Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Архіў навін 2013 года

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Жнівень 2013 года

31.08.2013

Заўтра адзначаецца Дзень беларускага пісьменства

1 верасня 2013 г. у Рэспубліцы Беларусь у дваццаты раз адзначаецца Дзень беларускага пісьменства, які штогод святкуецца ў першую нядзелю верасня. З году ў год гэтае свята праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У гэтым годзе асноўныя святочныя мерапрыемствы пройдуць 31 жніўня і 1 верасня ў горадзе Быхаў. У прыватнасці, праграмай Дня беларускага пісьменства прадугледжана правядзенне сёння навукова-практычнай канферэнцыі "Быхаўскiя чытанні" і прэзентацыі факсімільнага выдання Баркулабаўскага летапісу - унікальнага помніка беларускай гісторыка-мемуарнай літаратуры пачатку XVII стагоддзя, арганізатарамі якіх выступаюць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Быхаўскі райвыканкам і выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі". Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пiсьменства ў Быхаве адбудзецца заўтра.


30.08.2013

Украінскія навукоўцы не вераць, што ўніверсітэты могуць выратаваць нацыянальную навуку

Газета Поиск "Вайна, прабачце, вострая дыскусія паміж вышэйшым кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі і навукі і Нацыянальнай акадэміяй навук Украіны набывае ўсё больш адкрыты характар. Спрэчка з нагоды таго, дзе павінна рабіцца ўкраінская навука, ідзе не першы год. Праўда, такое ўражанне, што ўжо ўсё высветлена, але ў супрацьстаянне зноў і зноў падкідваюцца даўно выкарыстаныя аргументы. Нягледзячы на ўласцівую акадэмікам стрыманасць, эмоцыі ў гэтай спрэчцы часам пераплюхваюць праз край", - такімі словамі пачынаецца артыкул "Вывезе наймацнейшы. Украінскія навукоўцы не вераць, што ўніверсітэты могуць выратаваць нацыянальную навуку", апублікаваны ў свежым нумары штотыднёвай газеты навуковай супольнасці "Поиск". Яе аўтар адзначае, што гэтая спрэчка вядзецца ў крыху розных вагавых катэгорыях. "Так, у навуковых інстытутаў НАН Украіны ёсць сур'ёзныя дасягненні, што высока ацэньваюцца міжнароднай навуковай грамадскасцю. У той жа час ні адзін з украінскіх універсітэтаў, нягледзячы на немалыя намаганні, прыкладваемыя для змены абстаноўкі, не можа патрапіць нават у 1000 лепшых ВНУ планеты. Як у МАН збіраюцца падняць украінскую навуку пасля далучэння яе да гібеючых універсітэтаў, незразумела". З поўным зместам артыкула можна азнаёміцца "тут".


30.08.2013

Вызначаны парадак разгляду пытанняў, звязаных з камерцыялізацыяй вынікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці

ДКНТ Пастановай Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь ад 24 ліпеня 2013 г. №10 зацверджана і ўступіла ў сілу Інструкцыя аб парадку разгляду пытанняў, звязаных з камерцыялізацыяй вынікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці, створаных за кошт дзяржаўных сродкаў. Дакумент вызначае парадак разгляду дзяржаўнымі заказчыкамі пытанняў вызначэння па дагавору ўладальніка (уладальнікаў) маёмасных правоў на вынікі навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці, створаныя поўнасцю або часткова за кошт дзяржаўных сродкаў, перадачы маёмасных правоў на дадзеныя вынікі і прадастаўлення права на іх выкарыстанне іншым асобам, а таксама ўзгаднення перадачы маёмасных правоў нерэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Адначасова пастановай ад 24 ліпеня 2013 г. №9 прызнана страціўшай сілу інструкцыя, зацверджаная пастановай Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 2009 г. №26.


29.08.2013

Сёння спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння акадэміка М.М. Пакроўскага (1868-1932)

29 жніўня 2013 г. спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння вядомага гісторыка і дзяржаўнага дзеяча, у 1918-1932 гг. намесніка наркома асветы РСФСР, адначасова з 1921 г. кіраўніка Камуністычнай акадэміі, яе Інстытута гісторыі, Інстытута чырвонай прафесуры, з 1925 г. - Таварыства гісторыкаў-марксістаў, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Акадэміі навук СССР Міхаіла Мікалаевіча Пакроўскага.


28.08.2013

Сёння Нацыянальная акадэмія навук падпісала пратаколы аб навуковым супрацоўніцтве з трыма вядучымі ўніверсітэтамі Турцыі

Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, сёння Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падпісала пратаколы аб навуковым супрацоўніцтве з трыма вядучымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Турцыі. З беларускага боку дакументы падпісаў намеснік Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік У.Р. Гусакоў, з турэцкай боку - рэктары Атацюркскага ўніверсітэта, Кіліскага ўніверсітэта і ўніверсітэта "Агры Ібрагім Чачэн". Падрабязнасці - тут.


28.08.2013

Расійскія аграрыі ахвотна бяруць машыны Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі

Белорусская нива З такім падзагалоўкам у рубрыцы "Аграрны саюз" сённяшняга нумара грамадска-палітычнай урадавай газеты "Беларуская ніва" апублікаваны матэрыял аб сучасных машынах і абсталяванні для аграпрамысловага комплексу, што ствараюцца ў Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі. За апошнія гады цэнтрам распрацаваны і перададзены для асваення ў вытворчасці агрэгаты для мінімальнай апрацоўкі глебы, серыя плугоў для гладкага ворыва, камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты, новыя экалагічна бяспечныя сучасныя машыны, што забяспечваюць высокую якасць унясення ўгнаенняў і пестыцыдаў, машыны для ўнясення вадкіх угнаенняў. Высокую эфектыўнасць паказалі дажджавальная ўстаноўка, зернеачышчальна-сушыльныя комплексы, цеплагенератары на мясцовых відах паліва, а самаходная машына хімізацыі МХС-10 на базе шасі МАЗ адзначана залатым медалём маскоўскай выставы "Залатая восень". Цэнтр распрацаваў комплекс машын для вытворчасці, захоўвання і дапрацоўкі бульбы, уборкі і перапрацоўкі лёну і многае іншае. Яго прадукцыю актыўна выкарыстоўваюць аграрыі ў Расіі. Падрабязнасці - тут.


