Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.07.2017

У НАН Беларусі адбылося рабочае пасяджэнне Міжведамаснай камісіі Беларусі па пытаннях Антарктыкі

19 ліпеня 2017 года ў НАН Беларусі адбылося рабочае пасяджэнне Міжведамаснай камісіі Беларусі па пытаннях Антарктыкі. Па яго выніках прынята рашэнне аб узмацненні навуковай часткі 10-й экспедыцыі, напаўненні яе дзейнасці актуальнымі навуковымі праектамі.

Перад пачаткам працоўнага пасяджэння начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў паведаміў, што Беларусь плануе атрымаць статус кансультатыўнага боку ў міжнародным Дагаворы аб Антарктыцы. Статус дае права голасу, удзелу ў распрацоўцы і прыняцці рашэнняў, якія тычацца сучаснасці і будучыні Антарктыкі.

10-я БАЭ высадзіцца ў Антарктыдзе ў снежні бягучага года. Адбор удзельнікаў экспедыцыі адбудзецца ў верасні, конкурс складзе 3-4 чалавекі на месца. Колькасць спецыялістаў будзе залежаць ад аб’ёмаў фінансавання, удакладненых мэт і задач будучай экспедыцыі. Эвакуацыя экспедыцыі адбудзецца ў канцы лютага - пачатку сакавіка 2018 года.

Начальнік лагістычнага цэнтра Расійскай антарктычнай экспедыцыі Вячаслаў Марцьянаў звярнуў увагу на тое, што тэхнічная падтрымка беларускіх экспедыцый працягнецца. Гэта прадугледжана пагадненнем аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы паміж урадамі Беларусі і Расіі. Палярнікі дзвюх краін супрацоўнічаюць і ў навуковых даследаваннях. Па словах В. Марцьянава, разглядаецца магчымасць арганізацыі на расійскай станцыі “Усход” назіранняў з дапамогай беларускіх прыбораў. У прыватнасці, плануецца вывучэнне ўзроўню ультрафіялетавай радыяцыі на мацерыку.

Фота С. Дубовік, газета “Навука”