Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

12.09.2017

НАН Беларусі наведала дэлегацыя Каралеўства Саудаўская Аравія

12 верасня 2017 года НАН Беларусі наведала дэлегацыя Каралеўства Саудаўская Аравія на чале з Міністрам адукацыі Каралеўства Саудаўская Аравія Ахмедам Мухамед аль-Іса. Мэта візіту - абмеркаванне перспектыў развіцця навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж арганізацыямі НАН Беларусі і Каралеўства Саудаўская Аравія. Госці правялі перагаворы з кіраўніцтвам НАН Беларусі і азнаёміліся з пастаянна дзеючай выставай “Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці”.

Як адзначыў падчас сустрэчы Першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык, “у беларускіх вучоных ужо ёсць значны вопыт супрацоўніцтва з калегамі з Саудаўскай Аравіі. Мы вельмі актыўна працуем з Навукова-тэхналагічным цэнтрам імя караля Абдул-Азіза. Рэалізаваны дзясяткі сумесных праектаў па самых розных накірунках. У Эр-Рыядзе, сталіцы Саудаўскай Аравіі, з 23 па 24 кастрычніка ўпершыню пройдзе міжнародная выстава беларускіх навукова-тэхнічных распрацовак. На выставе мы маем намер прадставіць тыя вынікі, якіх дасягнулі нашы вучоныя, у тым ліку і ў час рэалізацыі праектаў разам з Саудаўскай Аравіяй. Вядома, плануецца закласці аснову і для новых сумесных праектаў”.

У сваю чаргу, Міністр адукацыі Каралеўства Саудаўская Аравія Ахмед Мухамед аль-Іса падкрэсліў, што члены дэлегацыі ўражаны вынікамі і дасягненнямі беларускіх вучоных, прадстаўленых на выставе “Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці”. Як было адзначана на перагаворах, саудаўскі бок лічыць перспектыўнай рэалізацыю сумесных праектаў арганізацый НАН Беларусі і ўніверсітэтаў Саудаўскай Аравіі. Асабліва зацікаўлены госці ў галіне нана- і біятэхналогій, аграпрамысловых тэхналогіях, даследаваннях у галіне новых крыніц энергіі.