Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.06.2016

28-30 чэрвеня 2016 года адбудзецца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Малекулярныя, мембранныя і клетачныя асновы функцыянавання біясістэм” і XII з’езд Беларускага грамадскага аб’яднання фотабіёлагаў і біяфізікаў

З 28 па 30 чэрвеня 2016 года адбудзецца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Малекулярныя, мембранныя і клетачныя асновы функцыянавання біясістэм” і XII з’езд Беларускага грамадскага аб’яднання фотабіёлагаў і біяфізікаў. Арганізатары канферэнцыі - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і ДНУ “Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.

У рамках правядзення канферэнцыі будзе праведзены круглы стол “Альгалогія ў Рэспубліцы Беларусь: праблемы, дасягненні і перспектывы”. На канферэнцыі плануецца абмеркаваць фундаментальныя і прыкладныя аспекты прыярытэтных напрамкаў навуковых даследаванняў у галіне біяфізікі, клетачнай інжынерыі, медыцынскай і малекулярнай біяфізікі, нанабіятэхналогій, а таксама праблемы сучаснай біяфізічнай адукацыі.

У канферэнцыі прымуць удзел больш за дзвесце вучоных з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Германіі, Арменіі, Іспаніі, Італіі, Францыі, ЗША і Індыі, якія прадстаўляюць 102 навуковыя ўстановы і арганізацыі. Канферэнцыя будзе працаваць у рэжыме пленарных, секцыйных і стэндавых сесій.

Пасяджэнне секцыі “Мембранная і клетачная біяфізіка” будзе прысвечана памяці акадэміка НАН Беларусі, прафесара, доктара біялагічных навук Cяргея Васільевіча Конева (1931-2005 г.г.) да 85-годдзя з дня нараджэння.

Па выніках канферэнцыі будзе праведзены “круглы стол”, на якім будуць абмеркаваны асноўныя праблемы і тэндэнцыі развіцця сучаснай біяфізікі.

Канферэнцыя адбудзецца з 28 па 30 чэрвеня 2016 па адрасе: г. Мінск, вул. Ульянаўская, 8 (будынак Ліцэя БДУ).

З праграмай можна азнаёміцца тут.