Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.06.2016

Секцыйнае пасяджэнне Трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшло ў НАН Беларусі

У рамках Трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў НАН Беларусі адбылося секцыйнае пасяджэнне “Расійска-беларускае навуковае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Стан і перспектывы развіцця”. Перад пачаткам працы секцыйнага пасяджэння Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі У. Гусакоў расказаў, што ў беларускага і расійскага бакоў ёсць “шмат напрамкаў супрацоўніцтва. Калі аб’яднаць расійскі магутны патэнцыял у навуковым плане з беларускім, можам вельмі шмат зрабіць. Трэба аб’яднаць намаганні ў галіне распрацоўкі штучнага інтэлекту - тое, на чым у свеце цяпер канцэнтруюцца намаганні і што вельмі бурна развіваецца. Мы павінны аб’ядноўвацца ў галіне біятэхналогій, нанаіндустрыі, фармпрадукцыі, новых матэрыялаў”. Таксама Старшыня Прэзідыума адзначыў, што супрацоўніцтва павінна развівацца не толькі на ўзроўні кіраўніцтва вядучых навуковых устаноў дзвюх краін, але і паміж супрацоўнікамі. “Трэба пераходзіць на такі ўзровень, каб працавалі сумесныя лабараторыі, аддзелы, былі сумесныя праекты на гэтым самым адказным узроўні, таму што навука робіцца ў лабараторыях”, - сказаў У.Гусакоў.

Больш за 80 удзельнікаў секцыйнага пасяджэння абмеркавалі развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў інавацыйнай сферы, супрацоўніцтва па праграмах Саюзнай дзяржавы, стан і перспектывы супрацоўніцтва Расійскай акадэміі навук і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і інш. Таксама ў праграме запланавана правядзенне круглага стала “Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва расійскіх і беларускіх вучоных “.