Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Архіў навін 2012 года

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Кастрычнік 2012 года

31.10.2012

Аб'яўлены конкурс сумесных беларуска-сербскіх навукова-тэхнічных праектаў на 2013-2015 гады

ДКНТ Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Сербія аб'явілі конкурс сумесных навукова-тэхнічных праектаў на 2013-2015 гады. Заяўкі прымаюцца па наступных прыярытэтных напрамках двухбаковага супрацоўніцтва: энергаэфектыўнасць і аднаўляльныя крыніцы энергіі; новыя матэрыялы, у тым ліку нанаматэрыялы і нанатэхналогіі; медыцына і фармацыя; інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі; агра- і біятэхналогіі; экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне. Дакументы на конкурс прымаюцца ў перыяд з 1 лістапада па 31 снежня 2012 г. Падрабязнасці - тут.


30.10.2012

Зацверджана Палажэнне аб установе вышэйшай адукацыі

Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 1 жніўня 2012 г. №93 зацверджана і сёння афіцыйна апублікавана Палажэнне аб установе вышэйшай адукацыі, узгодненае шырокім колам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Палажэннем, у прыватнасці, устаноўлена, што асноўнымі задачамі ўстановы вышэйшай адукацыі з'яўляюцца: падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, павышэнне кваліфікацыі, перападрыхтоўка і прафесійная падрыхтоўка кадраў; арганізацыя і правядзенне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў; падрыхтоўка навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі; арганізацыя ідэалагічнай і выхаваўчай работы; арганізацыя і ажыццяўленне інавацыйнай дзейнасці, у тым ліку садзейнічанне камерцыялізацыі вынікаў ажыццяўляемай установай навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці. З поўным тэкстам дакумента можна азнаёміцца тут.


29.10.2012

Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук узнагародзіла лепшыя навукова-выдавецкія праекты 2012 года

24-25 кастрычніка 2012 г. у Маскве адбылася VI Сесія Савета па кнігавыданню пры Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН), у рамках якой былі падведзены вынікі чарговага Міжнароднага конкурсу на лепшы навукова-выдавецкі праект "Навуковая кніга". Па выніках конкурсу "Навуковая кніга"-2012 Выдавецкі дом "Беларуская навука" удастоены двух дыпломаў. Дыплом лаўрэата ў намінацыі "Гран-пры" уручаны за падрыхтоўку і выпуск кнігі "Археалагічная спадчына Беларусі" на рускай і англійскай мовах, дыплом пераможцы ў намінацыі "Прыродазнаўчыя навукі" - за падрыхтоўку і выпуск кнігі "Энергаэфектыўнасць аграрнай вытворчасці". Абедзве кнігі падрыхтаваны да друку вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.



28.10.2012

Сёння спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта К.І. Шабуні (1912-1984)

28 кастрычніка 2012 г. спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння гісторыка, заслужанага дзеяча навукі БССР, у 1946-1948 гг. старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі АН БССР, у 1948-1956 гг. супрацоўніка аддзела навукі і вышэйшых навучальных устаноў ЦК КПБ, у 1956-1983 гг. загадчыка сектара, з 1983 г. старшага навуковага супрацоўніка-кансультанта Інстытута гісторыі АН БССР, адначасова ў 1946-1955 гг. дацэнта Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ, у 1956-1959 гг. дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1968-1971 гг. загадчыка кафедры Інстытута народнай гаспадаркі імя В.В. Куйбышава, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара гістарычных навук, прафесара Канстанціна Іванавіча Шабуні.


27.10.2012

Сёння спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта А.П. Шкадарэвіча

27 кастрычніка 2012 г. спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння фізіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, у 1970-1979 гг. навуковага супрацоўніка Інстытута фізікі АН БССР, з 1979 г. начальніка Міжведамаснага канструктарскага аддзела, з 1984 г. начальніка аддзялення - нам. галоўнага інжынера ЦКБ "Пеленг", з 1992 г. дырэктара Навукова-тэхнічнага цэнтра "ЛЭМТ" Беларускага оптыка-механічнага аб'яднання, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Аляксея Пятровіча Шкадарэвіча.


