Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.01.2018

Напярэдадні Дня беларускай навукі ўведзены ў эксплуатацыю тры новыя аб’екты Беларускай антарктычнай станцыі

Ад імя ўдзельнікаў 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі начальнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў даслаў віншаванне калектыву НАН Беларусі і ўсім работнікам навуковай сферы Рэспублікі Беларусь.

Работнікам навуковай сферы Рэспублікі Беларусь

Паважаныя калегі, дарагія сябры!

Каманда 10 Беларускай антарктычнай экспедыцыі віншуе ўсіх работнікаў навуковай сферы Рэспублікі Беларусь з прафесійным святам - Днём беларускай навукі!

У 2017 годзе, Годзе навукі, праведзены II З’езд вучоных Беларусі. Гэтая знамянальная для нашай краіны падзея вызначыла прыярытэтныя задачы беларускай навукі на бліжэйшыя гады і на перспектыву, надала новы імпульс для яе далейшага дынамічнага развіцця на карысць і працвітанне Рэспублікі Беларусь.

Для каманды 10 Беларускай антарктычнай экспедыцыі Год навукі ў Антарктыдзе працягваецца – у снежні 2017-студзені 2018 гг. супрацоўнікі 10 Беларускай антарктычнай экспедыцыі ў найскладанейшых кліматычных і прыродных умовах правялі мантажныя і пуска-наладачныя работы па далейшым развіцці беларускай палярнай інфраструктуры, паспяхова рэалізуюцца значныя навуковыя праграмы і праекты, чым забяспечваецца добры зачын для ўмацавання матэрыяльнай і навуковай базы беларускіх даследаванняў у Антарктыцы.

25 студзеня 2018 г., напярэдадні Дня беларускай навукі, уведзены ў эксплуатацыю тры новыя аб’екты нацыянальнай даследчай станцыі, а чарговым супрацоўнікам БАЭ перададзены сімвалічныя ключы ад сучасных навуковых лабараторый, службовых і жылых памяшканняў.

Рэспубліцы Беларусь, калектыву Нацыянальнай акадэміі навук, усім беларускім вучоным і інжынерным спецыялістам ёсць чым ганарыцца – стварэнне Беларускай антарктычнай станцыі, без перабольшання, можна лічыць значным і паспяховым нацыянальным праектам, які не саступае па навізне навукова-тэхнічных рашэнняў і умовах рэалізацыі праектам па стварэнні арбітальных навуковых станцый. Пры яе праектаванні і будаўніцтве знайшлі практычнае ўвасабленне перадавыя айчынныя навуковыя ідэі і смелыя інжынерныя рашэнні і ствараецца яна рукамі беларусаў!

Паважаныя калегі, дарагія сябры! Жадаем Вам моцнага палярнага здароўя, дабрабыту, плённай працы, увасаблення ў жыццё новых навуковых ідэй і адкрыццяў у інтарэсах нашай краіны і сусветнага навуковага прагрэсу!

У гонар прафесійнага свята - Дня беларускай навукі на флагштоках беларускай даследчай станцыі ў Антарктыдзе ўзняты дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і сцяг Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.

Начальнік БАЭ Аляксей Гайдашоў
Інжынер-механік БАЭ Аляксей Захватаў
Інжынер-радыеметрыст БАЭ Максім Гарбацэвіч
Урач-хірург БАЭ Дзмітрый Каўка
Інжынер-геафізік БАЭ Павел Шаблыка
Механік БАЭ Артур Івашка
Рабочы БАЭ Уладзімір Несцяровіч