Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.04.2016

5-6 мая 2016 года ў НАН Беларусі адбудзецца Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры

5-6 мая 2016 года ў НАН Беларусі на Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры збяруцца больш за 300 даследчыкаў, вучоных і спецыялістаў па культуралогіі, гісторыі, этнаграфіі, літаратура- і мовазнаўстве з розных куткоў планеты: Расіі, Украіны, ЗША, Велікабрытаніі, Аўстрыі, Японіі, Ірана, Польшчы, Літвы, Славакіі, Беларусі. Арганізатарамі маштабнага мерапрыемства выступаюць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі; ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай Беларусі” і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Галоўная мэта Міжнароднага навуковага кангрэса беларускай культуры - захаванне гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, навуковы аналіз сучаснага стану нацыянальнай культуры. Форум закліканы садзейнічаць развіццю даследаванняў айчыннай культуры ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук як у Беларусі, так і за яе межамі, а таксама спрыяць пашырэнню міжнароднага супрацоўніцтва вучоных розных краін.

Пасяджэнні Кангрэса будуць праходзіць у фармаце тэматычных блокаў і закрануць разнастайныя аспекты развіцця і вывучэння беларускай культурнай прасторы. Сярод тэм, якія будуць абмеркаваны ўдзельнікамі форуму: нацыянальная культура, мова і літаратура; культура рэгіёнаў Беларусі і нацыянальных супольнасцей; беларуская дыяспара ў свеце: этнакультурныя працэсы, гісторыя і сучаснасць; гісторыка-культурная спадчына, музеі, запаведнікі; традыцыйная культура, архітэктура і дызайн; выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; музычнае мастацтва; тэатральнае мастацтва і інш.

Падчас Кангрэса будуць працаваць выставы выратаваных беларускімі рэстаўратарамі артэфактаў, навуковых выданняў. Госці Кангрэса наведаюць Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музей старажытнабеларускай культуры, Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Беларусь.

Адкрыццё Кангрэса - 5 мая 2016 года ў 10.00 у Вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі (пр. Незалежнасці, 66, 2 паверх).

Азнаёміцца з праграмай Кангрэса.