Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.03.2016

У Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі адбудзецца навукова-практычны семінар Генетычная дыягностыка - неабходны этап персанальнай і прэвентыўнай медыцыны

24 сакавіка 2016 г. (чацвер) у 10.00 у Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі (г. Мінск, вул. Акадэмічная, 27) адбудзецца навукова-практычны семінар «Генетычная дыягностыка - неабходны этап персанальнай і прэвентыўнай медыцыны». Семінар арганізаваны ДНУ «Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі» сумесна з ДУА «Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі». У якасці дакладчыкаў на семінары выступяць супрацоўнікі інстытута і шэрагу медыцынскіх устаноў, у тым ліку спецыялісты ДУА «БелМАПА». Плануецца, што ў працы семінара прымуць удзел больш за 100 вучоных, спецыялістаў устаноў медыцынскага і біялагічнага профіляў, практыкуючыя ўрачы, а таксама выкладчыкі і студэнты профільных ВНУ.

Мэта семінара - інфармаванне вучоных, якія займаюцца медыцынскай генетыкай, і практыкуючых урачоў аб дасягненнях сучаснай генетычнай навукі, паскарэнне ўкаранення сучасных метадаў даследаванняў у медыцынскую практыку, развіццё і ўмацаванне навуковых і практычных сувязей з установамі як біялагічнага, так і медыцынскага профілю. Частка аспектаў генетычнай дыягностыкі як неабходнага этапу персанальнай і прэвентыўнай медыцыны будуць асветлены на навукова-практычным семінары. У ходзе мерапрыемства будзе арганізавана прэзентацыя паслуг, што аказваюцца Рэспубліканскім цэнтрам геномных біятэхналогій, акрэдытаваным у галіне вызначэння генетычных асаблівасцей чалавека. Для жадаючых наведаць лабараторыі цэнтра будзе праведзена экскурсія.

Азнаёміцца з праграмай семінара можна па спасылцы.

Тэл. для даведак + 375-17-284-04-11

Для даведкі. Расшыфроўка геному чалавека паказала, што ўсе людзі ў сваёй генетычнай аснове розныя. Таму да кожнага чалавека неабходны індывідуальны, персанальны падыход. Сучасная база персанальнага падыходу грунтуецца на малекулярна-біялагічнай дыягностыцы і вызначэнні біямаркераў, асацыіраваных з развіццём і ходам хвароб. Атрыманыя даныя фарміруюць генетычны пашпарт чалавека. Наяўнасць такога пашпарта стварае аптымальныя ўмовы для вызначэння рызыкі ўзнікнення захворвання (прадказальная або прэдыктыўная медыцына) і персанальнай прафілактыкі (прэвентыўная або прафілактычная медыцына). Ведаючы пра свае генетычныя схільнасці чалавек можа скарэкціраваць лад жыцця так, каб пазбегнуць уплыву асяроддзевых фактараў рызыкі і тым самым прадухіліць хваробу.