Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.01.2018

НАН Беларусі прысвоіла званне “Вучоны года НАН Беларусі – 2017”

Званне “Вучоны года НАН Беларусі -2017” прысвоена генеральнаму дырэктару Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання “Хімічны сінтэз і біятэхналогіі”, дырэктару ДНУ “Інстытут мікрабіялогіі” НАН Беларусі Эміліі Каламіец. Такое рашэнне прынята Бюро Прэзідыума НАН Беларусі.

Эмілія Іванаўна Каламіец - вядомы вучоны ў галіне мікрабіялогіі і біятэхналогіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. Менавіта яна сфарміравала і актыўна развівае айчынную навуковую школу па вывучэнню біягенезу біялагічна актыўных злучэнняў з антымікробным дзеяннем і стварэнню біялагічных сродкаў аховы раслін і жывёл. Важнымі вынікамі навуковай дзейнасці Эміліі Каламіец з’явіліся стварэнне калекцыі прамыслова каштоўных мікраарганізмаў, перспектыўных для распрацоўкі біяпестыцыдаў, біядэзінфектантаў, прабіётыкаў, кармавых дабавак; распрацоўка арыгінальных тэхналогій стварэння біяпрэпаратаў з фітаахоўнай, дэзынфікуючай, рост- і імунастымулюючай актыўнасцямі.

Каламіец Э.І. - буйны арганізатар навукі. Выступіла ініцыятарам і распрацоўшчыкам шэрагу праграм рэспубліканскага і міждзяржаўнага значэння ў сферы біятэхналогіі, з’яўляецца членам Савета Заснавальнікаў Еўразійскай тэхналагічнай платформы “ЕўразіяБія”, Савета Федэрацыі еўрапейскіх мікрабіялагічных таварыстваў, віцэ-прэзідэнтам Усходнепалеарктычнай рэгіянальнай секцыі Міжнароднай арганізацыі па біялагічным кантролі.

Ажыццяўляе навуковае кіраўніцтва падпраграмы “Мікробныя біятэхналогіі” ДПНД “Біятэхналогіі”, ДНТП “Прамысловыя бія- і нанатэхналогіі-2020”, падпраграмы 1 “Інавацыйныя біятэхналогіі-2020” ДП “Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка”. Пры непасрэдным удзеле Каламіец Э.І. распрацаваны Канцэпцыя развіцця фармацэўтычнай і біятэхналагічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гг. і на перыяд да 2020 г. і План развіцця біятэхналагічнай галіны на 2012-2015 гг. і на перыяд да 2020 г., ажыццяўляецца маніторынг іх рэалізацыі.

Па ініцыятыве Каламіец Э.І. на базе Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі створаны цэнтр аналітычных і генна-інжынерных даследаванняў; доследна-прамысловая вытворчасць мікробных прэпаратаў; лабараторна-эксперыментальны ўчастак па вылучэнні і ачыстцы лактаферыну; тэхналагічная лінія па вытворчасці ферментаў для біясінтэзу лекавых субстанцый і атрымання дыягностыкумаў; завяршаецца будаўніцтва навукова-вытворчага цэнтра біятэхналогій па выпуску сухіх форм біяпрэпаратаў з высокім экспартным патэнцыялам. Гэта забяспечыла комплекснасць даследаванняў і распрацовак, якія праводзяцца, дзякуючы чаму інстытут занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод навуковых арганізацый у 2006, 2015, 2016 гг., На Дошку гонару НАН Беларусі - па выніках дзейнасці ў 2012, 2015, 2016 гг.

Каламіец Э.І. – аўтар больш за 460 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, 357 артыкулаў, 22 патэнтаў на вынаходніцтвы. Усе выкананыя пад яе кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле навукова-тэхнічныя распрацоўкі паспяхова ўкаранёны ў вытворчасць і запатрабаваныя не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і за яе межамі.

З 2018 года конкурс “Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” будзе праводзіцца штогод. Яго мэта - выяўленне і заахвочванне найбольш эфектыўна працуючых вучоных НАН Беларусі, азнаямленне навуковай грамадскасці з найбольш значнымі дасягненнямі вучоных, умацаванне іміджу НАН Беларусі. Мяркуецца, што гэты конкурс будзе стымуляваць творчую актыўнасць, спрыяць павышэнню прэстыжу навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці, выніковасці навуковай працы і інавацыйнай дзейнасці, развіццю навуковых школ, якія дзейнічаюць у НАН Беларусі.

Званне “Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” будзе прысуджацца штогод напярэдадні Дня беларускай навукі.