Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.06.2016

Гуманітарыі НАН Беларусі прынялі ўдзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Туркменістан - краіна з багатай духоўна-культурнай спадчынай”

З 15 па 18 чэрвеня 2016 года па запрашэнні Міністэрства культуры Туркменістана дэлегацыя вучоных з Інстытута гісторыі НАН Беларусі (Лакіза В.Л., Ляўко А.М.) і Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (Лазука Б. А.) прыняла ўдзел у працы Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Туркменістан - краіна з багатай духоўна-культурнай спадчынай” і выставе твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У працы канферэнцыі, якая праводзілася ў рамках Міждзяржаўнай праграмы краін СНД “Дашагуз - культурная сталіца Садружнасці 2016 года”, прынялі ўдзел гісторыкі, археолагі, мастацтвазнаўцы, музейныя работнікі з Туркменістана, Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Арменіі, Таджыкістана, Кыргызстана, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, акадэмій навук і ВНУ, а таксама намеснік Старшыні Выканаўчага камітэта - Выканаўчага сакратара СНД К.Жусупбекаў.

Практычная частка мерапрыемства была накіравана на паглыбленае знаёмства з багатай гісторыка-культурнай спадчынай Туркменістана, у тым ліку Дзяржаўным музеем Дзяржаўнага культурнага цэнтра Туркменістана (Ашхабад), Гісторыка-краязнаўчым музеем Дашагуза, гісторыка-культурным запаведнікам “Куняургенч” у прыгарадзе Гурганджа. Асабліва знамянальнай стала пятніца 17 чэрвеня, калі дэлегацыя вучоных з краін СНД прыняла ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды адкрыцця Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым новага сучаснага сяла Багтыяр Заман («Шчаслівая эпоха»)

У ходзе візіту беларускія вучоныя далі інтэрв’ю СМІ па тэматыцы канферэнцыі і пра перспектывы супрацоўніцтва Туркменістана і Беларусі, прапрацоўвалі пытанні далейшага развіцця супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы паміж краінамі СНД і рэалізацыі будучых сумесных праектаў.