26.10.2012

Апублікаваны сусветны рэйтынг універсітэтаў World University Rankings 2012-2013

У пачатку кастрычніка ўплывовы брытанскі часопіс Times Higher Education (THE) апублікаваў дзевяты па ліку сусветны рэйтынг універсітэтаў World University Rankings 2012-2013, які ўжо ў трэці раз рыхтуецца ім пры ўдзеле інфармацыйнай карпарацыі Thomson Reuters. Метадалогія гэтага міжнароднага рэйтынгу ўлічвае 13 паказчыкаў, што дазваляюць аб'ектыўна судзіць аб эфектыўнасці выканання ВНУ сваіх асноўных задач - выкладанне, навуковыя даследаванні, трансфер ведаў і міжнароднае супрацоўніцтва. Пры падрыхтоўцы новай версіі рэйтынгу праведзена апытанне звыш 16,5 тысяч прадстаўнікоў навукова-адукацыйнай супольнасці, выкананы аналіз 50 мільёнаў спасылак на 6 мільёнаў часопісных артыкулаў. У выніку першае месца зноў заняў Каліфарнійскі тэхналагічны інстытут, другое (і першае ў Еўропе) - Оксфардскі ўніверсітэт, у трэцяй сотні спісу апынуліся Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт і Маскоўскі інжынерна-фізічны інстытут, а Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт з топ-400 выбыў. У чарговы раз ні адна з устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Украіны ў аўтарытэтны сусветны рэйтынг не трапіла.


26.10.2012

Беларускі спадарожнік пачаў даследаваць Зямлю

Каб увайсці ў лік касмічных дзяржаў, Беларусі спатрэбілася дзевяць гадоў - менавіта столькі часу пайшло на рэалізацыю праекта па запуску айчыннага спадарожніка. Імкнуліся не дарма: атрымаўшы 29 жніўня 2012 г. першыя здымкі з арбіты, рэспубліка афіцыйна запусціла касмічную сістэму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і неўзабаве зможа прадаваць відарысы, якія атрымае арбітальнае вока. Пра тое, як атрыманы першыя здымкі з космасу, што зафіксавана на іх і якія перспектывы выкарыстання касмічнай інфармацыі, распавёў дырэктар акадэмічнага НДРУП "Геаінфармацыйныя сістэмы" Сяргей Залаты ў свежым нумары выдання Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь - эканамічным ілюстраваным часопісе "Эканоміка Беларусі: вынікі, тэндэнцыі, прагнозы".


25.10.2012

Сёння спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта А.К. Карабанава

25 кастрычніка 2012 г. спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне геалогіі, лаўрэата прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 1985 г. старшага навуковага супрацоўніка, з 1992 г. загадчыка лабараторыі Інстытута геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 2008 г. дырэктара Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара геолага-мінералагічных навук, прафесара Аляксандра Кірылавіча Карабанава.


23.10.2012

А.М. Русецкі вызвалены ад пасады Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2012 г. №487 Русецкі Анатолій Максімавіч вызвалены ад пасады Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў сувязі з пераходам на выбарную пасаду.


22.10.2012

Адбылося выязное пасяджэнне каардынацыйнага савета па ДКМНТП "Бяспека, папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый"

Дом Урада Як паведамляе сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, 18 кастрычніка на базе Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС пад старшынствам Намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.М. Калініна прайшло выязное пасяджэнне каардынацыйнага савета па дзяржаўнай комплекснай мэтавай навукова-тэхнічнай праграме "Бяспека, папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый". У прыватнасці, віцэ-прэм'ер заслухаў кіраўнікоў арганізацый-выканаўцаў праектаў дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы "Шматфункцыянальныя беспілотныя авіяцыйныя комплексы і тэхналогіі іх вытворчасці" на 2011-2015 гады. У яе рамках Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і прадпрыемствамі абароннага сектара праводзяць работы па стварэнні новых узораў беспілотных авіяцыйных комплексаў з беспілотнымі лятальнымі апаратамі (БЛА) розных класаў і назначэння. Ужо распрацаваны макетныя і доследныя ўзоры міні-БЛА, апаратаў блізкага дзеяння і малой далёкасці, вядуцца працы па стварэнні БЛА сярэдняга і вялікага класаў. У ходзе практычнай часткі пасяджэння каардынацыйнага савета былі праведзены дэманстрацыйныя палёты беспілотных авіяцыйных комплексаў. Падрабязнасці - тут.


22.10.2012

Рыхтуецца да выдання новы выпуск каталога інавацыйных праектаў і распрацовак

ДКНТ Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і дзяржаўная ўстанова "Беларускі інстытут сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы" рыхтуюць да выдання Каталог інавацыйных праектаў і распрацовак па выніках выканання дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм і інавацыйных праектаў за 2011 год. Органы дзяржаўнага кіравання - дзяржаўныя заказчыкі дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм і галаўныя арганізацыі па праграмах і інавацыйных праектах запрашаюцца прадставіць да 31 кастрычніка 2012 г. інфармацыйны матэрыял па ўсіх значных праектах з ліку завершаных ў 2011 годзе для ўключэння ў каталог. Электронныя формы для падрыхтоўкі матэрыялаў і дадатковая інфармацыя размешчаны тут.


