Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.03.2020

Развітанне з акадэмікам В.С. Бураковым адбудзецца ў будынку Прэзідыума НАН Беларусі

1 сакавіка пайшоў з жыцця вядомы беларускі фізік Віктар Сямёнавіч Буракоў.

Віктар Сямёнавіч нарадзіўся 25 сакавіка 1931 года ў в. Забалацце Ушацкага раёна (Віцебская вобласць). У 1950 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт БДУ, пасля заканчэння якога працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, займаў высокія кіруючыя пасады, быў выдатным арганізатарам айчыннай навукі.

Асноўныя працы В.С. Буракова адносяцца да фізікі плазмы, спектраскапіі і квантавай электронікі. Яго распрацоўкі адыгралі важную ролю ў прыборным забеспячэнні лазернага назірання за станам плазмы, у правядзенні аналізу такіх асяроддзяў, а таксама ў вызначэнні саставу металічных вырабаў, археалагічных знаходак, твораў мастацтва.

В.С. Буракоў з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР, кавалерам ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэна Айчыны ІІІ ступені.

Цырымонія развітання з Віктарам Сямёнавічам Бураковым пройдзе 4 сакавіка, у 11:00, у зданіі Прэзідыума НАН Беларусі (пр-т Незалежнасці, 66). Месцам пахавання стануць Усходнія могілкі.