27.08.2013

Выйшаў з друку трэці том шасцітомніка "Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі"

У выдавецтве "Беларуская навука" выйшаў з друку трэці том шасцітомніка "Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі" - першага выдання гэтага кшталту ва ўсходнеславянскім рэгіёне. Выданне падрыхтавана вядучымі навукоўцамі Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў супрацоўніцтве са спецыялістамі з шэрагу акадэмічных інстытутаў і ВНУ. Яно з’яўляецца падагульненнем працы па вывучэнню айчыннай гісторыка-філасофскай спадчыны, якія праводзілася ў Інстытуце фiласофii цягам больш чым паўстагоддзя. Трэці том шасцітомніка прысвечаны другой палове XVI - пачатку XVII ст. у інтэлектуальнай гісторыі Беларусі. У цэнтры ўвагі - рэфармацыйныя і контррэфармацыйныя кірункі тагачаснай беларускай думкі. Прааналізавана шматлікая палемічная і выхаваўчая літаратура прадстаўнікоў розных канфесійных напрамкаў і рэканструяваны адметнасці пабудовы тэалагічных сістэм. Кніга змяшчае развагі датычна самой сітуацыі мультыканфесійнасці культуры BKЛ і прасочвае, як паступова беларуская культура шукала адказы на выклікі суіснавання некалькіх веравызнаўчых парадыгм у адным часе і прасторы, спараджаючы ўнікальныя мадэлі талерантнасці і сінтэзу. Значная частка тома прысвечана разгляду і аналізу феномена барочнай культуры ў інтэлектуальнай гісторыі Беларусі, тых новых парадыгм мыслення і бачання чалавека і свету, якія запачаткавала Барока на нашых землях. Прызначаецца спецыялістам у галінах філасофіі, гісторыі культуры, культуралогіі, палітычных і сацыяльных навук, а таксама ўсім, хто неабыякавы да айчыннай інтэлектуальнай спадчыны. Набыць чарговы том можна ў кнігарні "Акадэмічная кніга".


27.08.2013

Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта Л.Р. Краснеўскага

27 жніўня 2013 г. спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне машынабудавання, з 1986 загадчыка лабараторыі двайнога падпарадкавання ІНДМАШ-МАЗ, з 1993 г. намесніка дырэктара, з 2001 г. дырэктара Навуковага цэнтра праблем механікі машын Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у 2002-2006 гг. дырэктара Інстытута механікі і надзейнасці машын Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у 2006-2008 гг. в.а. намесніка дырэктара, з 2008 г. загадчыка лабараторыі Аб'яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара Леаніда Рыгоравіча Краснеўскага.


27.08.2013

Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта О.-Я.Л. Бекіша (1938-2010)

27 жніўня 2013 г. спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння вучонага-імунолага, заслужанага работніка вышэйшай школы БССР, з 1974 г. загадчыка кафедры Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, з 1985 г. прарэктара, у 1991-1998 гг. першага прарэктара, у 1998-2001 гг. прарэктара па навуковай рабоце, з 2001 г. загадчыка кафедры гэтага інстытута, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара біялагічных навук, прафесара Освальда-Яна Лявонавіча Бекіша.


27.08.2013

Сёння спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння акадэміка С.І. Губкіна (1898-1955)

27 жніўня 2013 г. спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне пластычнасці і апрацоўкі металаў ціскам, заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР, у 1944-1948 гг. намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута металургіі АН СССР, адначасова загадчыка аддзела гэтага інстытута, з 1948 дырэктара Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР, адначасова загадчыка кафедры Беларускага політэхнічнага інстытута, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара хімічных навук, прафесара Сяргея Іванавіча Губкіна.


26.08.2013

Абноўлена інфармацыя аб міжнародных мерапрыемствах у другім паўгоддзі 2013 года

КанферэнцыіНа старонцы Міжнародныя мерапрыемствы абноўлена інфармацыя аб навуковых, навукова-тэхнічных і навукова-практычных канферэнцыях, запланаваных для правядзення ці арганізуемых пры падтрымцы арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў другім паўгоддзі 2013 года. Дабаўлены спасылкі на вэб-старонкі і інфармацыйныя лісты арганізацыйных камітэтаў гэтых мерапрыемстваў, у пералік унесены змены, зацверджаныя пастановай Бюро Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ад 20 жніўня 2013 г. №326.


25.08.2013

Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта Г.І. Гануша

25 жніўня 2013 г. спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння вучонага-агранома, з 1990 г. дырэктара БелНДІ агародніцтва, з 1999 г. віцэ-прэзідэнта Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, у 2002-2003 гг. дарадцы Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 2005 г. загадчыка кафедры Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара эканамічных навук, прафесара Генадзя Іосіфавіча Гануша.


24.08.2013

Акадэмік У.Р. Гусакоў узнагароджаны ўкраінскім ордэнам "За заслугі" III ступені

Сёння Прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам падпісаны Указ аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі Украіны грамадзян замежных дзяржаў за важкі асабісты ўклад ва ўмацаванне міжнароднага аўтарытэту Украіны, папулярызацыю яе гістарычнай спадчыны і сучасных дасягненняў і з нагоды 22-й гадавіны незалежнасці Украіны. Сярод узнагароджаных - вядомы беларускі вучоны ў галіне аграрнай эканомікі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, замежны член Украінскай акадэміі аграрных навук і Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук, намеснік Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў, які узнагароджаны ордэнам "За заслугі" III ступені. Сардэчна віншуем Уладзіміра Рыгоравіча з высокай узнагародай і жадаем новых творчых дасягненняў!


24.08.2013

"Абаронім свабоду выбару новага пакалення"

Троицкий вариант - Наука Пад такім загалоўкам на сайце Democrator.ru і ў свежым нумары расійскай навукова-папулярнай газеты "Троицкий вариант - Наука" апублікаваны зварот да Прэзідэнта і Ураду Расіі бацькоў старшакласнікаў, якія праходзілі навучанне ў адукацыйных цэнтрах шэрагу інстытутаў Расійскай акадэміі навук і ў будучыні жадалі стаць навукоўцамі. "Мы, іх бацькі, арыентавалі сваіх дзяцей на навуку, і жадалі бачыць іх навукоўцамі, што сумленна і бескарысліва служылі сваёй краіне, свайму народу. Мы спадзяваліся, што займаючыся навукай, яны маглі стаць годнымі грамадзянамі і не мець нічога агульнага з крыміналам і карупцыяй. Мы спадзяваліся, што ў будучыні многія з іх маглі б стаць навукоўцамі з сусветнымі імёнамі, нацэленымі на пазнанне новага і на самаўдасканаленне, свабоднымі ад маніякальнага імкнення да ўзбагачэння. І ў гэтым выпадку, у сваім жыцці яны пазбеглі б шмат якіх непрыемнасцяў. Аднак цяпер становіцца ясна, што з ліквідацыяй РАН, асноўнай кузні маладых вучоных, нашы надзеі становяцца прывіднымі", - гаворыцца ў звароце. З яго поўным тэкстам можна азнаёміцца тут.


