Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.07.2016

НАН Беларусі наведаў навуковы кіраўнік Метэаралагічнага інстытута Фінляндыі прафесар Сяргей Зіліцінкевіч

25-26 ліпеня 2016 года НАН Беларусі наведаў Сяргей Зіліцінкевіч – доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, дырэктар па навуцы аддзялення атмасферных навук Хельсінкскага ўніверсітэта, прафесар-даследчык Метэаралагічнага інстытута Фінляндыі (FMI), навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі атмасферы імя А.М. Обухава РАН, прафесар даследчага цэнтра па навакольным асяроддзі і дыстанцыйным зандзіраванні імя Ф.Нансена (NERSC). Спецыяліст у галіне фізікі атмасферы.

Мэта візіту прафесара Сяргея Зіліцінкевіча у НАН Беларусі – завязаць супрацоўніцтва з беларускімі калегамі ў рамках работы PEEX * і абмеркаваць перспектывы ўдзелу зацікаўленых беларускіх інстытутаў і ўніверсітэтаў у названай праграме.

Прафесар С.Зіліцінкевіч выступіў з прэзентацыяй праекта PEEX. У працы семінара прынялі ўдзел прадстаўнікі Інстытута прыродакарыстання, Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава, НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, а таксама некаторыя структуры БДУ, у тым ліку прадстаўнікі цэнтра маніторынгу азонасферы, фізічнага і геаграфічнага факультэтаў. На семінары абмяркоўваліся планы далейшых кантактаў беларускіх вучоных і PEEX.


* PEEX (Пан-Еўразійскі эксперымент) – навакольнае асяроддзе і ўстойлівае развіццё ў рамках Еўрапейскага саюза, Расіі і Кітая. Гэты мега-праект закліканы адказаць на такія глабальныя выклікі, як змяненне клімату, якасць атмасфернага паветра і прэснай вады, стан лясоў і біяразнастайнасці, землекарыстанне, дэмаграфія і прадукты харчавання.