21.10.2012

Сёння спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння акадэміка Я.М. Афанасьева (1877-1937)

21 кастрычніка 2012 г. спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння вучонага-глебазнаўца, з 1921 г. прафесара, загадчыка кафедры ў Горацкім сельскагаспадарчым інстытуце, у 1931-1937 гг. дырэктара Інстытута аграглебазнаўства АН БССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара геолага-мінералагічных навук, прафесара Якава Мікітавіча Афанасьева.


20.10.2012

Наша ліга нацый

СБ-Беларусь Сегодня Пад такім загалоўкам у сённяшнім нумары газеты "Савецкая Беларусь" распавядаецца аб новай кнізе Выдавецкага дома "Беларуская навука", якая выйшла ў свет пад гаворачай назвай - "Хто жыве ў Беларусі". Багата ілюстраваны 800-старонкавы фаліянт падрыхтаваны этнолагамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і дае добрае ўяўленне аб сацыяльнай, матэрыяльнай і духоўнай культуры народаў, што пражываюць на тэрыторыі краіны, - з даўніх і з нядаўніх часоў. Падрабязнасці - тут.


20.10.2012

Удакладнены ўказанні па запаўненні формы дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці аб ходзе выканання дзяржаўнай праграмы

Пастановай Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 12 кастрычніка 2012 г. №184 унесены змяненні і дапаўненні ва Указанні па запаўненні формы дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці 2-ф (гп) "Справаздача аб ходзе выканання дзяржаўнай праграмы", зацверджаныя пастановай Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 11 ліпеня 2011 г. №175. Пастанова ўступае ў сілу з 1 сакавіка 2013 г.


19.10.2012

Апублікавана Дэкларацыя аб этычных прынцыпах навуковай дзейнасці

У свежым нумары навукова-тэарэтычнага і інфармацыйна-метадычнага часопіса "Веснік Фонду фундаментальных даследаванняў", які выдаецца Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў, апублікавана пастанова Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 17 траўня 2012 г. №37-6 "Аб Дэкларацыі аб этычных прынцыпах навуковай дзейнасці". Дэкларацыя, прынятая гэтай пастановай, абвяшчае стандарт этычна апраўданай навуковай дзейнасці ў якасці падмурка як яе ўласнай арганізацыі, так і дзяржаўна-грамадскай палітыкі, накіраванай на яе забеспячэнне і падтрымку. Дэкларацыя аб этычных прынцыпах навуковай дзейнасці звернута да парламентаў і ўрадаў дзяржаў - удзельніц СНД, нацыянальных і грамадскіх акадэмій навук, навуковых арганізацый і ўстаноў, навуковых асацыяцый, навуковых работнікаў, грамадскіх арганізацый і груп, што займаюцца навуковай дзейнасцю і зацікаўленым у яе развіцці. З яе тэкстам можна азнаёміцца тут.


19.10.2012

Член-карэспандэнт М.У. Казаравец абраны старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Як паведамляе БелТА, сёння на першым пасяджэнні сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю абраны член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Уладзіміравіч Казаравец.


19.10.2012

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі А.М. Русецкі абраны намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Як паведамляе БелТА, сёння на першым пасяджэнні сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анатолій Максімавіч Русецкі абраны намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.


19.10.2012

Акадэмік А.М. Рубінаў абраны Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Як паведамляе БелТА, сёння на першым пасяджэнні сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі абраны акадэмік Анатолій Мікалаевіч Рубінаў.


18.10.2012

Супрацоўнікі Аб'яднанага інстытута машынабудавання ўзнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь

Дом Урада Урадам Рэспублікі Беларусь прынята пастанова ад 15 кастрычніка 2012 г. №928, згодна з якой Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь узнагароджаны: за шматгадовую плённую навуковую дзейнасць, значны асабісты ўклад у распрацоўку і ўкараненне сістэмы метадаў разліку даўгавечнасці мабільных машын, рэалізацыю дзяржаўных навуковых, навукова-тэхнічных праграм у галіне машынабудавання - Альгін Уладзімір Барысавіч, намеснік дырэктара па навуковай рабоце дзяржаўнай навуковай установы "Аб'яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі"; за шматгадовую плённую навуковую дзейнасць, значны асабісты ўклад у распрацоўку імпартазамяшчальных навукаёмістых рэдуктараў і праграмна-кіруемых прыводаў, стварэнне і ўкараненне новых метадаў і сродкаў аўтаматызаваных выпрабаванняў механічных і гідраўлічных прывадных сістэм, падрыхтоўку навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі - Басінюк Уладзімір Леанідавіч, дырэктар навукова-тэхнічнага цэнтра дзяржаўнай навуковай установы "Аб'яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі". Шчыра віншуем з узнагародай і жадаем новых творчых поспехаў!


