Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.12.2023

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Сібірскае аддзяленне Расійскай акадэміі навук аб’яўляюць конкурс на саісканне прэміі імя акадэміка В. А. Капцюга 2024 года.

Прэмія імя акадэміка Валянціна Афанасьевіча Капцюга прысуджаецца штогод за найлепшую сумесную навуковую працу, адкрыццё або вынаходку, серыю сумесных навуковых прац па адзінай тэматыцы, выкананых у рамках узгодненых дагаворам аб супрацоўніцтве НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН напрамкаў. На саісканне прэміі могуць быць прадстаўлены сумесныя работы, завершаныя або апублікаваныя на працягу трох гадоў, якія папярэднічалі году прысуджэння прэміі. Пры прадстаўленні работ вылучаюцца вядучыя аўтары ў калектыве не больш за 10 чалавек. Пры гэтым кожная краіна павінна быць прадстаўлена не менш чым двума навукоўцамі.

Права вылучэння кандыдатаў на саісканне прэміі даецца: акадэмікам і членам-карэспандэнтам, якія працуюць у НАН Беларусі або ў СА РАН; вучоным саветам навуковых устаноў НАН Беларусі і СА РАН; праблемным навуковым саветам НАН Беларусі і аб’яднаным вучоным саветам СА РАН, вучоным саветам вышэйшых навучальных устаноў; навукова-тэхнічным саветам дзяржаўных камітэтаў, міністэрстваў, ведамстваў Рэспублікі Беларусь; тэхнічным саветам прамысловых прадпрыемстваў, канструктарскім бюро рэгіёнаў Сібіры.

Арганізацыі або пэўныя асобы, якія вылучылі працу на саісканне прэміі, прадстаўляюць наступныя дакументы:
- матываванае прадстаўленне, якое ўключае навуковую характарыстыку работы, звесткі аб супрацоўніцтве НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН пры яе выкананні, абгрунтаванне значэння працы для развіцця навукі і народнай гаспадаркі;
- aрыгінал апублікаванай навуковай працы (серыі работ), матэрыялы навуковага адкрыцця або вынаходкі — у трох экзэмплярах;
- звесткі пра аўтараў — Curriculum-vitae — на кожнага.

Патрабаванні да вылучаемых работ выкладзены ў Палажэнні аб прэміі імя акадэміка В. А. Капцюга, якая прысуджаецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Сібірскім аддзяленнем РАН, зацверджаным Пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 23 ліпеня 2019 г. № 38 і Пастановай Прэзідыума Сібірскага аддзялення РАН ад 27 чэрвеня 2019 г. № 229.

Работы неабходна прадставіць да 7 сакавіка 2024 г. у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі па адрасе: 220072, г. Мінск, праспект Незалежнасці, 66, упраўленне прэмій, стыпендый і ўзнагарод Галоўнага ўпраўлення кадраў і кадравай палітыкі апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, каб. 317, 406.

Тэлефоны для даведак у г. Мінску: (017)275-24-56; (017)358-28-26.
Тэгi
#прэміі