэктара па навуковай рабоце, адначасова загадчыка сектара эканомікі навукова-тэхнічнага прагрэсу Інстытута эканомікі АН БССР, з 1981 г. дырэктара, з 1988 г. галоўнага навуковага супрацоўніка Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Дзяржплана БССР, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара эканамічных навук, прафесара Фёдара Амосавіча Дронава.


15.05.2010

Сёння спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта А.У. Белага

15 траўня 2010 г. спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння фізіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, прэміі Ленінскага камсамола, прэміі НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В.А.Капцюга, з 1973 г. навуковага супрацоўніка, загадчыка лабараторыі Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі, у 1992-2002 гг. начальніка навукова-вытворчага аддзела, у 2002-2004 гг. начальніка Упраўлення навукова-інавацыйнай дзейнасці апарату НАН Беларусі, у 2004-2006 гг. намесніка дырэктара Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі, у 2006-2009 гг. намесніка акадэміка-сакратара Аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАН Беларусі, адначасова з 2004 г. загадчыка аддзела Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара Аляксея Уладзіміравіча Белага.


15.05.2010

Выдадзены зборнік арганізацыйна-метадычных дакументаў, што рэгулююць парадак распрацоўкі і выканання дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў

ЗборнікВыйшаў з друку і рассылаецца зацікаўленым другі выпуск зборніка арганізацыйна-метадычных дакументаў, якія рэгулююць парадак распрацоўкі і выканання дзяржаўных праграм фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, падрыхтаваны Упраўленнем дзяржаўных праграм і Упраўленнем навукова-арганізацыйнай і інфармацыйна-аналітычнай работы апарату НАН Беларусі. Зборнік прызначаны для дзяржаўных заказчыкаў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, галаўных арганізацый - выканаўцаў работ па ўказаных праграмах, навуковых кіраўнікоў і каардынатараў праграм, навуковых саветаў па праграмах. У яго ўключаны палажэнні, што рэгулююць парадак фарміравання і выканання дзяржаўных комплексных мэтавых навукова-тэхнічных праграм, парадак распрацоўкі, фінансавання і выканання дзяржаўных праграм фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, парадак арганізацыі і правядзення дзяржаўнай навуковай экспертызы праектаў навукова-даследчых работ, зацверджаныя пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31.08.2006 №1117 і ад 2000/07/18 №1082 (са змяненнямі і дапаўненнямі), а таксама палажэнні, парадкі і тыпавыя формы, зноў прынятыя або выкладзеныя ў новых рэдакцыях і з улікам змяненняў і дапаўненняў, зацверджаных пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 24.12.2009 №113.


14.05.2010

Сёння спаўняецца 55 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта А.М. Данілава

14 траўня 2010 г. спаўняецца 55 гадоў з дня нараджэння вядомага сацыёлага і палітолага, лаўрэата прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у 1994-2000 гг. загадчыка сектара, намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, адначасова ў 1996-2003 гг. намесніка старшыні Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, з 2005 г. загадчыка кафедры сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, з 2003 г. намесніка Старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара сацыялагічных навук, прафесара Аляксандра Мікалаевіча Данілава.


14.05.2010

Сёння спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта Р.Л. Старобінца (1910-2001)

14 траўня 2010 г. спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння вядомага хіміка, заслужанага дзеяча навукі БССР, з 1940 г. дацэнта, у 1956-1989 гг. загадчыка кафедры Беларускага дзяржаўнага універсітэта, з 1989 г. галоўнага навуковага супрацоўніка НДІ фізіка-хімічных праблем Беларускага дзяржаўнага універсітэта, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара хімічных навук, прафесара Рыгора Лазаравіча Старобінца.