18.10.2012

Сёння спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння акадэміка А.А. Стральчонка (1947-2010)

18 кастрычніка 2012 г. спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння хіміка, з 1979 г. загадчыка лабараторыі, у 1988-2000 гг. дырэктара Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 1999 г. кіраўніка даследаванняў і распрацовак фармацэўтычнай фірмы "Oasmia", акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара хімічных навук Алега Анатольевіча Стральчонка.


18.10.2012

Тэхналагічны запыт на металічныя пакрыцці для дэталяў з тэрмарэактыўных пластмас

NineSigma NineSigma, representing a Fortune 500 Consumer Products Manufacturer, invites proposals for improved methods for producing smooth uniform metal plated surfaces on thermoset plastic parts. More information is available here and in the request document online. The final submission date for Proposal Briefs is October 26, 2012. Please also click here to view all open requests by technical area, industry, or status.


17.10.2012

Абноўлены пералік адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца НАН Беларусі і яе арганізацыямі ў адносінах да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў

Пералікі адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца НАН Беларусі і яе арганізацыямі Абноўлены размешчаны на вэб-сайце Пералік адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і арганізацыямі, якія знаходзяцца ў яе веданнi, у дачыненні да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Новая рэдакцыя пераліку даступная тут.


17.10.2012

Заўтра ў Нацыянальнай акадэміі навук адкрываецца міжнародная канферэнцыя "Беларусь вачыма польскіх этнографаў XIX - першай паловы ХХ ст."

18-19 кастрычніка 2012 г. у г. Мінску адбудзецца Міжнародная навуковая канферэнцыя "Беларусь вачыма польскіх этнографаў XIX - першай паловы ХХ ст. (да 200-годдзя Ю. Крашэўскага, да 125-годдзя К. Машыньскага)", арганізатарамі якой выступаюць дзяржаўная навуковая ўстанова "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" і Польскі Інстытут у Мінску. У ходзе работы канферэнцыі на секцыйных пасяджэннях мяркуецца разгледзець наступныя пытанні: традыцыі матэрыяльнай культуры беларускага насельніцтва ў даследаваннях польскіх этнографаў; традыцыі духоўнай культуры насельніцтва Беларусі ў даследаваннях польскіх этнографаў і фалькларыстаў; даследаванні традыцыйнай этнічнай культуры ў кантактных рэгіёнах Беларусі і Польшчы. Плануецца таксама правядзенне круглага стала "Праблемы і перспектывы развіцця сумесных беларуска-польскіх даследаванняў у галіне этналогіі, фалькларыстыкі і славістыкі". У працы навуковага форуму прымуць удзел даследчыкі з Беларусі, Польшчы, Расіі.


16.10.2012

"Вылечыць" свідравіну? Гэта элементарна

Газета Рэспубліка Пад такім загалоўкам у сённяшнім нумары газеты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліка" апублікавана нататка, што распавядае пра беспрэцэдэнтна танны спосаб значна павялічыць аддачу нафтаносных пластоў, прапанаваны вучонымі Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя У.А. Белага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Рашэнне гэтай задачы апынулася такім эфектыўным, што пасля публікацый у навуковай літаратуры і рэгістрацыі патэнтаў да распрацоўкі праявілі цікавасць Расія, ЗША і Германія. Замежныя спецыялісты, якія ведаюць толк у тым, што такое якасны герметызавальны экран, што перакрывае ці абмяжоўвае прыток вады да нафтавай свідравіны, і якія ўмеюць лічыць грошы, убачылі ў беларускім вынаходстве рэальны шлях да зніжэння выдаткаў на здабычу вуглевадародаў. Высокую ацэнку не маючай аналагаў распрацоўцы далі і спецыялісты РУП "Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта", дзе навінка выпрабоўвалася. Падрабязнасці - тут.


15.10.2012

Абноўлена інфармацыя аб міжнародных мерапрыемствах 2012 года

КанферэнцыіНа старонцы Міжнародныя мерапрыемствы абноўлена інфармацыя аб шэрагу навуковых, навукова-тэхнічных і навукова-практычных канферэнцый, запланаваных для правядзення ці арганізуемых пры падтрымцы арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў другім паўгоддзі 2012 года. Удакладнены тэрміны іх правядзення і кантактная інфармацыя, дабаўлены спасылкі на інфармацыйныя лісты арганізацыйных камітэтаў гэтых мерапрыемстваў.


