Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.11.2016

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч і намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава наведалі Рэспубліканскі навукова-медыцынскі цэнтр “Клетачныя тэхналогіі” НАН Беларусі

4 лістапада 2016 года Рэспубліканскі навукова-медыцынскі цэнтр “Клетачныя тэхналогіі” НАН Беларусі наведалі Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васілій Жарко, прадстаўнікі медыцынскіх устаноў краіны.

Дырэктар ДНУ “Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі” Людміла Дубоўская, загадчык лабараторыі ДНУ “Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі” акадэмік Ігар Валатоўскі, навуковыя супрацоўнікі цэнтра расказалі аб асноўных напрамках дзейнасці цэнтра, аб дасягнутых выніках, а таксама аб перспектыўных напрамках развіцця арганізацыі. Высокія госці азнаёміліся з вытворчасцю біямедыцынскіх клетачных прадуктаў і банкам ствалавых клетак, наведалі лячэбную паліклінічную базу.

Падчас наведвання абмяркоўваліся пытанні пашырэння магчымасцей цэнтра, а таксама праблемы, якія трэба вырашаць для паспяховай дзейнасці арганізацыі. Як адзначыў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, у цяперашні час неабходна больш шырока выкарыстоўваць дасягненні навукі для медыцынскай дапамогі насельніцтву, больш актыўна прапагандаваць магчымасці айчынных перадавых тэхналогій.

5 снежня 2014 г. у ДНУ “Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі” адбылося ўрачыстае адкрыццё навукова-медыцынскага цэнтра “Клетачныя тэхналогіі”. Праект рэалізаваны згодна з дзяржаўнай праграмай “Інавацыйныя біятэхналогіі” на 2010-2012 гады і на перыяд да 2015 года. Цэнтр уключае ў сябе лячэбную паліклінічную базу, аперацыйны блок, кабінет УГД-дыягностыкі, палаты дзённага знаходжання. На базе цэнтра створаны адпаведныя стандартам GMP вытворчасць біямедыцынскіх клетачных прадуктаў і банк ствалавых клетак, у якім на доўгачасовай аснове могуць захоўвацца матэрыялы 13 тыс. пацыентаў, а на кароткачасовай - 40 тыс. Зараз у цэнтры аказваюць высокакваліфікаваныя паслугі па лячэнні трафічных язваў канечнасцей з выкарыстаннем уласных мезенхімальных ствалавых клетак з тлушчавай тканкі, праводзяць персаніфікаваную крыякансервацыю і крыязахоўванне мезенхімальных ствалавых клетак чалавека, ажыццяўляюць лячэнне варыкознага расшырэння вен, хвароб парадонта і суставаў, апёкаў, пролежняў, УГД органаў і тканак.

Фота С. Дубовік, газета Навука