13.05.2010

Заўтра ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудуцца першыя Доўгірдаўскія чытанні

Інстытут філасофіі НАНБ14 траўня 2010 г. у 10.00 у Інстытуце філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрыецца Міжнародная навуковая канферэнцыя "Доўгірдаўскія чытанні - 1: эпістэмалогія і філасофія навукі". Канферэнцыя стане першай у серыі штогадовых тэматычных мерапрыемстваў інстытута пад агульнай назвай "Доўгірдаўскія чытанні", якія маюць мэтай выяўленне і выкарыстанне тлумачальнага і прагнастычныга патэнцыялу класічнай і сучаснай філасофіі ў пошуку навукова абгрунтаваных адказаў на гуманітарныя праблемы і выклікі сучаснасці. Серыя канферэнцый носіць імя мысліцеля, філосафа, логіка і псіхолага Анёла Станіслававіча Доўгірда (1776-1835), ураджэнца Мсціслаўшчыны, чыя змястоўная творчая спадчына прадстаўляе традыцыю навукова-філасофскай думкі ў Беларусі і Літве ў эпоху сінтэзу новаеўрапейскай філасофіі. Інфармацыйнае паведамленне для прэсы размешчана тут.


12.05.2010

Вызначаны парадак правядзення ацэнкі рызыкі магчымых шкодных уздзеянняў генна-інжынерных арганізмаў на здароўе чалавека

Дом УрадаУ адпаведнасці з абзацам восьмым артыкула 8 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 г. "Аб бяспечнасці генна-інжынернай дзейнасці" пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 траўня 2010 г. №677 зацверджана Палажэнне аб парадку правядзення ацэнкі рызыкі магчымых шкодных уздзеянняў генна-інжынерных арганізмаў на здароўе чалавека. Палажэннем устаноўлены парадак і адзіныя патрабаванні правядзення ацэнкі рызыкі магчымых шкодных уздзеянняў генна-інжынерных арганізмаў на здароўе чалавека і вызначана, што ацэнка рызыкі праводзіцца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць генна-інжынерную дзейнасць. Інфармацыя аб ацэнцы рызыкі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ўключаецца ў матэрыялы, што прадстаўляюцца названымі юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя для правядзення дзяржаўнай экспертызы бяспечнасці генна-інжынерных арганізмаў.


11.05.2010

Міхаіл Мясніковіч: Навука і інавацыі - аснова доўгатэрміновай канкурэнтаздольнасці краіны

Навука і інавацыі - аснова доўгатэрміновай канкурэнтаздольнасці краіныСусветны фінансава-эканамічны крызіс наглядна паказаў, што ў глабальнай эканоміцы наступіў перыяд змены тэхналагічных ўкладаў і арыентацыя на традыцыйныя мадэлі бізнесу і вытворчыя тэхналогіі не ў стане ў доўгатэрміновай перспектыве забяспечыць устойлівы рост дабрабыту ні адной, нават самай эканамічна магутнай дзяржавы. У асабліва цяжкім становішчы рызыкуюць апынуцца краіны, чый экспарт арыентаваны на традыцыйныя рынкі і слаба дыверсіфікаваны. Таму для Беларусі, у якой сёння распрацоўваюцца праграмныя дакументы, што вызначаюць курс яе сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступныя пяць гадоў, як ніколі актуальным з'яўляецца паскарэнне рэалізацыі стратэгіі мадэрнізацыі, лібералізацыі і інавацыйнага эканамічнага росту. Такі лейтматыў артыкула Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі М.У. Мясніковіча "Навука і інавацыі - аснова доўгатэрміновай канкурэнтаздольнасці краіны" у чарговым нумары эканамічнага ілюстраванага часопіса "Эканоміка Беларусі: вынікі, тэндэнцыі, прагнозы", з поўным тэкстам якой можна азнаёміцца тут.


