Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.10.2017

У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыўся расійска-беларускі семінар па прыкладных інфармацыйных сістэмах і штучным інтэлекце

2 кастрычніка 2017 г. у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыўся расійска-беларускі навукова-практычны семінар па тэматыцы прыкладных інфармацыйных сістэм і штучнага інтэлекту.

У семінары з беларускага боку прынялі ўдзел прадстаўнікі навуковай школы вучонага-лінгвіста Віктара Уладзіміравіча Мартынава: А.М. Гардзей, галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі (ЦСАСД), доктар філалагічных навук, прафесар; І.М. Бойка, вядучы навуковы супрацоўнік ЦСАСД, кандыдат тэхнічных навук; Ч.Г. Руткоўскі, старшы навуковы супрацоўнік ЦСАСД; С.П. Віцязь, намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар гістарычных навук; В.В. Галянкоў, загадчык кафедры інтэлектуальных інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, доктар тэхнічных навук, прафесар і інш.

Расійскі бок прадстаўлялі: Ф.Ф. Задняпроўскі, генеральны дырэктар ЗАТ “РСК СКІФ”, намеснік дырэктара Інстытута праграмных сістэм РАН; Г.С. Осіпаў, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Федэральнага даследчага цэнтра “Інфарматыка і кіраванне” РАН, доктар тэхнічных навук, прафесар; С.К. Славінскі, намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ “РСК СКІФ”.

Таксама па выніках семінара праведзена арганізацыйная нарада па пытанні перспектыўных напрамкаў сумесных даследаванняў і распрацовак і магчымай іх рэалізацыі ў рамках праграм Саюзнай дзяржавы. Нараду правёў П.А. Віцязь, кіраўнік апарату Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар. У нарадзе прынялі ўдзел В.В. Ганчароў, дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі, кандыдат эканамічных навук і А.В. Тузікаў, генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.

У ліку ўдзельнікаў нарады таксама прысутнічалі кіраўнікі нацыянальных цэнтраў штучнага інтэлекту абедзвюх краін (Г.С. Осіпаў – прэзідэнт Расійскай асацыяцыі штучнага інтэлекту; А.В. Тузікаў – сукіраўнік Міжведамаснага цэнтра штучнага інтэлекту Беларусі; В.В. Галянкоў – старшыня беларускага аддзялення Расійскай асацыяцыі штучнага інтэлекту).

У выніку праведзеных мерапрыемстваў вызначаны чарговыя этапы сумесных даследчых работ, накіраваных на стварэнне алгарытмаў і сродкаў семантычнага аналізу (якія служаць для вызначэння сэнсу) масіваў мультымоўнай інфармацыі і праграмна-апаратных комплексаў іх рэалізацыі. Бакі суаднеслі параметры задзелу, які маецца па выкананых даследаваннях і іх апрабацыі, адзначылі ключавую значнасць навуковых распрацовак школы В.У. Мартынава, узгаднілі праект канцэпцыі навукова-практычнай праграмы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі “Інавацыя” па стварэнні прыкладнога інтэлектуальнага інструментарыю для аналізу бягучага стану розных галін навукі і тэхнікі, выяўлення і экспертнай ацэнкі стратэгічна значных тэндэнцый іх развіцця з мэтай выпрацоўкі аб’ектыўна абгрунтаваных прагнозных рэкамендацый па актуальных напрамках навукова-тэхнічнай дзейнасці. Удзельнікі праведзеных мерапрыемстваў падкрэслілі прынцыповую важнасць узаемадзеяння і супрацоўніцтва для дасягнення вызначаных мэт спецыялістаў розных навуковых галін – гуманітарных, фізіка-матэматычных і тэхнічных навук. Прынята рашэнне хадайнічаць об уключэнні сфармуляванай праграмы “Інавацыя” ў лік праграм Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама аб стварэнні ў краіне міждысцыплінарнага навуковага цэнтра, які будзе весці работу ў гэтым актуальным напрамку.