Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.08.2017

Прадстаўнікі расійскіх і саюзных СМІ наведалі ДНУ “Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў – Сосны”

24 жніўня 2017 года прадстаўнікі расійскіх і саюзных сродкаў масавай інфармацыі наведалі дзяржаўную навуковую ўстанову «Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў – Сосны», дзе сустрэліся з вучонымі-атамшчыкамі НАН Беларусі. Гэты візіт адбыўся ў рамках прэс-тура “Узаемадзеянне Беларусі і Расіі ў сферы ядзернай энергетыкі”, арганізатарам якога выступілі: Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы, Нацыянальны прэс-цэнтр Рэспублікі Беларусь і Міжнароднае інфармацыйнае Агенцтва “Расія сёння” пры падтрымцы Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У складзе дэлегацыі расійскіх журналістаў – прадстаўнікі такіх буйных СМІ Расійскай Федэрацыі, як Міжнароднае інфармацыйнае агенцтва “Расія Сёння”, агенцтва “РІА Навіны”, газета “Маскоўскі камсамолец”, “Расійская газета”, “Камсамольская праўда”, часопіс “Дзелавы агляд”, часопіс “Надзейнасць і бяспека энергетыкі”, часопіс “Расійская Федэрацыя сёння”, інфармацыйна-аналітычны партал Саюзнай дзяржавы і іншыя. Сярод беларускіх СМІ – Інфармацыйнае Агенцтва БЕЛТА, “газета “Савецкая Бнларусь” і інш.

Журналістам былі прадэманстраваны вынікі навуковай дзейнасці вучоных Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў – Сосны па навуковым суправаджэнні БелАЭС, а таксама супрацоўніцтва з расійскімі калегамі. Госці наведалі пастаянную выстаўку інстытута, вылічальны цэнтр, клас фізічнай абароны, крытычныя стэнды “Гіяцынт” і “Крышталь”, падкрытычную ўстаноўку “Яліна”, устаноўку па перапрацоўцы вадкіх радыяцыйных адыходаў, іншыя аб’екты інстытута.