15.10.2012

Журналісты з 80 расійскіх СМІ наведалі Нацыянальную акадэмію навук Беларусі

Сёння ўдзельнікі чарговага прэс-тура прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ў Рэспубліку Беларусь наведалі Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. На сустрэчы, што адбылася ў Вялікай канферэнц-зале Акадэміі навук, перад 90 журналістам з 80 расійскіх СМІ 48 суб'ектаў усіх федэральных акруг Расіі выступіў Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.М. Русецкі, які таксама адказаў на шматлікія пытанні ўдзельнікаў прэс-тура. Адбыліся дэманстрацыя фільма пра НАН Беларусі і прэзентацыя інавацыйных праектаў яе арганізацый. У другой палове дня прадстаўнікі расійскіх СМІ наведаюць унітарнае прадпрыемства "Геаінфармацыйныя сістэмы".


15.10.2012

VII Беларускі інвестыцыйны форум адбудзецца 15-16 лістапада ў Мінску

VII Беларускі інвестыцыйны форум 15-16 лістапада 2012 г. у Мінску адбудзецца VII Беларускі інвестыцыйны форум, задачамі якога з'яўляюцца прэзентацыя інвестыцыйных магчымасцяў і праектаў Беларусі; вывучэнне інтарэсаў і пажаданняў патэнцыйных інвестараў у сувязі з прыходам на беларускі рынак; прыцягненне інвестыцый у інавацыйную эканоміку краіны. Форум дазволіць удзельнікам з некалькіх дзесяткаў краін атрымаць поўную і дакладную інфармацыю аб значным інвестыцыйным патэнцыяле Беларусі, у тым ліку аб адкрыўшыхся магчымасцях, у сувязі з фарміраваннем Адзінай эканамічнай прасторы. У гэтым годзе мерапрыемства будзе праходзіць у выглядзе дыскусійных "круглых сталоў" з прыцягненнем мадэратараў з ліку аўтарытэтных міжнародных экспертаў. На афіцыйным сайце VII Беларускага інвестыцыйнага форуму investforum.by пачата рэгістрацыя ўдзельнікаў і прэсы.


13.10.2012

Унесены змяненні і дапаўненні ў палажэнне аб парадку складання заяўкі на выдачу патэнта на вынаходства

Дом Урада Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 кастрычніка 2012 г. №914 унесены змяненні і дапаўненні ў Палажэнне аб парадку складання заяўкі на выдачу патэнта на вынаходства, правядзення па ёй экспертызы і вынясення рашэння па выніках экспертызы, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2011 г. №119. Акрамя змяненняў і дапаўненняў, што тычацца асобных нормаў дакумента, Палажэнне дапоўнена главой 45 "Асаблівасці экспертызы заяўкі на вынаходства пры ўстанаўленні наяўнасці іншай заяўкі на ідэнтычнае вынаходства або карысную мадэль, якія маюць адну і тую ж дату прыярытэту".


12.10.2012

Дырэктар Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава адзначаны вышэйшай узнагародай урада Кітая для замежных спецыялістаў

Як паведамляюць афіцыйны вэб-партал Урада Кітайскай Народнай Рэспублікі і інфармацыйнае агенцтва Сіньхуа, у канцы верасня 50 замежных спецыялістаў удастоены "Прэміі дружбы" за 2012. Прэмія заснавана кітайскім урадам у 1991 годзе для ўзнагароджання спецыялістаў, што ўнеслі ўклад у эканамічнае будаўніцтва і сацыяльнае развіццё Кітая, і ў агульнай складанасці ўручана 1249 замежным спецыялістам з 65 краін. У гэтым годзе прэстыжнай узнагароды ўдастоены спецыялісты з 22 краін, у тым ліку дырэктар Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук Уладзімір Віктаравіч Кабанаў. У 2011-2012 гг. ён ініцыяваў заключэнне некалькіх кантрактаў з КНР на агульную суму звыш 3 млн долараў. Кантракты датычацца распрацоўкі лазерна-аптычных і оптаэлектронных сістэм для далёкага марскога бачання, лідарнага зандзіравання атмасферы, газааналізу ў прамысловых зонах, а таксама стварэння ядзернага спектрометра для кантролю радыяцыйнай абстаноўкі ў вадзе, прадуктах харчавання і глебе.

Сардэчна віншуем Уладзіміра Віктаравіча з высокай міжнароднай узнагародай!