23.08.2013

Павялічаны памеры кампенсацыі выдаткаў пры службовых камандзіроўках у межах Рэспублікі Беларусь

Пастановай Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 8 жніўня 2013 г. №53 устаноўлены і сёння ўступілі ў сілу наступныя памеры кампенсацыі выдаткаў пры службовых камандзіроўках у межах Рэспублікі Беларусь: за пражыванне па-за месцам жыхарства (месцам знаходжання) для пакрыцця дадатковых асабістых выдаткаў - сутачныя - 60 тыс. рублёў за кожны дзень камандзіроўкі; за пражыванне па-за месцам жыхарства (месцам знаходжання) для пакрыцця дадатковых асабістых выдаткаў - сутачныя пры аднадзённых службовых камандзіроўках і камандзіроўках у іншую мясцовасць, што знаходзіцца на нязначнай адлегласці ад месца пастаяннай працы, - 30 тыс. рублёў; без прадстаўлення сапраўдных дакументаў, што пацвярджаюць аплату расходаў па найму жылога памяшкання, - 20 тыс. рублёў у суткі.


22.08.2013

Заўтра адкрываецца форум "Навука Беларусі: стан, праблемы і перспектывы"

Мінск, Беларусь Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, 23 жніўня 2013 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрываецца форум "Навука Беларусі: стан, праблемы і перспектывы", у якім прымуць удзел кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, кіраўнікі і вядучыя супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, іншых арганізацый, маладыя вучоныя. Па выніках нарады 5 жніўня 2013 г. у Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прысвечанага развіццю навуковай сферы ў Рэспубліцы Беларусь, і ў адпаведнасці з даручэннем Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь у рамках форуму будзе праведзены цыкл семінараў. Заўтра навуковымі напрамкамі семінара стануць наступныя: "Новыя тэхналогіі ў оптыцы, электроніцы, машынабудаванні і прыборабудаванні", "Інавацыйныя тэхналогіі ў хіміі, біялогіі і медыцыне. Сучасныя біятэхналогіі", "Гістарычная свядомасць і сучаснасць", "Сучасныя тэндэнцыі ў сусветнай эканоміцы. Рэспубліка Беларусь ў Адзінай эканамічнай прасторы. Электронны гандаль".


22.08.2013

Вядучы пастаўшчык рашэнняў у сферы адкрытых інавацый шукае экспертаў у шэрагу прадметных абласцей

NineSigma NineSigma, on behalf of a global automotive manufacturer and a global client, is seeking Subject Matter Experts to provide insights into technologies related to the emerging trends, technologies and markets for sandwich composite panels, and to participate in a series of compensated interviews to provide expert-level knowledge of rigid molded containers, pack test methods, productions processes and global trends and standards. All applications must be received until the end of August, 2013. More information is available here.


21.08.2013

Акадэмік У.Ф. Логінаў: "Замест глабальнага пацяплення можа наступіць пахаладанне"

Прагнозы навукоўцаў, што да 2050 года клімат на Зямлі стане на 1,5 градуса цяплей, не пацвярджаюцца фактамі. З пачатку XX стагоддзя сярэднегадавая тэмпература сапраўды павялічылася на 0,6 градуса, а ў апошняе дзесяцігоддзе раптам перастала расці. Як лічыць галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік У.Ф. Логінаў, не выключана, што ў будучыні клімат пачне змяняцца па іншым сцэнары. Як у далейшым могуць павесці сябе сярэднегадавыя тэмпературы, да якіх наступстваў прывядуць змены, ці здолее чалавецтва прыстасавацца да новых умоў? Падрабязныя адказы на гэтыя пытанні акадэмік Логінаў - адзін з вядучых беларускіх вучоных у галіне кліматалогіі даў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА. З яе зместам можна азнаёміцца тут.


21.08.2013

У Расіі вынікі інтэлектуальнай дзейнасці замацуюць за распрацоўшчыкамі

Российская газета Як паведамляе свежы нумар "Расійскай газеты", Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі прапанавала змяніць дзеючы парадак замацавання правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, атрыманыя пры выкананні дзяржаўных кантрактаў на НДДКР за кошт сродкаў федэральнага бюджэту. Змены ўстанаўліваюць прыярытэтнае замацаванне за выканаўцамі работ выключных правоў на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры, селекцыйныя дасягненні, тапалогіі інтэгральных мікрасхем, праграмы для электронна-вылічальных машын, базы даных і сакрэты вытворчасці (ноў-хаў), што ствараюцца ў рамках дзяржаўных кантрактаў, а не за іх дзяржаўным (муніцыпальным) заказчыкам. Выпадкі, калі правы замацоўваюцца за дзяржаўным заказчыкам, істотна абмяжоўваюцца: правы падлягаюць замацаванню за Расійскай Федэрацыяй, калі вынік навукова-тэхнічнай дзейнасці неабходны для аказання дзяржаўных паслуг альбо ажыццяўлення дзяржаўных функцый федэральнымі органамі дзяржаўнай улады, якія з'яўляюцца заказчыкамі па дзяржаўным кантракце, або іх падведамнымі арганізацыямі, прадугледжаных зацверджанымі адміністрацыйнымі рэгламентамі. Праект адпаведнай пастановы зараз праходзіць грамадскае абмеркаванне. Іншыя падрабязнасці - тут.