10.05.2010

Зацверджана Палажэнне аб парадку функцыяніравання інтэрнет-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый

Дом УрадаСавет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову ад 29 красавіка 2010 г. №645 "Аб некаторых пытаннях інтэрнет-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый і прызнанні страціўшай сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2006 г. №192", якой зацверджана Палажэнне аб парадку функцыянавання інтэрнет-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый. Палажэннем вызначаюцца парадак функцыянавання афіцыйных сайтаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый, а таксама гаспадарчых таварыстваў, у адносінах да якіх Рэспубліка Беларусь або адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, валодаючы акцыямі (долямі ў статутных фондах), можа вызначаць рашэнні, што прымаюцца гэтымі гаспадарчымі таварыствамі, альбо адпаведных старонак афіцыйных сайтаў вышэйшых дзяржаўных органаў і арганізацый у глабальнай камп'ютэрнай сетцы Інтэрнет, а таксама патрабаванні да зместу гэтых інтэрнет-сайтаў. Адначасова прызнана страціўшай сілу пастанова Урада Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2006 г. №192 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб суправаджэнні інтэрнет-сайтаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь".


09.05.2010

Віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі з 65-й гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

Курган Славы Дарагія суайчыннікі!

Ад усёй душы віншую вас з 65-й гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Нам, сучаснікам, нават цяжка ўявіць радасць, захапленне і шчасце, якія прынесла першая мірная вясна. Але праз гады мы можам ацаніць вялікі гістарычны сэнс гэтай падзеі. Дзесяцігоддзі міру ў Еўропе, свабода і незалежнасць многіх народаў - усё гэта было аплачана крывёй нашых бацькаў, дзядоў і прадзедаў, мільёнаў вядомых і безыменных герояў.

У жорсткіх бітвах на фронце, у партызанскіх атрадах і падполлі, на палях і на заводах наш народ аддаваў свае сілы дзеля адной мэты - выстаяць і перамагчы.

За Перамогу Беларусь заплаціла страшнай цаной, і таму памяць пра мінулае для нас свяшчэнная.

У цэнтры Мінска, у самым сэрцы нашай Радзімы, гарыць Вечны агонь, а ў сэрцы кожнага з нас ніколі не згасне ўдзячнасць жывым і загінуўшым воінам. І мы зноў і зноў паўтараем знаёмыя з дзяцінства словы - НІХТО НЕ ЗАБЫТЫ І НІШТО НЕ ЗАБЫТА.

Паважаныя ветэраны! Вам мы абавязаны ўсім - жыццём, свабодай, шчасцем нашых дзяцей. Нізкі паклон вам! Жывіце доўга, застаючыся для нас прыкладам гонару і мужнасці. Мы, нашчадкі пакалення пераможцаў, абяцаем быць дастойнымі таго, каб ісці з вамі ў адным страі.

У гэта светлае свята сардэчна жадаю вам, дарагія землякі, і вашым блізкім шчасця, міру і дабра!

З Днём Вялікай Перамогі!

Аляксандр Лукашэнка

Крыніца: Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь


08.05.2010

Зацверджаны дадатковыя мерапрыемствы па арганізацыі ў рэспубліцы вытворчасці санітарна-гігіенічных і іншых вырабаў аднаразовага прымянення ў 2010 годзе

Дом УрадаПастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 тращня 2010 г. №664 унесены змяненні і дапаўненні ў Праграма мер па арганізацыі ў рэспубліцы вытворчасці санітарна-гігіенічных і іншых вырабаў аднаразовага прымянення, а таксама ў пастанову Урада ад 28 лютага 2006 г. №300, якой яна зацверджана. Праграма, адным з выканаўцаў якой з'яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, дапоўнена дадаткам, які прадугледжвае комплекс дадатковых мерапрыемстваў па арганізацыі ў рэспубліцы вытворчасці санітарна-гігіенічных і іншых вырабаў аднаразовага прымянення ў 2010 годзе. У прыватнасці, дзяржаўнымі навуковымі ўстановамі і навукова-вытворчымі аб'яднаннямі Акадэміі навук у бягучым годзе будзе арганізавана вытворчасць рэагентаў для вызначэння гемастазу, стаматалагічных дыскаў з каштоўных металаў, зубных пратэзаў з ахоўна-дэкаратыўным пакрыццём, афтальмалагічных кампазіцыйных керамічных імплантатаў, дэнтальных імплантатаў з порыстым пакрыццём з сферычнага парашку тытану, эндапратэзаў і міні-пласцін сківіцы і твару з пакрыццём з сферычнага парашку тытану. Кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, старшыням аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама пад персанальную адказнасць даручана забяспечыць размяшчэнне і выкананне ва ўстаноўленым парадку заданняў дзяржаўнага заказу на пастаўку прадукцыі згодна мерапрыемствам Праграмы.