12.10.2012

Тэхналагічны запыт на матэрыялы, што змяняюць фізічныя ўласцівасці пад прыкладзеным уздзеяннем

NineSigma NineSigma, representing a major materials manufacturer, invites proposals for materials whose physical properties change due to intentionally applied stimuli. More information is available here and in the request document online. The final submission date for Proposal Briefs is October 31, 2012. Please also click here to view all open requests by technical area, industry, or status.


11.10.2012

Апублікаваны рэкамендацыі рэгіянальнага семінара "Акадэміі навук Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы і іх роля ў грамадстве, заснаваным на ведах"

IAP На вэб-сайце Міжакадэмічнай групы па міжнародных праблемах (IAP) апублікаваны рэкамендацыі рэгіянальнага семінара "Акадэміі навук Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы і іх роля ў грамадстве, заснаваным на ведах", які прайшоў 11-12 чэрвеня 2012 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пры падтрымцы Міжакадэмічнай групы па міжнародных праблемах і Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы (CEI). З тэкстам дакумента можна таксама азнаёміцца тут.


10.10.2012

На наступным тыдні адкрываецца III Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "ТРЫІН 2012"

17-19 кастрычніка 2012 г. у Мінску адбудзецца III Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "ТРЫІН 2012", мэта якой - прафесійнае абмеркаванне, выяўленне i распаўсюджванне эфектыўнага вопыту выкарыстання новых ведаў, інавацый і інвестыцый у вытворчых, адукацыйных і даследчых прадпрыемствах і арганізацыях. У працы канферэнцыі прымуць удзел прадстаўнікі Цэнтра даследаванняў навукова-тэхнічнага патэнцыялу і гісторыі навукі імя Г.М. Даброва (Украіна), Цэнтра навуковых інавацый Акадэміі навук Азербайджана, Інстытута эканомікі РАН, Інстытута эканомікі Камітэта навукі Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан, Інстытута эканомікі, фінансаў і статыстыкі Малдовы, Нацыянальнай хімічнай лабараторыі (Індыя), Стамбульскага ўніверсітэта і Універсітэта Селькука (Турцыя), Цэнтра садзейнічання развіццю вынаходніцтва і рацыяналізацыі УТВР (Расія) і інш. У рамках канферэнцыі будуць падведзены вынікі VI Рэспубліканскага конкурсу "Тэхнасфера-2012" па намінацыях: "Лепшае інавацыйнае прадпрыемства", "Лепшая навацыя", "Лепшы таварны знак", а таксама праведзены адкрыты дэманстрацыйны і дэгустацыйны салон, на якім будуць прадстаўлены інавацыі 2011-2012 гг. Іншыя падрабязнасці і кантактная інфармацыя - у прэс-рэлізе.


10.10.2012

Выйшла з друку кніга "Гісторыя Пінска. Ад старажытнасці да сучаснасці"

Да 915-й гадавіны з першага летапіснага ўпамінання Пінска - аднаго з найстаражытных гарадоў Беларусі ў выдавецтве "Вышэйшая школа" пад грыфам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выйшла з друку кніга "Гісторыя Пінска. Ад старажытнасці да сучаснасці". У больш чым 700-старонкавым выданні ўпершыню на вялізным дакументальным матэрыяле са шматлікіх айчынных і замежных архіваў даследуецца гістарычнае аблічча горада Пінска ад старажытнага часу да сучаснасці: планіроўка, архітэктура, структура кіравання, паўсядзённае жыццё насельніцтва, перспектывы горада. Прыводзяцца факты, тлумачацца падзеі, якія адбываліся ў рэчаіснасці, паказаны механізм зараджэння г. Пінска, яго станаўлення і развіцця, даецца ацэнка гаспадарча-эканамічнага, сацыяльна-палітычнага і культурнага значэння горада на розных этапах ад старажытнасці да сучаснасці. Багата ілюстраваная кніга выдадзена пры фінансавай падтрымцы Пінскага гарвыканкама і разлічана на гісторыкаў, археолагаў, краязнаўцаў, работнікаў музеяў, выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, гісторыяй Палесся і яго сталіцы - Пінска.


10.10.2012

Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта В.А. Барадулі

10 кастрычніка 2012 г. спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння цеплаэнергетыка, у 1974-1989 гг. намесніка дырэктара Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В. Лыкава АН БССР, дырэктара Міжнароднага цэнтра акадэмій навук сацыялістычных краін, адначасова з 1981 г. загадчыка лабараторыі гэтага інстытута, з 1999 г. прафесара Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, з 2005 г. загадчыка аддзялення Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В. Лыкава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара Валянціна Аляксеевіча Барадулі.


