Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.08.2016

Республіканскі банк ДНК аб’яўлены нацыянальным здабыткам

Унікальны навуковы аб’ект Рэспубліканскі банк ДНК чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў аб’яўлены нацыянальным здабыткам. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў № 629 ад 13 жніўня 2016 года. Адказнасць за захаванне і забеспячэнне належнага функцыянавання аб’екта ўскладзена на Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, ад імя якой адпаведныя функцыі будзе выконваць дзяржаўная навуковая ўстанова “Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Інстытут з’яўляецца вядучым навукова-даследчым цэнтрам у Беларусі у галіне біятэхналогіі, генетыкі і геномікі чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў. У працэсе рэалізацыі розных праграм у інстытуце назапашаны ўзоры ДНК чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў і біялагічнай тканкі – арыгінальны біялагічны матэрыял, з якога быў атрыманы ўзор ДНК. Узоры згрупаваны ў спецыялізаваныя калекцыі, якія ўяўляюць сабой вельмі каштоўныя генетычныя рэсурсы.

Па стане на 1 ліпеня рэспубліканскі банк ДНК налічвае 9 608 узораў і ўключае ў сябе чатыры раздзелы: банк ДНК чалавека; банк ДНК жывёл; банк ДНК раслін; банк ДНК мікраарганізмаў. Кожны раздзел прадстаўлены калекцыяй узораў ДНК для працяглага захоўвання і калекцыяй узораў ДНК для навуковых мэт.