21.08.2013

У пералікі навукова-тэхнічных праграм на 2011-2015 гады ўнесены змены

Дом Урада Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 жніўня 2013 г. №719 выкладзены ў новай рэдакцыі пералік дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм на 2011-2015 гады і на перыяд да 2020 года (ДНТП) і пералік дзяржаўных комплексных мэтавых навукова-тэхнічных праграм на 2011-2015 гады (ДКМНТП), зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2011 г. №116. У прыватнасці, пералік ДНТП скарочаны з 28 да 23 праграм, пералік ДКМНТП - з 12 да 10 праграм. Адначасова аб'ём бюджэтнага фінансавання ДКМНТП скарочаны на 26%, праграмы аптымізаваныя - актуалізавана тэматыка работ, шэраг праектаў выключаны, заданні узбуйнены, скарочаны тэрміны іх выканання. Для амаль 90% заданняў праграм устаноўлены тэрмін выканання 2-3 гады. У новай рэдакцыі выкладзены таксама спіс старшыняў каардынацыйных саветаў па ДКМНТП, кіраўнікоў гэтых праграм і іх намеснікаў.


21.08.2013

Сёння спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння акадэміка М.А. Ельяшэвіча (1908-1996)

Ельяшэвіч М.А.21 жніўня 2013 г. спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння спектраскапіста з сусветным імем, буйнейшага вучонага ў галіне фізікі плазмы і радыяцыйнай плазмадынамікі, віднага гісторыка навукі, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Ленінскай прэміі, дзвюх Дзяржаўных прэмій СССР, Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, у 1956-1968 гг. загадчыка лабараторыі Інстытута фізікі АН БССР (адначасова з 1957 г. прафесара Белдзяржуніверсітэта), у 1968-1977 гг. загадчыка кафедры Белдзяржуніверсітэта (адначасова загадчыка лабараторыі Інстытута фізікі АН БССР), у 1977-1983 гг. прафесара Белдзяржуніверсітэта, з 1983 г. старшага навуковага супрацоўніка-кансультанта НДІ прыкладных фізічных праблем Белдзяржуніверсітэта, з 1990 г. галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В. Лыкава АН Беларусі, з 1995 г. саветніка пры дырэкцыі Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Міхаіла Аляксандравіча Ельяшэвіча.


20.08.2013

Як у Беларусі развіваецца рынак здаровага харчавання?

Разгорнуты адказ на гэтае пытанне дала ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела харчавання Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні кандыдат біялагічных навук Л.А. Мельнікава. Якія смакавыя перавагі ў беларусаў? Якія прадукты яны часцей за ўсё спажываюць, а чаго недаядаюць? Як сфарміраваць звычкі здаровага харчавання ў дзіцяці? Як ацэньваецца беларускі рынак прадуктаў здаровага харчавання? Якая доля прадуктаў, што змяшчаюць трансгенныя рэчывы, на беларускім рынку? Якія новыя віды прадуктаў харчавання ў апошні час распрацаваны ў Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні? Калі ў Беларусі з'явіцца канцэпцыя здаровага харчавання? З падрабязнымі адказамі акадэмічнага вучонага на гэтыя і іншыя пытанні можна азнаёміцца тут.


20.08.2013

За апошнія сем гадоў аб'ёмы работ, выкананых Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, выраслі ў восем разоў

НАН Беларусі: 1928-2013 Пра гэта сведчаць штогадовыя справаздачы аб дзейнасці Акадэміі навук за 2005-2012 гады. Агульны аб'ём работ (паслуг), выкананых арганізацыямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за кошт усіх крыніц фінансавання, вырас з 387,6 млрд рублёў у 2005 годзе да 3107,2 млрд рублёў у 2012 годзе, або ў 8 разоў, пры гэтым павелічэнне колькасці работнікаў Акадэміі навук склала толькі 17,7%. За той жа перыяд аб'ёмы работ па навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці (без капітальных укладанняў) выраслі ў 6,4 раза, аб'ёмы прадукцыі (работ, паслуг) прамысловых прадпрыемстваў Акадэміі навук - у 34,2 раза, аб'ёмы прадукцыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў - у 114,4 раза. Прычым аб'ём работ (паслуг), выкананых арганізацыямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па гаспадарчых дагаворах і кантрактах, вырас у 10,2 раза, у 2012 годзе склаў 1766,9 млрд рублёў і дасягнуў агульнага аб'ёму работ (паслуг), выкананых у 2011 годзе за кошт усіх крыніц фінансавання (1767,8 млрд рублёў).


19.08.2013

На гэтым тыдні ў Мінску адкрываецца XV Міжнародны з'езд славістаў

Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, 20-27 жніўня 2013 г. ў Мінску пройдзе XV Міжнародны з'езд славістаў. Беларусь упершыню прымае гэты аўтарытэтны форум, які праводзіцца з 1929 года кожныя пяць гадоў у славянскіх краінах. Галоўны арганізатар XV Міжнароднага з'езда славістаў - Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, актыўны ўдзел у яго арганізацыі прымаюць міністэрствы адукацыі, культуры, інфармацыі і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. У гэтым годзе ў гэтай важнай навуковай і культурнай падзеі прымуць удзел больш за 600 навукоўцаў з 35 краін свету. Праграма форуму ўключае пленарныя і секцыйныя даклады, круглыя сталы, пасяджэнні спецыяльных камісій, акрэдытаваных пры Міжнародным камітэце славістаў. Адной з важных падзей стане выстаўка славістычнай літаратуры, выдадзенай за апошнія пяць гадоў у розных краінах. Усе кнігі, што дасылаюць на выставу, па традыцыі застаюцца ў краіне, дзе праводзіцца з'езд. Адкрыццё з'езду адбудзецца 21 жніўня 2013 г. у канцэртнай зале "Мінск". 23 жніўня 2013 г. членаў Міжнароднага камітэта славістаў будуць прымаць у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У праграме - сустрэча з кіраўніцтвам, наведванне выстаўкі выданняў старабеларускай літаратуры і археалагічнай выстаўківы. Іншыя падрабязнасці - на сайце з'езда.


16.08.2013

Сёння спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння акадэміка М.К. Юскаўца (1898-1969)

16 жніўня 2013 г. спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне ветэрынарыі, заслужанага дзеяча навукі БССР, у 1957-1961 гг. акадэміка-сакратара Аддзялення жывёлагадоўлі і ветэрынарыі Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР, адначасова ў 1957-1959 гг. дырэктара Беларускага навукова-даследчага ветэрынарнага інстытута, у 1961-1969 гг. загадчыка аддзела мікрабіялогіі і імуналогіі гэтага інстытута, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР, доктара ветэрынарных навук, прафесара Майсея Калінікавіча Юскаўца.


15.08.2013

У гэты дзень у 1956 годзе былі заснаваны Ленінскія прэміі за найбольш выдатныя работы ў галіне навукі, тэхнікі, літаратуры і мастацтва

15 жніўня 1956 г. Цэнтральны Камітэт КПСС і Савет Міністраў СССР прынялі пастанову №1127 "Аб Ленінскіх прэміях за найбольш выдатныя работы ў галіне навукі, тэхнікі, літаратуры і мастацтва". Пастановай былі адноўлены Ленінскія прэміі за найбольш выдатныя навуковыя працы, архітэктурныя і тэхнічныя збудаванні, укаранёныя ў народную гаспадарку вынаходствы, канструкцыі машын, новыя матэрыялы; удасканаленні метадаў вытворчасці, а таксама заснаваны Ленінскія прэміі за найбольш выдатныя творы літаратуры і мастацтва, якія атрымалі шырокае грамадскае прызнанне. З 15 Ленінскіх прэмій, якія ў розныя гады былі прысуджаны за выдатныя дасягненні ў галіне навукі, тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры аўтарам або аўтарскім калектывам з Беларусі, 9 прэмій удастоены члены Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


15.08.2013

Сёння спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння акадэміка П.Ф. Ракіцкага (1903-1977)

15 жніўня 2013 г. спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння генетыка, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, у 1960-1969 гг. загадчыка кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова з 1965 г. загадчыка лабараторыі Інстытута генетыкі і цыталогіі АН БССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара біялагічных навук, прафесара Пятра Фаміча Ракіцкага.


14.08.2013

Урадам адобраны праект новай праграмы Саюзнай дзяржавы, прадстаўлены Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 жніўня 2013 г. №696 адобраны праект праграмы Саюзнай дзяржавы "Інавацыйнае развіццё вытворчасці бульбы і тапінамбура", прадстаўлены Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і ўзгоднены з зацікаўленымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання. Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі даручана ва ўстаноўленым парадку ўнесці названы праект праграмы ў Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы.


13.08.2013

Акадэмік С.Ю. Глазьеў: "Што атрымліваецца, калі чыноўнікі пачынаюць кіраваць навукай..."

"Што атрымліваецца, калі чыноўнікі пачынаюць кіраваць навукай, відаць па правалу Раснана і Сколкава". Пад такім загалоўкам газета "Комсомольская правда" апублікавала інтэрв'ю вядомага расійскага эканаміста і палітыка, дарадцы Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, акадэміка Расійскай акадэміі навук С.Ю. Глазьева. Па яго сцвярджэнні, толькі далёкія ад навукі людзі могуць думаць, што новыя тэхналогіі могуць вырасці па іх жаданні, без навуковых школ і вопытных калектываў спецыялістаў. Таму спробы стварэння новых цэнтраў інавацыйнай дзейнасці "на пустым месцы", як правіла, сканчаюцца няўдала. У лепшым выпадку, яны напаўняюцца жыццём за кошт праектаў, імпартаваных з акадэмічнага асяроддзя. Чаму ж урадавыя чыноўнікі ўзяліся за рэфармаванне Расійскай акадэміі навук, якая з'яўляецца адной з самых эфектыўных у свеце навуковых арганізацый? Чаму ў некаторых рэфарматараў Акадэмія навук як бяльмо на воку? Чаму чыноўнікі з раздражненнем успрымалі крытыку вучоных, а найбольш невуцкія і агрэсіўныя з іх неаднаразова ініцыявалі спробы дыскрэдытацыі і ліквідацыі РАН? З пераканаўчымі адказамі на гэтыя і іншыя складаныя і бесстароннія пытанні можна азнаёміцца тут, а таксама на афіцыйным сайце Расійскай акадэміі навук.


13.08.2013

Сёння спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта С.П. Мельніка (1883-1938)

13 жніўня 2013 года спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння батаніка, лесавода, з 1923 г. прафесара кафедры Горацкага сельскагаспадарчага інстытута, з 1926 г. дырэктара Цэнтральнай лясной доследнай станцыі БССР, у 1933-1938 гг. першага дырэктара Цэнтральнага батанічнага саду Акадэміі навук БССР, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара біялагічных навук, прафесара Сцяпана Паўлавіча Мельніка.


13.08.2013

Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта І.А. Міхайлопула

13 жніўня 2013 г. спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння хіміка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і Прэміі Савета Міністраў Латвійскай ССР, з 1974 г. загадчыка лабараторыі, адначасова ў 1989-2001 гг. намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 2007 г. галоўнага навуковага супрацоўніка гэтага інстытута, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара хімічных навук, прафесара Ігара Аляксандравіча Міхайлопула.


12.08.2013

Зацверджана Палажэнне аб парадку вядзення дзяржаўнага рэестра правоў на вынікі навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці

Дом Урада У адпаведнасці з часткай другой пункта 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 2013 г. №59 "Аб камерцыялізацыі вынікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці, створаных за кошт дзяржаўных сродкаў" пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 2013 г. №681 зацверджана Палажэнне аб парадку вядзення дзяржаўнага рэестра правоў на вынікі навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці. Дакумент вызначае парадак вядзення дзяржаўнага рэестра правоў на вынікі навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці, створаныя поўнасцю або часткова за кошт дзяржаўных сродкаў, распрацоўка якога была прадугледжана падпунктам 2.5 Комплексу мер па карэннай перабудове навуковай сферы Рэспублікі Беларусь у мэтах забеспячэння яе адпаведнасці патрэбам рэальнага сектара эканомікі і грамадскага развіцця краіны, зацверджанага ў чэрвені 2012 года.


11.08.2013

Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння акадэміка А.Ф. Смеяновіча

11 жніўня 2013 г. спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне нейрахірургіі, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, з 1975 г. старшага навуковага супрацоўніка, з 1989 г. кіраўніка аддзела, у 1998-2005 гг. дырэктара НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, з 2006 г. загадчыка нейрахірургічнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара медыцынскіх навук, прафесара Арнольда Фёдаравіча Смеяновіча.