09.10.2012

Акадэмік Казак М.С. узнагароджаны ордэнам Пашаны

Ордэн Пашаны Як паведамляе афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, за плённую і добрасумленную працу, актыўную дзяржаўную і грамадскую дзейнасць, значны асабісты ўклад у развіццё заканадаўства, парламентарызму і міжпарламенцкага супрацоўніцтва Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь удастоіў дзяржаўных узнагарод дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу IV склікання і работнікаў Сакратарыята ніжняй палаты Парламента. Ордэнам Пашаны ўзнагароджаны намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе акадэмік Мікалай Станіслававіч Казак. Сардэчна віншуем Мікалая Станіслававіча з высокай дзяржаўнай узнагародай!


09.10.2012

Нанаатака на рак

СБ-Беларусь Сегодня Пад такім загалоўкам у сённяшнім нумары газеты "Савецкая Беларусь" апублікаваны матэрыял пра распрацоўку ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі метаду на аснове выкарыстання магнітных наначасціц, які дазваляе прыцэльна разбураць пухліны. Як вядома, сучасная анкалогія стаіць на трох кітах - прамянёвай і хіміятэрапіі, хірургічных аперацыях. Але гэтыя сродкі барацьбы з ракам не заўсёды эфектыўныя і валодаюць вельмі непрыемнымі пабочнымі эфектамі. Таму пошукі новых зыходных пунктаў для наступу на падступную і непрадказальную хваробу вучоныя вядуць пастаянна. Аб сутнасці новага падыходу, пры якім непасрэдна ў пухліну ўводзяцца спецыяльныя магнітныя часціцы, на якія затым уздзейнічаюць пераменным магнітным полем, больш падрабязна распавядаецца тут.


08.10.2012

Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па акрэдытацыі навуковых арганізацый

2 астрычніка 2012 г. адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па акрэдытацыі навуковых арганізацый, па выніках якога прыняты і зацверджаны старшынямі Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь заключэнні аб акрэдытацыі ў якасці навуковай арганізацыі 10 юрыдычных асоб, з пералікам якіх можна азнаёміцца тут.


06.10.2012

Зорнае неба навукі

Где мы Як ідуць справы з навукай у Расіі? З гэтага пытання пачынаецца артыкул "Дзе мы?" М.Я. Зяленскага, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута эксперыментальнай мінералогіі Расійскай акадэміі навук, у адным з нядаўніх нумароў газеты "Троіцкі варыянт - Навука". Знайсці адказ на гэтае пытанне проста як ніколі, лічыць аўтар публікацыі. Дастаткова толькі зазірнуць у бяздонныя базы даных Web of Science або Scopus. Знойдзецца ўсё. А калі ваш інстытут да гэтага часу не мае доступу да платных баз, на выручку прыйдзе іспанскі сайт SJR (Scimago Journal & Country Rank) - там у вольным доступе знаходзяцца і пастаянна абнаўляюцца разнастайныя даныя па навукаметрыі часопісаў і краін свету. Аднак абсалютная колькасць навуковых публікацый не адлюстроўвае ў поўнай меры "навуковую абстаноўку" ў краіне, паколькі моцна залежыць ад колькасці людзей, што насяляюць яе. Таму пры аналізе даных з сайта SJR для 190 краін з насельніцтвам больш за 100 тыс. чалавек аўтарам артыкула былі выкарыстаныя адносныя паказчыкі. Што ўдалося яму разгледзець на "зорным небе навукі" - дыяграме ў каардынатах "лік навуковых артыкулаў у год на душу насельніцтва - прырост колькасці артыкулаў у год на душу насельніцтва - абсалютная колькасць публікацый", чытайце тут.


06.10.2012

Тэхналагічны запыт на матэрыялы для выкарыстання ў якасці імплантуемага хірургічнага троса

NineSigma NineSigma, representing a Global Medical Devices Company, invites proposals for development of designs, new configurations, and / or adaptations of materials for use as an implantable surgical tether. More information is available here and in the request document online. The final submission date for Proposal Briefs is October 26, 2012. Please also click here to view all open requests by technical area, industry, or status.


05.10.2012

У 2012-2013 гадах шэраг прадпрыемстваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі будуць ператвораныя ў адкрытыя акцыянерныя таварыствы

Дом Урада Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 кастрычніка 2012 г. №900 унесены змяненні ў пастанову Урада ад 21 сакавіка 2011 г. №348. Зацверджаны гэтай пастановай план прыватызацыі аб'ектаў прыватызацыі, што знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, на 2011-2013 гады прызнаны страціўшым сілу, а план пераўтварэння рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя грамадства на 2011-2013 гады выкладзены ў новай рэдакцыі. Новай рэдакцыяй плана прадугледжана пераўтварэнне ў ААТ шэрагу прадпрыемстваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: у 2012 г. - Бабруйскага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Гідролізны завод", у 2013 г. - канструктарска-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "ДКБ Акадэмічнае", навукова-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "НВА "Цэнтр" і рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Прыборабудаўнічы завод Аптрон".


