Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.09.2017

Адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы Першага беларускага філасофскага кангрэса “Нацыянальная філасофія ў глабальным свеце”

20 верасня 2017 года ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад кіраўніцтвам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы Першага беларускага філасофскага кангрэса “Нацыянальная філасофія ў глабальным свеце”.

Кангрэс, які пройдзе ў Мінску 18-20 кастрычніка 2017 года, стане найбуйнейшым у гісторыі нашай краіны навуковым форумам у галіне філасофіі, сацыяльных і гуманітарных навук, этапным мерапрыемствам у рамках Года навукі ў Рэспубліцы Беларусь. У ім прымуць удзел звыш 500 беларускіх вучоных, выкладчыкаў, аспірантаў, прадстаўнікоў экспертных колаў з Беларусі, краін ЕАЭС, дзяржаў Еўропы, Азіі і Амерыкі. Сярод гасцей кангрэса - кіраўнікі міжнародных навуковых арганізацый і фондаў, лідары нацыянальных філасофскіх школ шэрагу краін свету.

Арганізатары бачаць кангрэс як інструмент кансалідацыі вучоных краіны вакол вырашэння карэнных задач развіцця дзяржавы, грамадства і культуры, а таксама як сродак нагляднай дэманстрацыі дасягненняў беларускай навукі, спадчыны айчыннай духоўнай культуры, інтэлектуальнага патэнцыялу Беларусі, укладу краіны ў мірны працэс і вырашэнне глабальных праблем сучаснасці. Не выпадкова Рэспубліка Беларусь ганарыцца тысячагадовай традыцыяй філасофскіх ведаў, а сучасная беларуская філасофія карыстаецца аўтарытэтам і выклікае заслужаную цікавасць у навуковых і грамадскіх колах замежных краін.

У пасяджэнні аргкамітэта прыняў удзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, адказныя работнікі Міністэрства адукацыі, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, а таксама кіраўнікі арганізацый, на базе якіх пройдуць мерапрыемствы кангрэса: Інстытута філасофіі НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (у ім дыскусіі адбудуцца ў сценах факультэта філасофіі і сацыяльных навук), Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Абмеркаваны актуальныя пытанні падрыхтоўкі кангрэса, фарміравання яго навуковай праграмы, прыёму высокіх замежных гасцей.