Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.09.2017

У НАН Беларусі пачала работу юбілейная канферэнцыя “Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў”

7 верасня 2017 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў”. Арганізатарам канферэнцыі з’яўляецца ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”. Форум прысвечаны 60-годдзю з дня стварэння Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі.

Канферэнцыя заклікана падвесці вынікі дзейнасці Інстытута за 60 гадоў і вызначыць яе актуальныя напрамкі. У мерапрыемстве прымаюць удзел больш за 250 вучоных з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Казахстана, Літвы, Латвіі, Кітая, Эстоніі і іншых краін, прадстаўнікі розных навуковых школ. У ходзе канферэнцыі праходзіць выстава работ Інстытута, выдадзеных за апошнія дзесяцігоддзі. Для ўдзельнікаў і гасцей канферэнцыі запланаваны шэраг культурных мерапрыемстваў.

Праца канферэнцыі працягнецца секцыйнымі сесіямі 8 верасня па адрасе вул. Сурганава, 1, корп. 2. (памяшканне ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”.

Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі быў створаны 11 ліпеня 1957 г. У 1992 годзе яму было прысвоена імя Кандрата Крапівы. З моманту стварэння Інстытут з’яўляецца адным з найбуйнейшых у краіне цэнтраў па падрыхтоўцы навуковых кадраў, фарміраванні нацыянальных навуковых школ, правядзенні даследаванняў у галіне вывучэння этнакультурных працэсаў на тэрыторыі Беларусі; міжэтнічных сувязей у сферы матэрыяльнай і духоўнай культуры; заканамернасцей развіцця мастацкай культуры; праблем гісторыі і тэорыі беларускай архітэктуры, мастацтва.

За час існавання Інстытутам падрыхтавана некалькі сотняў фундаментальных выданняў, якія з’яўляюцца гонарам беларускай гуманітарнай навукі. Сярод іх можна адзначыць шматтомныя выданні “Беларуская народная творчасць” у 45 тамах, “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі” ў 7 тамах, “Гісторыя беларускага мастацтва” ў 6 тамах, “Гісторыя беларускага тэатра” ў 4 тамах, “Гісторыя кінатэлемастацтва Беларусі” ў 4 тамах, “Музычны тэатр Беларусі” ў 5 тамах, “Архітэктура Беларусі (у кантэксце ўсходнеславянскай і еўрапейскай культур)” у 4 тамах, “Беларуская народная творчасць (Гісторыка-тэарэтычнае даследаванне)” у 6 тамах, шматтомныя выданні “Беларусы”, “Гарады і вёскі Беларусі” і інш.

Вялікая ўвага ў Інстытуце заўсёды надавалася падрыхтоўцы навуковых кадраў, навучанне якіх вядзецца ў аспірантуры і дактарантуры. Плеяда высокакваліфікаваных спецыялістаў рэпрэзэнтуюць сёння нацыянальныя навуковыя школы ў такіх галінах ведаў, як этналогія, фалькларыстыка, архітэктура, выяўленчае, тэатральнае, музычнае, кінамастацтва і інш.

На дадзены момант у Інстытуце працуюць 102 супрацоўнікі, у тым ліку 17 дактароў (з іх 1 акадэмік і 1 член-карэспандэнт) і 38 кандыдатаў навук. У складзе Інстытута – 8 аддзелаў, музей старажытнабеларускай культуры, Рэспубліканская лабараторыя гісторыка-культурнай спадчыны.

Інстытутам вядзецца праца па прыярытэтных навуковых напрамках, распрацоўцы дзяржаўных праграм фундаментальных даследаванняў, інавацыйных праектаў, сумесных праектаў з вучонымі Расіі, Польшчы, Балгарыі, Румыніі, Кітая, Літвы, Эстоніі і іншых краін, праца з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь па ўдасканаленні заканадаўства ў галіне аховы помнікаў гісторыі і культуры, іншымі арганізацыямі, навуковымі ўстановамі і ўстановамі адукацыі і культуры Рэспублікі Беларусь.