10.08.2013

Заахвочаны пераможцы спаборніцтва 2012 года, занесеныя на Рэспубліканскую дошку Гонару

Рэспубліканская дошка Гонару Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову ад 7 жніўня 2013 г. №692 "Аб заахвочванні пераможцаў спаборніцтва 2012 года, занесеных на Рэспубліканскую дошку Гонару". У адпаведнасці з пастановай для заахвочвання пераможцаў спаборніцтва за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця і па эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, занесеных на Рэспубліканскую дошку Гонару, выдзелена 590 млн рублёў са сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на іншыя агульнадзяржаўныя выдаткі. У прыватнасці, 7 млн рублёў выдзелена на заахвочванне дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя У.А. Белага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі".


09.08.2013

Чарговы "Дзень беларускай бульбы ў Расіі" прайшоў у Кастрамской вобласці

Як паведамляе прэс-служба губернатара Кастрамской вобласці, 7 жніўня 2013 г .у Кастрамской дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (КДСГА) пачаў сваю працу чарговы навукова-практычны семінар "Дзень беларускай бульбы ў Расіі". На семінары, які з 2010 г. штогод праводзіцца на базе Кастрамскога навукова-даследчага інстытута сельскай гаспадаркі (КНДІСГ) і КДСГА з удзелам Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве і аграпрамысловых прадпрыемстваў Расіі, абмеркаваны стан і перспектывы селекцыі і насенняводства беларускай бульбы, прадстаўлены сучасныя сістэмы аховы бульбы, новыя і перспектыўныя гатункі бульбы беларускай селекцыі. КНДІСГ з 2005 г. з'яўляецца афіцыйным прадстаўніком у Расіі Навукова-практычнага цэнтра па бульбаводстве і плодаагародніцтве. У гэтым інстытуце праходзяць выпрабаванні і дзяржаўная рэгістрацыя гатункаў бульбы з Рэспублікі Беларусь, яго спецыялісты аказваюць садзейнічанне ў афармленні патэнтаў на гатункі беларускай бульбы, ажыццяўляюць збор ліцэнзійных плацяжоў за выкарыстанне гэтых гатункаў. Іншыя падрабязнасці - на афіцыйным сайце Рассельгаспнадзору.


09.08.2013

Сланцавы газ - гэта сапраўды рэвалюцыя ці нешта іншае?

Газета Рэспубліка "Нешта іншае", - адказаў на гэтае пытанне аглядальніка газеты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліка" вядомы беларускі гідрагеолаг, адзін з найбуйнейшых распрацоўшчыкаў тэорыі нафтагазаўтварэння, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.В.Кудельский. Пра перспектывы здабычы сланцавага газу выказаліся ўсе: і прыхільнікі, і праціўнікі. Тым менш у гэтай цікавай тэме з'явіўся зусім нечаканы паварот, які дае магчымасць па-новаму паглядзець на сітуацыю. Падрабязнасці - у інтэрв'ю, апублікаваным у сённяшнім нумары газеты.


08.08.2013

Устаноўлены пералік абставінаў, якія не дазволілі забяспечыць камерцыялізацыю вынікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці

Дом Урада У адпаведнасці з часткай другой падпункта 1.2 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 2013 г. №59 "Аб камерцыялізацыі вынікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці, створаных за кошт дзяржаўных сродкаў" пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 2013 г. №680 зацверджаны і ўступіў у сілу пералік істотных аб'ектыўных абставінаў, якія не дазволілі дзяржаўнаму заказчыку забяспечыць абавязковую камерцыялізацыю вынікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці ва ўстаноўлены тэрмін.


08.08.2013

Апублікаваны зборнік матэрыялаў у падтрымку Расійскай акадэміі навук

Пад рэдакцыяй акадэміка Расійскай акадэміі навук А.М.Паршына, загадчыка аддзела Матэматычнага інстытута імя У.А.Сцяклова, складзены і выйшаў у свет электронны варыянт кнігі "Расійская Акадэмія навук. Хроніка пратэсту. Чэрвень-ліпень 2013 г." У 256-старонкавым выданні сабраны звароты, заявы і лісты прэзідыума, аддзяленняў, навуковых цэнтраў і калектываў навуковых інстытутаў Расійскай акадэміі навук, міжнароднай навуковай супольнасці і шэрагу грамадскіх арганізацый, якія выступілі ў падтрымку Расійскай акадэміі навук. Частка матэрыялаў кнігі, друкаваная версія якой выйдзе ў свет у сярэдзіне жніўня, змяшчае крытычнае абмеркаванне законапраекта аб рэфармаванні Расійскай акадэміі навук, прынятага ў другім чытанні. Раней на афіцыйным сайце Нацыянальнай акадэміі навук Украіны былі апублікаваныя і даступныя для запампоўкі тры выпускі інфармацыйна-аналітычнага бюлетэня "Рэфармаванне акадэмічнай навукі ў Расійскай Федэрацыі", на 275 старонках якіх прыведзены аналітыка і афіцыйная інфармацыя, меркаванні расійскіх навукоўцаў і экспертаў, рэакцыя рэгіянальных акадэмічных структур, замежныя водгукі і меркаванні з сацыяльных медыя, а таксама аналіз магчымых шляхоў развіцця фундаментальных навук пасля рэарганізацыі Расійскай акадэміі навук.


08.08.2013

Сёння спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння акадэміка У.П. Затонскага (1888-1938)

8 жніўня 2013 г. спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння дзяржаўнага і партыйнага дзеяча, хіміка, у 1922-1923 гг. і 1933-1938 гг. наркома асветы Украінскай ССР, у 1927-1933 гг. старшыні ЦКК КП(б)У і наркома РСІ УССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Пятровіча Затонскага.


07.08.2013

У гэты дзень у 1940 годзе было заснавана ганаровае званне "Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларускай ССР"

НАН Беларусі: 1928-2013 7 жніўня 1940 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР было заснавана ганаровае званне "Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларускай ССР", якое прысвойвалася да 23 лістапада 1988 г. Амаль за паўстагоддзя гэтага высокага звання былі ўдастоены 70 айчынных навукоўцаў, прычым палова лаўрэатаў - вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


07.08.2013

Пералік перспектыўных распрацовак Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі накіраваны мясцовым органам дзяржкіравання

Мінск, Беларусь Лістом Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ад 31 ліпеня 2013 г. №12-01/3190 на адрас абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў накіраваны пералік звыш 40 перспектыўных распрацовак акадэмічных арганізацый на 2013 і наступныя гады з прапановамі па іх укараненні на прадпрыемствах і ў арганізацыях розных галін нацыянальнай эканомікі.


