Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.11.2015

У НАН Беларусі абмеркавалі праблему ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР у 1939 годзе

19 лістапада 2015 г. у НАН Беларусі адбыўся круглы стол на тэму “Уз’яднанне беларускага народа: актуальныя праблемы даследавання і выкладання”. Для ўдзелу ў круглым стале былі запрошаны вучоныя, прадстаўнікі вузаўскай навукі, урадавых арганізацый.

Абмяркоўваўся наступны шэраг пытанняў: польска-савецкая вайна 1919-1920 гг. і Рыжскі мір 1921 г.; Беларусь ва ўмовах нацыянальнага раз’яднання (сакавік 1921 года - верасень 1939 г.); даследаванні рэгіянальнай гісторыі Заходняй Беларусі; геапалітычнае становішча ў Еўропе ў 1938-1939 гг. і пачатак Другой сусветнай вайны; аб’яднанне Заходняй Беларусі і БССР; падзеі 1921-1941 гг. у гісторыі Беларусі як прадмет гістарычнай памяці народа і дзяржаўнай палітыкі гістарычнай памяці.

Адкрываючы працу круглага стала, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч падкрэсліў: “Зусім нядаўна (14 лістапада) была гадавіна прыняцця акта 3-яй Пазачарговай сесіяй Вярхоўнага савета БССР пра ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Гэта рашэнне юрыдычна завяршыла ўз’яднанне беларускага народа. Мы павінны захоўваць памяць аб гэтай падзеі”.