Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.03.2020

НАН Беларусі выступіла ініцыятарам арганізацыі Усебеларускай акцыі па стварэнні «Народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны»

13 сакавіка 2020 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі адбыўся Круглы стол, прысвечаны прэзентацыі Усебеларускай акцыі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!», у рабоце якога прынялі ўдзел вядучыя вучоныя, ваенныя гісторыкі НАН Беларусі, прадстаўнікі ВНУ, архіваў, грамадскіх арганізацый краіны.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі выступіла ініцыятарам арганізацыі Усебеларускай акцыі па стварэнні «Народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны». Мэта гэтай акцыі – увекавечанне пакалення пераможцаў і захаванне памяці аб іх подзвігу. Удзельнікі Круглага стала падкрэслілі, што памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны жыве ў кожнай беларускай сям’і. І вельмі важна, каб кожны жадаючы мог даслаць матэрыялы, фотаздымкі ваеннага часу, успаміны сваіх сваякоў для ўнясення ў базу дадзеных. Гэтыя матэрыялы можна даслаць у электронным выглядзе, па пошце ці прынесці асабіста. Каардынацыйным цэнтрам дадзенай работы стане аддзел ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Падчас работы Круглага стала быў абмеркаваны шэраг праблем: сучасны стан работы па захаванні гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну ў Рэспубліцы Беларусь (навуковая гістарыяграфія, музеефікацыя, захаванне памяці праз творы мастацкай літаратуры і выяўленчага мастацтва, адлюстраванне фактаў гісторыі ў вучэбным працэсе і СМІ); канцэпцыя і метадалогія сучаснага этапу работы па стварэнні Народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны; працяг цэнтралізаванай работы па ўдасканаленні кніг гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць» па гарадах і раёнах Беларусі і стварэнне іх электронных версій. Асаблівая ўвага была звернута на неабходнасць актывізацыі дадзенай работы на ўсіх узроўнях і прыцягненне да стварэння Народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны грамадскіх арганізацый патрыятычнай накіраванасці.

Падчас працы Круглага стала адбылася прэзентацыя навуковых выданняў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны, была арганізавана выстава тэматычнай літаратуры.

Фота С. Дубовік, газета Навука