07.05.2010

Кіраўніком дзяржавы падпісаны Закон Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях рэгулявання навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці"

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь4 траўня 2010 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам падпісаны Закон Рэспублікі Беларусь №115-З "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях рэгулявання навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці", прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 9 красавіка 2010 г. і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 19 красавіка 2010 г. Закон, праект якога быў распрацаваны па ініцыятыве Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, накіраваны на далейшае ўдасканаленне арганізацыі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў краіне і прадугледжвае ўнясенне шэрагу змяненняў і дапаўненняў у дзеючыя рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 1993 г. "Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі", Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 кастрычніка 1996 г. "Аб навуковай дзейнасці" і Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 1998 г. "Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі". Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь даручана ў трохмесячны тэрмін прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам i прыняць iншыя меры па рэалізацыі яго палажэнняў. Больш падрабязна са зместам новага заканадаўчага акту, які ўступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, можна азнаёміцца тут.


06.05.2010

Сёння спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі М.У. Мясніковіча

6 траўня 2010 г. спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння вядомага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, вучонага-эканаміста, у 1986-1990 гг. Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, з 1990 г. намесніка Старшыні Савета Міністраў БССР, Старшыні Дзяржаўнага камітэта БССР па эканоміцы і планаванню, першага намесніка Старшыні Савета Міністраў БССР, з 1994 г. намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, у 1995-2001 гг. Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з кастрычніка 2001 г. прэзідэнта, з кастрычніка 2004 г. Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена Урада Рэспублікі Беларусь, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара эканамічных навук, прафесара Міхаіла Уладзіміравіча Мясніковіча.


05.05.2010

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі М.У. Мясніковіч узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь

Дом УрадаПастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 красавіка 2010 г. №658 за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у арганізацыю, правядзенне і каардынацыю навуковых даследаванняў, распрацоўку канцэпцыі ўстойлівага інавацыйнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мясніковіч Міхаіл Уладзіміравіч узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Шчыра віншуем з высокай урадавай узнагародай і жадаем творчых поспехаў і новых навуковых здзяйсненняў!


05.05.2010

Сёння спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння замежнага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Л.І. Абалкіна

5 траўня 2010 г. спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння буйнога расійскага эканаміста і дзяржаўнага дзеяча, спецыяліста ў галіне тэорыі і метадалогіі эканамічнай навукі, праблем эканамічнай палітыкі, у 1978-1986 гг. загадчыка кафедры палітычнай эканоміі Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, у 1989-1991 гг. намесніка старшыні Савета Міністраў СССР, у 1986-2005 гг. дырэктара Інстытута эканомікі Расійскай акадэміі навук, з 2005 г. загадчыка кафедры сацыяльна-эканамічных праблем Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М.В. Ламаносава, дарадцы Расійскай акадэміі навук, акадэміка Расійскай акадэміі навук, члена Нью-Ёркскай акадэміі навук, Міжнароднай эканамічнай акадэміі "Еўразія" і Міжнароднага саюза эканамістаў, ганаровага члена шэрагу акадэмій навук, замежнага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара эканамічных навук, прафесара Леонида Ивановича Абалкина.


