Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.03.2020

Вучоныя падрыхтавалі Чорную кнігу флоры Беларусі

У выдавецтве «Беларуская навука» ўпершыню ў нашай краіне выйшла «Чорная кніга флоры Беларусі: чужародныя шкодныя расліны», падрыхтаваная калектывам аўтараў з Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі пры ўдзеле спецыялістаў Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У кнізе, выдадзенай пад агульнай рэдакцыяй акадэміка В.І. Парфёнава і кандыдата біялагічных навук А.В. Пугачэўскага, абагульнены звесткі пра біялагічныя і экалагічныя асаблівасці 52 відаў найбольш шкодных чужародных сасудзістых раслін, шырокараспаўсюджаных у экасістэмах Беларусі. Сярод іх добра вядомыя баршчэўнік Сасноўскага, сумнік канадскі, эхінацысціс лопасцевы (у народзе – «шалёны агурок»), а таксама вельмі небяспечная амброзія палыналістая і некаторыя другія віды (аронія Мічурына, ірга каласістая, астра новабельгійская і вербалістая), якія часам здаюцца бяскрыўднымі і нават карыснымі. У кнізе характарызуюцца спосабы і гісторыя пранікнення гэтых відаў на тэрыторыю краіны, прыводзяцца рэкамендацыі па прадухіленні іх далейшага распаўсюджання і неабходных дзеяннях, накіраваных на абмежаванне рассялення і знішчэнне.

У кнізе змешчана 68 арыгінальных картасхем распаўсюджання інвазійных раслін на тэрыторыі Беларусі.

У новым выданні можна знайсці таксама вялікі спіс чужародных відаў, якія валодаюць пакуль яшчэ не рэалізаваным патэнцыялам шкоднасці (246 відаў) ці сталі настолькі звыклымі, што дзеянні па абмежаванні іх распаўсюджання ўжо бессэнсоўныя (24 віды, у тым ліку баркун белы і лекавы, чыстацел майскі і інш.).

Кніга прызначана для работнікаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, спецыялістаў лясной гаспадаркі і зялёнага будаўніцтва, навукоўцаў і выкладчыкаў ВНУ, а таксама шырокага кола чытачоў, якія цікавяцца праблемамі экалогіі. Тыраж выдання – 700 экзэмпляраў.


Тэгi
#выданні