Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.10.2016

Адбылася прэс-канферэнцыя на тэму “Нанатэхналогіі і нанаіндустрыі ў Рэспубліцы Беларусь: сучасны стан і развіццё”

7 кастрычніка 2016 г. у прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя на тэму “Нанатэхналогіі і нанаіндустрыі ў Рэспубліцы Беларусь: сучасны стан і развіццё”. Ад НАН Беларусі ў прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел: Першы намеснік Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Чыжык Сяргей Антонавіч і старшы навуковы супрацоўнік ДНУ “Інстытут фізіка-арганічнай хіміі” НАН Беларусі кіраўнік нанапраектаў для аграпрамысловага комплексу Азізбекян Сяргей Гургенавіч. Таксама ў прэс-канферэнцыі прыняў удзел акадэмік НАН Беларусі, старшыня праўлення Рэспубліканскай асацыяцыі нанаіндустрыі Жданок Сяргей Аляксандравіч.

Сяргей Чыжык расказаў прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі аб рабоце Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне нанатэхналогій. У прыватнасці былі закрануты такія распрацоўкі як графены, тэрмапашыраны графіт, стварэнне звыш’ёмістых назапашвальнікаў энергіі, электрамагнітныя ахоўныя экраны, прымяненне нанатэхналогій у апрацоўцы аптычных элементаў, угнаенняў для сельскай гаспадаркі і інш. Таксама Першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі закрануў праблемныя пытанні развіцця нанаіндустрыі ў Беларусі. У прыватнасці была ўзгадана неабходнасць стварэння інфраструктурнага цэнтра ў галіне нанараспрацовак, а таксама неабходнасць дапрацоўкі заканадаўства ў сферы рэгулявання правоў інтэлектуальнай уласнасці.

Сяргей Азізбекян спыніўся падрабязней на распрацоўцы НАН Беларусі Нанаплант. Кіраўнік нанапраектаў для аграпрамысловага комплексу правёў кароткую прэзентацыю і расказаў пра вопыт камерцыялізацыі прадукту Нанаплант у Беларусі і за мяжой.