Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.10.2015

IX Сесія Савета па кнігавыданні пры Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук пройдзе ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі

14-16 кастрычніка 2015 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца IX Сесія Савета па кнігавыданні пры Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук. Мерапрыемства ў гэтым годзе арганізавана Саветам па кнігавыданні Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Аддзяленнем гуманітарных навук і мастацтваў, Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Выдавецкім домам "Беларуская навука", Расійскай акадэміяй навук, Цэнтрам даследаванняў кніжнай культуры ФГБУ навукі «Навуковы і выдавецкі цэнтр “Навука“, Навуковым Саветам “Гісторыя сусветнай культуры”. У рамках Сесіі 14 кастрычніка 2015 года пройдзе пасяджэнне журы конкурсу “Навуковая кніга 2015”.

15 кастрычніка 2015 года адбудзецца Пленарнае пасяджэнне, на якім мяркуецца разгледзець супрацоўніцтва даследчыкаў Беларусі і Расіі ў галіне вывучэння кніжнай культуры, падняць пытанні, звязаныя з праблемамі навуковага кнігавыдання, дзейнасцю устаноў і асобных вучоных у гэтай галіне. Завершыць Пленарнае пасяджэнне ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Навуковая кніга 2015». Пасля Пленарнага пасяджэння пачне працу міжнародны беларуска-расійскі форум «Навуковае і культурнае ўзаемадзеянне ў кантэксце развіцця кнігавыдання, кнігаабмену і навукі пра кнігу».

Даклады ўдзельнікаў - вучоных з Расіі, Беларусі, Украіны, Казахстана, Таджыкістана - ахопліваюць актуальныя пытанні вывучэння гісторыі кнігі, бібліяграфіі, бібліятэчнай справы, а таксама навуковага кнігавыдання, сучасных тэхналогій у кнігавыдавецкай, інфармацыйна-бібліяграфічнай і бібліятэчнай дзейнасці. Частка з іх прысвечана 90-гадоваму юбілею Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі і яе дзейнасці ў кантэксце міжнароднага супрацоўніцтва. Да пачатку форуму прымеркаваны выпуск зборніка матэрыялаў.

З праграмай Сесіі можна азнаёміцца на вэб-старонцы мерапрыемства.