07.08.2013

Госці з Рэспублікі Таджыкістан наведаюць Нацыянальную акадэмію навук Беларусі

Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, 8 жніўня 2013 г. Нацыянальную акадэмію навук Беларусі наведаюць супрацоўнікі Упраўлення дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Рэспублікі Таджыкістан і Інстытута павышэння кваліфікацыі дзяржаўных служачых Рэспублікі Таджыкістан. Для замежных гасцей, якія праходзяць стажыроўку ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, будуць арганізаваны выязныя заняткі, прысвечаныя інавацыйнаму развіццю Рэспублікі Беларусь. Іх удзельнікі сустрэнуцца з кіраўніцтвам Акадэміі навук, наведаюць пастаянна дзеючую акадэмічную выставу "Дасягненні айчыннай навукі - вытворчасці" і Музей гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


06.08.2013

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь правёў нараду па пытанню развіцця навуковай сферы

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 5 жніўня 2013 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка правёў нараду па пытанню развіцця навуковай сферы Беларусі. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ў трохмесячны тэрмін распрацаваць праграму пераўтварэння беларускай навукі: структура навуковай сферы павінна стаць кампактнай і эфектыўна кіраванай, але пры гэтым рэфармаванне не павінна прывесці да яе татальнай ломкі і разбурэння. З паведамленнем прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб ходзе і выніках нарады можна азнаёміцца тут.


06.08.2013

Сёння спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння акадэміка Б.Б. Бойка (1923-1999)

6 жніўня 2013 г. спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння фізіка, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, з 1968 г. загадчыка лабараторыі Інстытута фізікі Акадэміі навук БССР, у 1975-1993 гг. дырэктара Інстытута фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Акадэміі навук Беларусі, з 1994 г. ганаровага дырэктара гэтага інстытута, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Барыса Барысавіча Бойка.


05.08.2013

У гэты дзень у 1975 годзе Акадэмія навук была ўзнагароджана ордэнам Дружбы народаў

Ордэн Дружбы народаў 5 жніўня 1975 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за заслугі ў развіцці савецкай навукі, эканомікі і культуры, падрыхтоўку высокакваліфікаваных навуковых кадраў Акадэмія навук Беларускай ССР была ўзнагароджана ордэнам Дружбы народаў. Ордэн быў уручаны Акадэміі навук Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Сурганавым Ф.А. на ўрачыстай сесіі Акадэміі навук Беларускай ССР, якая адбылася ў кастрычніку таго ж года з удзелам прадстаўнікоў партыйных, савецкіх і грамадскіх арганізацый г. Мінска.


05.08.2013

Запрашае афіцыйны інтэрнэт-сайт Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага

У сетцы Інтэрнэт па адрасе http://bievm.by адкрыты афіцыйны сайт рэспубліканскага навукова-даследчага даччынага ўнітарнага прадпрыемства "Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага", заснаванага ў 1930 годзе, які сёння ўваходзіць у склад Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі. На інтэрнэт-сайце прадстаўлены звесткі аб кіраўніцтве і арганізацыйнай структуры, напрамках і асноўных выніках дзейнасці, навуковай прадукцыі інстытута, аказваемых ім паслугах і выдаваемых міжнародных навукова-практычных часопісах, размешчаны артыкулы супрацоўнікаў інстытута па розных напрамках даследаванняў, прапановы па супрацоўніцтве, а таксама кантактная і іншая карысная інфармацыя.


04.08.2013

Гэты дзень у гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

НАН Беларусі: 1928-2013 4 жніўня 1998 г. быў падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №390 "Аб дадатковых мерах па рэалізацыі Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі статусу вышэйшай дзяржаўнай навуковай арганізацыі", накіраваны на стварэнне ўмоў для рэалізацыі названага статусу і развіцця навуковага патэнцыялу Акадэміі навук, а таксама павышэння ролі фундаментальных навуковых даследаванняў у паскарэнні навукова-тэхнічнага прагрэсу. 4 жніўня 2009 г. быў выдадзены Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №9, якім, у прыватнасці, устанаўлівалася, што Нацыянальная акадэмія навук Беларусі з'яўляецца вышэйшай дзяржаўнай навуковай арганізацыяй Рэспублікі Беларусь, якая ажыццяўляе арганізацыю і каардынацыю фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, што выконваюцца ўсімі суб'ектамі навуковай дзейнасці, правядзенне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, распрацовак, арганізацыю, правядзенне і каардынацыю дзяржаўнай навуковай экспертызы, а таксама галаўной арганізацыяй рэспублікі па навукова-метадычнаму забеспячэнню развіцця інфарматызацыі. Дэкрэтам Кiраўнiка дзяржавы ўдакладнены або пераразмеркаваны асобныя паўнамоцтвы Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі як органаў дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі, а таксама ўскладзена на іх рэалізацыя новых функцый у гэтай сферы.


03.08.2013

З удзелам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распрацавана схема аптымальнай структуры пасяўных плошчаў для Віцебскай вобласці

Дом Урада Як паведамляе сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, ва Урадзе зацверджана схема аптымальнай структуры пасяўных плошчаў для Віцебскай вобласці на 2014 год. Структура з'яўляецца дакументам планавання землекарыстання, што вызначае перспектывы эфектыўнага выкарыстання зямель Віцебскай вобласці. Дакумент распрацаваны вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і спецыялістамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання згодна з пратаколам даручэнняў, дадзеных на выязным пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў у Віцебску. Схема рэгламентуе размеркаванне пасяўных плошчаў пад збожжавыя, зернебабовыя, тэхнічныя, агароднінныя і кармавыя культуры з улікам прыродна-кліматычных умоў Віцебскай вобласці.


03.08.2013

У канцы жніўня ў Маскве пройдзе канферэнцыя "Сучаснасць і будучыню навукі ў Расіі. Месца і роля Расійскай акадэміі навук"

Расійская акадэмія навук Як паведамляе афіцыйны сайт Расійскай акадэміі навук, 29-30 жніўня 2013 г. у Маскве пройдзе канферэнцыя навуковых работнікаў Расійскай акадэміі навук "Сучаснасць і будучыня навукі ў Расіі. Месца і роля Расійскай акадэміі навук". Праграма мерапрыемства будзе складацца з запрошаных дакладаў і дакладаў на аснове заявак. Мяркуецца абмеркаванне па наступных напрамках: 1. Месца расійскай навукі ў свеце; 2. Дасягненні, перспектывы і болевыя кропкі расійскай навукі сёння; 3. Законапраект "Аб Расійскай акадэміі навук ..." і альтэрнатыўныя прапановы па рэфармаванні РАН; 4. Падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Навуковая моладзь. Кар'ерныя магчымасці. Іншыя падрабязнасці - на сайце канферэнцыі.