04.05.2010

Зацверджаны палажэнні аб парадку складання заяўкі на выдачу патэнта на гатунак расліны і заяўкі на рэгістрацыю тапалогіі інтэгральнай мікрасхемы

Дом УрадаУ адпаведнасці Законам Рэспублікі Беларусь ад 13 красавіка 1995 г. "Аб патэнтах на сарты раслін" і Законам Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 1998 г. "Аб прававой ахове тапалогіі інтэгральных мікрасхем" пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 красавіка 2010 г. №631 і №628 зацверджаны Палажэнне аб парадку складання заяўкі на выдачу патэнта на гатунак расліны і Палажэнне аб парадку складання заяўкі на рэгістрацыю тапалогіі інтэгральнай мікрасхемы, якімі ўстанаўліваюцца патрабаванні да адпаведных дакументаў. Урад упаўнаважыў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях да 5 траўня 2010 г. распрацаваць і зацвердзіць формы анкет сартоў і даверанасці на прадстаўніцтва інтарэсаў заяўніка (заяўнікаў) перад патэнтным органам, а таксама формы заявы аб выдачы пасведчання на тапалогію інтэгральнай мікрасхемы і даверанасці на прадстаўніцтва інтарэсаў заяўніка (заяўнікаў) перад патэнтным органам.


03.05.2010

20 траўня адбудзецца Гомельскі эканамічны форум - 2010

Гомельскі эканамічны форум - 201020 траўня 2010 г. у г. Гомель адбудзецца VII Гомельскі эканамічны форум - 2010, мэтамі якога з'яўляюцца інфармаванне дзелавых колаў аб інвестыцыйным патэнцыяле вобласці, устанаўленне новых дзелавых кантактаў і прыцягненне замежных інвестараў. Фарматам мерапрыемства прадугледжваецца правядзенне пяці секцый: турызм, сфера паслуг і гандаль; будаўніцтва і энергетыка; перапрацоўчая прамысловасць і сельская гаспадарка; знешнеэканамічнае супрацоўніцтва; навукова-інавацыйны патэнцыял. У рамках форуму плануецца правядзенне выставы новых актуальных інвестыцыйных праектаў Гомельскай вобласці. Больш падрабязна з праграмай і ўмовамі ўдзелу ў Гомельскім эканамічным форуме, праграмамі работы секцый і іншай неабходнай інфармацыяй можна азнаёміцца на сайце www.gomel-forum.by.


02.05.2010

Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння акадэміка М.М. Аляхновіча

2 траўня 2010 г. спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння фізіка, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, у 1968-1989 гг. загадчыка лабараторыі, у 1993-2004 гг. дырэктара Інстытута фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, адначасова ў 1997-2002 гг. акадэміка-сакратара Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 2007 г. галоўнага навуковага супрацоўніка Навукова-практычнага цэнтра па матэрыялазнаўстве Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Мікалая Міхайлавіча Аляхновіча.


01.05.2010

Сёння спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння ганаровага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Г.А. Ціхава (1875-1960)

1 траўня 2010 г. спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння астранома, астрафізіка і астрабатаніка, заслужанага дзеяча навукі Казахскай ССР, лаўрэата прэмій Парыжскай акадэміі навук і Рускага астранамічнага таварыства, у 1906-1941 гг. супрацоўніка Пулкаўскай абсерваторыі, з 1947 г. загадчыка сектара астрабатанікі Акадэміі навук Казахскай ССР, акадэміка Акадэміі навук Казахскай ССР, члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР, ганаровага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Амерыканскага астранамічнага таварыства, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Гаўрыіла Адрыянавіча Ціхава.


01.05.2010

Два акадэмічных інстытуты прызнаны пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва 2009 года і занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару

Рэспубліканская дошка ГонаруУказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 красавіка 2010 г. №217 вызначаны пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва сярод абласцей, раёнаў, гарадоў , раёнаў у гарадах і працоўных калектываў за дасягненне ў 2009 годзе найлепшых вынікаў у выкананні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Сярод арганізацый навукі і навуковага абслугоўвання пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва прызнаны і занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару: дзяржаўная навуковая ўстанова "Інстытут тэхналогіі металаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" (першае месца) і дзяржаўная навуковая ўстанова" Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя У.А.Белага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" ( першае месца). Віншуем калектывы арганізацый-пераможцаў і жадаем творчых поспехаў і новых навуковых здзяйсненняў!

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Травень 2010 года / Да пачатку старонкі
Пры поўным ці частковым выкарыстанні інфармацыі спасылка на крыніцу з'яўляецца абавязковай