Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

12.09.2016

14 верасня 2016 года адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Праблемы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і ўстойлівае развіццё Палесся»

14-га верасня (серада) 2016 г. у 10.00 у НАН Беларусі (Мінск, пр. Незалежнасці, 66, Вялікая канферэнц-зала) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Праблемы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і ўстойлівае развіццё Палесся». У канферэнцыі, якая пройдзе 14 - 17 верасня 2016 года, прымуць удзел больш за 300 вучоных і спецыялістаў, у тым ліку каля 80 з замежных краін: Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі. Удзельнікамі канферэнцыі будуць прадстаўлены 280 дакладаў па шырокім спектры пытанняў, якія тычацца рацыянальнага выкарыстання і аховы прыродных рэсурсаў, сацыяльна-эканамічных праблем, захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Форум праводзіць НАН Беларусі сумесна з акадэміямі навук Расіі, Польшчы і Украіны, Нацыянальнай акадэміяй аграрных навук Украіны, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў, Міністэрствам адукацыі і навукі Расійскай федэрацыі.

Палессе - геаграфічны рэгіён, своеасаблівасць якога абумоўлена захаваннем малазмененых прыродных сістэм, разнастайнасцю расліннага і жывёльнага свету, мінеральна-сыравінных рэсурсаў, значнай доляй асушаных зямель у структуры зямельных угоддзяў, інтэнсіўным развіццём сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама этнакультурнай самабытнасцю карэннага насельніцтва, якое пражывае тут .

Унікальнасцю Палесся з’яўляецца той факт, што гэты цэласны ў прыродным дачыненні рэгіён размяшчаецца ў межах некалькіх краін - Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Цесныя матэрыяльна-энергетычныя патокі паміж імі, якія не прызнаюць дзяржаўных межаў, а таксама падобныя праблемы ў захаванні і выкарыстанні прыродных рэсурсаў абумоўліваюць неабходнасць міжнароднага супрацоўніцтва для вывучэння і выкарыстання гэтай трансгранічнай тэрыторыі. Форум у Мінску праводзіцца з мэтай абагульнення наяўнага ў розных краінах вопыту выкарыстання прыродных рэсурсаў Палесся, захавання ўнікальных палескіх ландшафтаў, выбару навукова-тэхнічных прыярытэтаў у галіне прырода- і нетракарыстання, якія забяспечваюць устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё трансгранічнага Палескага рэгіёну.

Падчас працы канферэнцыі будуць праведзены дзве палявыя навуковыя экскурсіі на тэрыторыю Палесся з мэтай азнаямлення з праблемамі выкарыстання і аховы тарфяна-балотных глеб і тарфяных радовішчаў, праблемамі меліярацыі і выкарыстання меліяраваных зямель, метадамі прадухілення дэградацыі асушаных тарфяных глеб і захавання арганічнага рэчыва пры іх сельскагаспадарчым выкарыстанні . Да пачатку канферэнцыі выдавецтвам «Беларуская навука» будзе выдадзены Зборнік дакладаў канферэнцыі ў 2-х тамах.