02.08.2013

У глабальным рэйтынгу навуковай публікацыйнай актыўнасці Нацыянальная акадэмія навук апярэджвае вядучыя беларускія ўніверсітэты

НАН Беларусі: 1928-2013 Пра гэта сведчаць чатыры даклады "SIR World Report: Global Ranking", выдадзеныя даследчай групай SCImago (Іспанія) з 2009 па 2012 год. У гэтым глабальным рэйтынгу навуковай публікацыйнай актыўнасці фігуруюць толькі навуковыя арганізацыі і ВНУ, супрацоўнікі якіх штогод публікуюць больш за 100 навуковых дакументаў любога тыпу, улічаных навукаметрычнай сістэмай Scopus, уключаючы навуковыя артыкулы, поўныя і кароткія агляды, кароткія паведамленні, артыкулы ў працах канферэнцый. У рэйтынг 2012 года ўключаны 3290 такіх арганізацый з 106 краін свету (у 2011 годзе - 3024 з 104 краін), якімі ў перыяд 2006-2010 гг. сукупна выраблена больш за 80% сусветнай друкаванай навуковай прадукцыі. У глабальным рэйтынгу НАН Беларусі займае 886-е месца, сярод арганізацый Усходняй Еўропы - 36-е месца, у Рэспубліцы Беларусь, як і ва ўсе папярэднія гады, - 1-е месца. З 70 арганізацый сектара вышэйшай адукацыі Беларусі, што выконваюць навуковыя даследаванні і распрацоўкі, у рэйтынг уключаны толькі БДУ (1504-е месца ў свеце, 76-е месца ва Усходняй Еўропе) і БДУІР (адпаведна 2916-е і 185-е месцы), прычым з 2011 па 2012 год адрыў НАН Беларусі ад БДУ павялічыўся з 508 да 618 пазіцый рэйтынгу, ад БДУІР - з 1954 да 2030 пазіцый. Арганізацыі сектара галіновай навукі Беларусі ў рэйтынгі 2009-2012 гадоў не патрапілі.


02.08.2013

Зацверджана Канцэпцыя барацьбы з тэрарызмам у Рэспубліцы Беларусь

Дом Урада У адпаведнасці з палажэннямі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лістапада 2010 г. №575, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 ліпеня 2013 г. №658 зацверджана і ўступіла ў сілу Канцэпцыя барацьбы з тэрарызмам у Рэспубліцы Беларусь. Канцэпцыі прадугледжвае, у прыватнасці, навуковае забеспячэнне дзейнасці суб'ектаў барацьбы з тэрарызмам, якое ўключае: распрацоўку тэарэтычных і метадалагічных асноў барацьбы з тэрарызмам; навуковае прагназаванне развіцця стану, распрацоўку і абгрунтаванне мер па папярэджанні, выяўленні і спыненні тэрарыстычнай дзейнасці, мінімізацыі наступстваў актаў тэрарызму; правядзенне прыкладных навуковых даследаванняў, накіраваных на выпрацоўку практычных рэкамендацый па канкрэтных напрамках дзейнасці суб'ектаў барацьбы з тэрарызмам; правядзенне навукова-даследчых, доследна-тэхналагічных і доследна-канструктарскіх работ па стварэнні (распрацоўцы) новых сродкаў барацьбы з тэрарызмам.


01.08.2013

Заўтра ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца форум па перспектывах развіцця навукова-тэхнічнага патэнцыялу прамысловага комплексу краіны

Мінск, Беларусь Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, 2 жніўня 2013 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца форум "Навукова-тэхнічны патэнцыял прамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь. Стан, праблемы і перспектывы" з удзелам Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Мясніковіча М.У. У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, генеральныя канструктары важнейшых відаў тэхнікі, сістэм і комплексаў Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі, генеральныя і галоўныя канструктары вытворчых арганізацый, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамаў, іншых арганізацый. Плануецца абмеркаваць шэраг пытанняў развіцця вытворчага сектара навукі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку пытанні ўдасканалення дзейнасці генеральных канструктараў і канструктарскіх бюро.


01.08.2013

Унікальнае акадэмічнае выданне "Турыстычная мазаіка Беларусі" выйшла ў свет на англійскай мове

У Выдавецкім доме "Беларуская навука" пад грыфам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выйшла з друку на англійскай мове кніга "Турыстычная мазаіка Беларусі" (навуковы рэдактар - член-карэспандэнт Лакотка А.І.). Гэта ўнікальнае выданне падрыхтавана на аснове фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне народнага і прафесійнага мастацтва, этнакультурных працэсаў, этнагенезу і этнічнай гісторыі беларусаў, народна-традыцыйнай культуры, фалькларыстыкі, гісторыка-культурных каштоўнасцяў і архітэктуры. У кнізе разглядаюцца 52 лакальных раёны комплекснай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, вылучаныя ўпершыню ў навуковай практыцы на падставе аналізу асаблівасцяў прыродна-ландшафтнай асяроддзя, сістэмы рассялення, камунікацый, забудовы паселішчаў, традыцыйнай матэрыяльнай і духоўнай культуры ўсіх абласцей краіны; змешчаны карты лакальных гісторыка-культурных тэрыторый. У пазначаных лакальных раёнах комплекснай гісторыка-культурнай спадчыны на аснове існуючых прыродных кампанентаў, захаваўшыхся помнікаў археалогіі, гісторыі, архітэктуры, народнага дойлідства, этнаграфіі, музеяў прапануюцца найбольш перспектыўныя турыстычныя маршруты (сухапутныя, водныя і г.д.). Багата ілюстраванае 630-старонкавае выданне можна набыць у кнігарні "Акадэмічная кніга".

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Жнівень 2013 года / Да пачатку старонкі
Пры поўным ці частковым выкарыстанні інфармацыі спасылка на крыніцу з'яўляецца абавязковай