Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.03.2016

Беларускія вучоныя адзначаны прэміямі акадэмій навук Беларусі, Малдовы і Украіны

Беларускія вучоныя сталі лаўрэатамі прэмій нацыянальных акадэмій навук Беларусі, Малдовы і Украіны 2015 года. Прэміі прысуджаны за выдатныя навуковыя вынікі, атрыманыя пры выкананні сумесных даследаванняў і ў адпаведнасці з вынікамі конкурсу 2015 года.

У галіне тэхнічных навук вырашана прысудзіць прэміі галоўнаму навуковаму супрацоўніку Інстытута цепла-і масаабмену імя А.В. Лыкава НАН Беларусі, доктару тэхнічных навук, прафесару Васільеву Леанарду Леанідавічу і вядучаму навуковаму супрацоўніку лабараторыі порыстых асяроддзяў ІЦМА, кандыдату тэхнічных навук Жураўлёву Аляксандру Сяргеевічу - за цыкл прац «Інавацыйныя сістэмы тэрматрансфармацыі для ўтылізацыі другасных і альтэрнатыўных крыніц энергіі» (Беларусь - Украіна).

Лаўрэатамі конкурсу ў галіне прыродазнаўчых навук за цыкл прац «Класіфікацыя і ідэнтыфікацыя вінных дыстылятараў метадамі многапараметрычнага аналізу іх спектральных характарыстык» (Беларусь - Малдова) сталі прадстаўнікі Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі: намеснік загадчыка лабараторыі сістэм пераўтварэння светлавых палёў, кандыдат фізіка-матэматычных навук Хадасевіч Міхаіл Аляксандравіч, загадчык лабараторыі сістэм пераўтварэння светлавых палёў, кандыдат фізіка-матэматычных навук Сініцын Георгій Уладзіміравіч і інжынер па навукова-тэхнічнай інфармацыі лабараторыі сістэм пераўтварэння светлавых палёў Рагавая Марына Віктараўна.

У адпаведнасці з палажэннем прэміі акадэмій навук Беларусі, Малдовы і Украіны за выдатныя навуковыя вынікі, атрыманыя пры выкананні сумесных навуковых даследаванняў, уручаюцца з 1995 года. Конкурс праводзіцца раз у два гады па выніках конкурснага адбору сумесным рашэннем акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы. Пераможцы вызначаюцца па чарзе прэзідыумамі акадэмій навук трох краін. У 2015 годзе права падвесці вынікі было прадастаўлена Малдове.