Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.02.2017

НАН Беларусі праводзіць Тыдзень роднай мовы

З 20 па 26 лютага 2017 года Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі праводзіць Тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які селета адзначаецца 21 лютага 2017 года. Запланаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў.

20 лютага ў 15.00 у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі будзецца сустрэча са школьнікамі - пераможцамі ІІІ этапа Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове.

21 лютага ў 15.00 у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа будзе праведзены круглы стол “Мова ў навуцы, адукацыі, заканадаўстве” з удзелам прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, выкладчыкаў профільных навучальных устаноў сталіцы, прадстаўнікоў прэсы, вядучых супрацоўнікаў і маладых вучоных НАН Беларусі.

22 лютага ў 15.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, першы паверх, п. 110) адбудзецца прэзентацыя аднатомнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”, які быў падрыхтаваны калектывам лексікографаў інстытута. «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» змяшчае больш за 65 тысяч слоў і дае не толькі тлумачэнне іх значэнняў, але і з’яўляецца нарматыўным даведнікам па арфаграфіі, націску, словазмяненні, словаспалучэнні і граматычнай характарыстыцы. У Слоўнік унесены змены ў напісанне слоў паводле прынятага ў 2008 годзе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Новае выданне, якое працягвае і развівае традыцыі айчыннай лексікаграфіі, арыентавана на адлюстраванне сучаснага стану лексікі і фразеалогіі беларускай літаратурнай мовы і адпаведна тых працэсаў, якія дэманструюць дынаміку развіцця сучаснай беларускай мовы. На прэзентацыю запрошаны студэнты навучальных устаноў, выкладчыкі, настаўнікі, прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі краіны, аматары жывога беларускага слова. Член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў падчас сустрэчы з курсантамі і выкладчыкамі распавядзе аб сучаснай моўнай сітуацыі ў краіне і дасягненнях айчынных вучоных.

23 лютага на вучоным савеце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі пройдзе абмеркаванне тэмы “Актуальныя напрамкі сучаснага беларускага мовазнаўства”.

24 лютага ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі ў рамках адукацыйнай праграмы семінара для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры устаноў сярэдняй адукацыі будзе прачытана лекцыя “Лічбавыя адукацыйныя рэсурсы і інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі ў выкладанні беларускай мовы і літаратуры”.

Таксама на працягу тыдня вядучыя вучоныя-філолагі выступяць перад грамадскасцю, па радыё і на тэлебачанні, прымуць удзел у імпрэзах і святочных мерапрыемствах, што будуць арганізаваны дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі нашай краіны.