Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.07.2017

Дэлегацыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі прыняла ўдзел у Міжнароднай летняй школе маладых археолагаў краін-удзельніц СНД у Рэспубліке Таджыкістан

Дэлегацыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі з 2 па 8 ліпеня 2017 г. прыняла ўдзел у навуковым форуме “Міжнародная летняя школа маладых археолагаў краін-удзельніц СНД на месцы старажытнага горада “Хулбук” у Рэспубліцы Таджыкістан. Мерапрыемства праводзілася пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД і Акадэміі навук Рэспублікі Таджыкістан.

Міжнародная школа маладых археолагаў сабрала прадстаўнікоў акадэмічнай і ўніверсітэцкай навукі з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана і Украіны.

У склад дэлегацыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па навуковай рабоце Вадзіма Лакізы ўвайшлі маладыя вучоныя-археолагі, навуковыя супрацоўнікі Анастасія Касцюкевіч, Павел Кенька, Марыя Ткачова і Станіслаў Юрэцкі.

Прадстаўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі расказалі калегам аб сваіх напрацоўках па перыядзе неаліту і ранняга сярэднявечча Беларусі, распаўсюджанні прывазных прадметаў на тэрыторыі Полацкай зямлі, пра палявыя працы маладых археолагаў. Далёка за межамі Беларусі сталі вядомыя прарыўныя археалагічныя даследаванні помнікаў Васілеўшчына і Кардон, што ўвайшлі ў ТОП-10 вынікаў фундаментальных даследаванняў НАН Беларусі ў 2015 і 2016 гг. Асаблівую цікавасць выклікаў даклад Вадзіма Лакізы, які быў прысвечаны сучаснаму стану айчыннай археалогіі, а таксама пытанням, што тычацца аховы гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны. У выніку абмеркавання былі выяўлены агульныя для краін СНД праблемы па захаванні помнікаў і барацьбе з “чорнымі капальнікамі”. Вучоны анансаваў заяўку Інстытута гісторыі на правядзенне такой школы ў Беларусі, у тым ліку і на тэрыторыі Белавежскай пушчы, уключанай у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Важным вынікам удзелу ў міжнароднай школе для маладых вучоных-археолагаў стала перайманне вопыту па навуковым супрацоўніцтве, а таксама па пошуку крыніц фінансавання даследчых праектаў і практычным выкарыстанні атрыманых вынікаў.

Станіслаў Юрэцкі, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі,
старшыня Савета маладых вучоных Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі