Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.10.2016

У Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларуска-польскія культурна-моўныя ўзаемадачыненні: ад гісторыі да сучаснасці”

4–5 кастрычніка 2016 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылася сумесная з Інстытутам славістыкі Польскай акадэміі навук (ПАН) міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларуска-польскія культурна-моўныя ўзаемадачыненні: ад гісторыі да сучаснасці”.

Праблематыка канферэнцыі ахапіла шырокае кола пытанняў у галіне міжмоўнага беларуска-польскага ўзаемадзеяння, дыялекталогіі і лексікаграфіі, этнакультурных узаемасувязей і літаратурных стасункаў у розныя гістарычныя перыяды. Праграма навуковага мерапрыемства аб’яднала каля пяцідзесяці вучоных Беларусі і Польшчы, была вельмі насычанай і прадугледжвала працу ў фармаце пленарнага пасяджэння і шасці тэматычных секцый, а таксама наведванне Музея старабеларускай культуры і экскурсію ў Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”.

Прынята рашэнне зрабіць конферэнцыю рэгулярнай, у адпаведнасці з чым, чарговы сумесны беларуска-польскі навуковы форум запланавана правесці ў Інстытуце славістыкі ПАН праз два гады.

Наталля СНІГІРОВА,
старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа
фота А. Ермаловіч, газета "Навука"