Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.12.2015

Уладзімір Гусакоў: семінар па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з ЗША, які адкрыўся ў НАН Беларусі, - знакавая падзея для нашых краін

15 снежня 2015 года ў НАН Беларусі пачалася праца беларуска-амерыканскага семінара па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. З беларускага боку ў семінары бярэ ўдзел група кіраўнікоў буйных арганізацый у галіне навукі і вытворчасці, кіраўнікоў навукова-тэхнічных праектаў.

Адкрываючы семінар, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў назваў дадзенае мерапрыемства “знакавай падзеяй для нашых акадэмій, нашай навуковай супольнасці і нашых краін”. НАН Беларусі звязвае дадзены семінар з добрымі перспектывамі супрацоўніцтва з амерыканскім бокам і адкрыта да ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках: “Мы гатовы прадставіць і паказаць нашы вынікі, нашы інстытуты, лабараторыі, каб вы пераканаліся, што беларуская навука мае добрыя напрацоўкі, і мае добры патэнцыял для супрацоўніцтва”, адзначыў Уладзімір Гусакоў.