05.10.2012

Прадоўжаны прыём заявачных матэрыялаў на Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў 2012 года

ДКНТ Як паведамляе сайт Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, прыём заявачных матэрыялаў на Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў 2012 года падоўжаны да 1 лістапада 2012 г. Цяперашні конкурс праводзіцца ДКНТ пры ўдзеле Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і іншых зацікаўленых арганізацый па наступных намінацыях: "Лепшы інавацыйны праект", "Лепшы маладзёжны інавацыйны праект", "Лепшы інавацыйны праект для краін ЕўрАзЭС", "Лепшы інавацыйны праект (тэхналогія) для рэстаўрацыі гістарычных будынкаў", "Лепшы інавацыйны праект для трансгранічнага супрацоўніцтва Літва-Беларусь". З умовамі конкурсу можна азнаёміцца тут.


04.10.2012

9 кастрычніка адкрываецца міжнародная навуковая канферэнцыя "Генетыка і біятэхналогія XXI стагоддзя: праблемы, дасягненні, перспектывы"

9 кастрычніка 2012 г. у Інстытуце генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пачне сваю работу міжнародная навуковая канферэнцыя "Генетыка і біятэхналогія XXI стагоддзя: праблемы, дасягненні, перспектывы", прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння заснавальніка беларускай генетычнай школы акадэміка М.В. Турбіна. Мэта канферэнцыі - абмеркаванне сучаснага стану генетычных і біятэхналагічных даследаванняў, перспектыў іх далейшага развіцця і практычнага выкарыстання, пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы генетыкі і біятэхналогіі. На навуковым форуме будуць прадстаўлены работы больш за 300 навукоўцаў і спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Польшчы, Латвіі, Азербайджана, Германіі, Францыі, ЗША. У рамках канферэнцыі будзе таксама праведзены конкурс работ маладых вучоных. З праграмай мерапрыемствы можна азнаёміцца тут.


03.10.2012

Аб'яўлены першы набор на перападрыхтоўку па спецыяльнасці "Трансфер тэхналогій"

Рэспубліканскі інстытут інавацыйных тэхналогій БНТУ і Рэспубліканскі цэнтр трансферу тэхналогій запрашаюць у 2012 годзе на перападрыхтоўку па спецыяльнасці 1-26 02 88 "Трансфер тэхналогій". Форма атрымання адукацыі - завочная, працягласць навучання - 18,5 месяцаў. Навучанне ажыццяўляецца бясплатна для работнікаў дзяржаўнай сістэмы адукацыі і арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, на платнай аснове - для асоб, што маюць вышэйшую адукацыю, і студэнтаў старэйшых курсаў. Прыём дакументаў ажыццяўляецца да 31 кастрычніка 2012 г. Іншыя падрабязнасці - тут.


03.10.2012

Міжнародныя канферэнцыі па дыфузіі ў цвёрдых целах і вадкасцях і па вылічальным інжынірынгу і эксперыментаванню адбудуцца наступным летам у Мадрыдзе, Іспанія

The Organizing Committees are glad to invite you to participate in the 9th International Conference on Diffusion in Solids and Liquids (DSL-2013), which will be held in Madrid, Spain, on 24-28 June, 2013, and the 7th International Conference on Advanced Computational Engineering and Experimenting (ACE-X 2013), which will be held in Madrid, Spain, on 01-04 July, 2013. The conferences aim at attracting a balanced portion of delegates from academia, industry and research institutions and laboratories involved in research and development work. In doing so, the conferences provide a binding platform for academics and industrialists to network together, exchange ideas and provide new information. For other details please visit the webpage Ironix Conferences, or the official websites of DSL-2013 and ACE-X 2013.


02.10.2012

Аб'яднаны інстытут машынабудавання ўзнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь За вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і стварэнне канкурэнтаздольных навукаёмістых распрацовак у галіне машынабудавання дзяржаўная навуковая ўстанова "Аб'яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" узнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Прэзiдыума Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь ад 25 верасня 2012 г. №1024-ПСР4.

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Кастрычнік 2012 года / Да пачатку старонкі
Пры поўным ці частковым выкарыстанні інфармацыі спасылка на крыніцу з'яўляецца абавязковай