Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.06.2016

Становішча Беларусі напярэдадні і ў пачатку Другой сусветнай вайны абмеркавалі гісторыкі НАН Беларусі на канферэнцыі ў Брэсце

21-22 чэрвеня 2016 г. у Брэсце на базе мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць – герой” Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна правялі Міжнародную навуковую канферэнцыю “Беларусь у агні 1941 года (да 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны)”. У ходзе канферэнцыі абмяркоўваліся сучасныя падыходы да асвятлення праблем гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, пытанні гістарыяграфіі і крыніцазнаўства, становішча Беларусі ў сістэме міжнародных адносін напярэдадні Другой сусветнай вайны, баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі і іншых участках савецка-германскага фронту летам 1941 года, праблемы бежанства і эвакуацыі, станаўленне антыфашысцкага супраціўлення на акупаванай тэрыторыі Беларусі і інш. У дакладах разглядаліся дасягненні айчыннай гістарыяграфіі адносна падзей пачатку Вялікай Айчыннай вайны, на канкрэтных фактах і прыкладах разглядалася падрыхтоўка рабоча-сялянскай чырвонай арміі ў пачатку вайны, вопыт арганізацыі і ўзаемадзеяння з арміяй першых партызанскіх атрадаў. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка.

Акрамя таго, удзельнікі канферэнцыі наведалі музеі Брэсцкай крэпасці, прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме “Свечка памяці”, а таксама паглядзелі рэканструкцыю бою.