Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.11.2016

Каманда маладых вучоных НАН Беларусі заняла 4 месца на конкурсе Composite Battle World Cup Kazan 2016

Маладыя вучоныя зборнай каманды «CompAs» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі занялі 4-ае месца на Чэмпіянаце свету па кампазіцыйных матэрыялах Composite Battle World Cup Kazan 2016 (г. Казань, Расійская Федэрацыя).

Нагадаем, што ў 2015 годзе маладзёжная каманда НАН Беларусі «CompAS» прайшла конкурсны адбор чэмпіянату Расіі па кампазітах сярод маладых спецыялістаў прадпрыемстваў і студэнтаў ВНУ «Composite Battle». У склад каманды ўвайшлі прадстаўнікі Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі і Навукова-вытворчага цэнтра шматфункцыянальных беспілотных комплексаў. У праграму чэмпіянату былі ўключаны: брэйн-рынг - інтэлектуальныя спаборніцтвы па адказах на хуткасць, тэхналагічны конкурс - выпуск вырабаў з кампазітаў, разлік канструкцыі - праектаванне і разлік на трываласць кампазітнай канструкцыі, бізнес-кейсы - конкурс ідэй па камерцыялізацыі кампазітных распрацовак. Акрамя таго, удзельнікі чэмпіянату прадстаўлялі «хатнія заданні» - відэаролік аб камандзе, бізнес-кейс, а таксама прынялі ўдзел у конкурсе капітанаў.